Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Выбары ў хаўрусны парлямэнт адбудуцца ў адпаведнасьці з нацыянальнымі заканадаўствамі Беларусі й Расеі, а не паводле адзінага закону.

Як адзначылі ў размове з карэспандэнтам "Радыё Свабода" сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Іван Ліхач і намесьнік старшыні камісіі дзяржаўнага будаўніцтва й мясцовага самакіраваньня "Палаты прадстаўнікоў" Мікалай Лазавік, выбарчыя заканадаўствы абедзьвюх краінаў настолькі адрозьніваюцца, што мэханічна спалучыць іх няма магчымасьці.

У Расеі дзейнічае зьмешаная выбарчая сыстэма – дэпутатаў выбіраюць не толькі па акругах, але й па партыйных сьпісах, чаго ў Беларусі няма. Таму ў адпаведнасьці з дамоўленасьцю кіраўніцтва абедзьвюх краін выбары ў хаўрусны парлямэнт будуць праводзіцца паводле нацыянальных заканадаўстваў.

Канкрэтнай даты выбараў пакуль няма: адпаведнае рашэньне павінна быць прынятае або Парлямэнцкім сходам, або Вышэйшай Радай Хаўрусу. Парлямэнцкі сход пакуль не працуе, бо не зьбіралася новая Дума. Так што тэрмін выбараў, хутчэй за ўсё, будзе ўдакладняцца пад час хуткай сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна.

Іван Ліхач лічыць, што Цэнтравыбаркам гатовы правесьці выбары ў любы вызначаны тэрмін, бо ў хуткім часе будзе прыняты ў другім чытаньні Выбарчы кодэкс. Нічога з выбарчага расейскага закону ў беларускі кодэкс не ўзята, паколькі, паводле словаў Ліхача, расейцы стварылі вельмі недасканалы й грувасткі закон, занадта дэталізаваўшы яго. Маўляў, прадугледзелі нават, дзе і як сядзець сябрам выбарчых камісіяў, што й каму трымаць у руках. У расейскім законе, на думку сакратара Цэнтравыбаркаму, вельмі шмат зачэпак, на падставе якіх можна сарваць выбары.

Ці маглі ў Беларусі пераняць у расейцаў прынцып фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў? Адказваючы на гэтае пытаньне, Ліхач заўважыў, што пэўныя зьмены ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Выбарчы кодэкс да другога чытаньня ўнесеныя. У прыватнасьці, цяпер камісіі будуць фармавацца не цалкам выканаўчымі камітэтамі, а з удзелам мясцовых Саветаў. Таксама ўнесенае палажэньне пра статус назіральнікаў.

У Палату прадстаўнікоў хаўруснага парлямэнту, згодна з дамоваю аб хаўруснай дзяржаве, ад Беларусі будзе абрана ўсяго 28 дэпутатаў (ад Расеі – 75). У палаце Хаўрусу парлямэнцкія дэпутацыі кожнай краіны складаюцца з 36 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG