Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Сёньня Генадзь Селязьнёў ізноў абраны старшынём Дзяржаўнае Думы Расеі. Ён набраў неабходную большасьць галасоў пры безальтэрнатыўным галасаваньні. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Генадзь Селязьнёў узначальваў ніжнюю палату расейскае Дзярждумы папярэдняга скліканьня. Сёлета ён прэтэндаваў на пасаду губэрнатара маскоўскае вобласьці, але прайграў выбары. У абраньні Селязьнёва аб'ядналіся ня толькі камуністы ды іхныя саюзьнікі, але і прадстаўнікі партыі ўлады – так званы "Мядзьведзь". Расейскія выбаршчыкі, якія падтрымалі аморфны блёк Шойгу-Гурава-Карэліна, за якімі стаяла постаць Пуціна – атрымалі першы сюрпрыз: іхныя абраньнікі галасуюць разам з камуністамі.

Але абдурваюць толькі тых, хто хоча быць абдураным. Сюрпрыз насамрэч невялікі – Крамлю патрабуецца паслухмяны парлямэнт і, верагодна, у абмен на пасаду спікера ўдзельнікі пагадненьня атрымаюць пасады кіраўнікоў важных думскіх камітэтаў.

Абраньне Селязьнёва будзе вітаць афіцыйны Менск – і на гэта ёсьць прычыны. Сьпікер – удзельнік лістападаўскага 1996 году перавароту ў Беларусі, актыўны інтэгратар, заўсёдны саюзьнік прэзыдэнта Лукашэнкі, які страціў легітымнасьць, але ня страціў сяброў у Расеі.

Я меў магчымасьць назіраць паводзіны Селязьнёва на Парлямэнцкіх Асамблеях АБСЭ, калі разглядалася пытаньне Беларусі. Нягледзячы на пастанову АБСЭ, ён настойліва пратэставаў супраць удзелу ў сэсіях дэлегацыі Вярхоўнага Савету, агрэсіўна цягнуў у Парлямэнцкую Асамблею лукашэнкаўскага сьпікера Малафеева, а калі выступ беларускага дэлегата падаўся яму занадта крытычны, ён зьвяртаўся да прэзыдэнта Асамблеі з просьбай абараніць яго ад беларусаў.

Насамрэч абараняцца давядзецца беларусам ды ня толькі ім. Селязьнёў у якасьці сьпікера – знак працягу расейскай палітыкі інтэграцыі, падтрымкі існуючай беларускай улады, а таксама – марнасьці спадзяваньняў беларускай апазыцыі на ўзаемавыгадныя кантакты з расейскім палітычным алімпам. Патэнцыйныя саюзьнікі зь ліку фракцыі "Яблыка" і незалежных дэпутатаў занадта слабыя, каб абараніць нават свае інтарэсы, ня кажучы пра інтарэсы суседзяў. А так званыя прагматыкі-лібэралы, якія ў большасьці падтрымліваюць карную вайну ў Чачні, ўжо не адрозьніваюцца ад Селязьнёва ў пытаньнях вайны і міру і вонкавай палітыкі.

Верагодна, мы прысутнічаем пры пачатку кансалідацыі дзяржаўнасьці Расеі паводле аўтарытарнага ўзору, якая будзе суправаджацца ўсталяваньнем больш шчыльнага і бязьлітаснага кантролю над зонай расейскіх інтарэсаў – былымі савецкімі рэспублікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG