Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня сябры Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў прынялі рашэньне пашырыць колькасьць апазыцыйных акцыяў "Вясны 2000" да васьмі. Раней было абвешчана пра тры буйнейшыя апазыцыйныя акцыі.

Вынікам сёньняшняга трохгадзіннага паседжаньня Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў у штаб-кватэры "Народнае Грамады" стала заява пра тое, што колькасьць апазыцыйных акцыяў увесну будзе пашыраная да васьмі. Ланцуг апазыцыйных акцыяў пад агульнай назваю "Вясна 2000" распачне Марш Свабоды 15 сакавіка. 25 сакавіка адбудзецца сьвяткаваньне Дня Волі з нагоды чарговых угодкаў БНР. 26 красавіка – Чарнобыльскі Шлях.

Сёньня сябры Каардынацыйнае рады вырашылі, што да пералічаных акцыяў дададуцца: 31 студзеня акцыя прадпрымальнікаў, 2 красавіка – антыінтэграцыйная акцыя; у траўні пройдзе сацыяльная акцыя пад лёзунгамі супроць зьбядненьня жыхароў з удзелам прафэсійных зьвязаў; 14 траўня – акцыя на ўгодкі рэфэрэндуму; 1 траўня – традыцыйная акцыя салідарнасьці сацыял-дэмакратаў.

У паседжаньні Каардынацыйнае рады бралі ўдзел палітыкі гэтак званае "новае хвалі" – Зьміцер Бандарэнка ад "Хартыі 97", Віктар Івашкевіч ад Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, Мікола Статкевіч ад "Народнае Грамады", а таксама ад Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Вячаслаў Сіўчык і Вінцук Вячорка, які старшыняваў на паседжаньні.

Паводле словаў спадара Вячоркі, стаўленьне сябраў Каардынацыйнае рады да маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў засталося ранейшым – калі выбары будуць абвешчаныя згодна з выбарчым кодэксам, зацьверджаным "палатамі", то апазыцыя будзе лічыць іх фарсам і браць удзел у выбарах ня будзе.

Удзельнікам сёньняшняе нарады давялося сутыкнуцца зь нечаканым пытаньнем – недзяржаўныя арганізацыі трэцяга сэктару пачалі спаборнічаць за права ставараць структуры назіраньня за выбарамі. Нефармальным ініцыятарам гэтага працэсу выступае кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік.

Як заявіў Мікола Статкевіч, удзельнікі Каардынайнае рады накіруюць ліст спадару Віку, у якім нагадаюць пазыцыю адносна ўдзелу гэтых партыяў у парлямэнцкіх выбарах і паведамяць пра заўчаснасьць стварэньня назіральных структураў дзеля выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG