Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

У сераду Рада Фэдэрацыі Расеі прызначыла тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў – 26 сакавіка. У бліжэйшыя дні вызначыцца кола прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Расеі. Паводле ўскосных чыньнікаў можна меркаваць, што афіцыйны Менск незадаволены першымі крокамі новага расейскага кіраўніцтва.

Рашэньнем Рады Фэдэрацыі дадзены старт прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі. Ужо цяпер амаль вызначылася кола кандыдатаў – гэта выконваючы абавязкі прэзыдэнта Пуцін; лідэр Лібэральна-дэмакратычнае партыі Жырыноўскі; кіраўнік "Яблока" Яўлінскі і старшыня Камуністычнае партыі Зюганаў.

Якімі будуць прэзыдэнцкія выбары – адказ на гэтае пытаньне ў значнай ступені залежыць ад таго, ці возьме ў іх ўдзел экс-прэм'ер Прымакоў. Калі яго сярод кандыдатаў ня будзе, то й барацьбы, фактычна, ня будзе: кандыдаты Жырыноўскі ды Яўлінскі публічна заявілі, што ўпэўненыя ў перамозе Пуціна ды ідуць на выбары пад спартовым лёзунгам: "Галоўнае – не перамога, а ўдзел".

Кіраўнік камуністаў – найлепшы спарынг-партнэр для дзейнай улады. Досьвед прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў 1996 годзе і ва Ўкраіне ў 1999-м яскрава паказаў, што на прэзыдэнцкіх выбарах камуністы не перамагаюць.

Удзел у перадвыбарчай барацьбе Прымакова зробіць яе вынік менш прадказальным. Прымакоў можа стаць адзіным кандыдатам ад левых, калі Зюганаў здыме сваю кандыдатуру. Пры першым варыянце посьпех Пуціна здаецца гарантаваным пры любых абставінах, пры другім – усё ж будзе залежаць ад таго, як пойдуць справы, якімі будуць стан эканомікі й сытуацыя ў Чачні.

Некалькі дзён таму, выступаючы ў телепраграме Беларускае тэлевізіі "Падзея", кіраўнік досьледнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка выказаў меркаваньне, што цяпер беларускае кіраўніцтва можа атрымаць пэўныя дывідэнды, гандлюючы сваёй падтрымкаю на прэзыдэнцкіх выбарах.

Улады, мяркуючы па ўсім, пачынаюць асьцярожна зрэалізоўваць гэтую прапанову, але атрымліваецца гэта пакуль даволі нязграбна. Да прыкладу, 5 студзеня паўнамоцны прадстаўнiк Беларусi пры статутных ворганах СНД Сяргей Посахаў заявіў, што першыя крокi абноўленага расейскага кiраўнiцтва выклiкаюць «насьцярожанасьць» датычна будучынi беларуска-расейскага хаўрусу. Паводле меркаваньняў Посахава, Пуцін сваімі першымі крокамі ўмацаваў пазыцыі Чубайса і першага віцэ-прем'ера Аксёненкі, за якімі, лічыць Посахаў, стаіць Беразоўскі.

Прадстаўнік Беларусі ў СНД таксама выказаў сваю незадаволенасьць тым, што гамуецца працэс фармаваньня ворганаў ўлады хаўруснае дзяржавы.

Аглядальнік «Народнай газеты» Ігар Грышан лічыць, што абраньне Пуціна прэзыдэнтам будзе залежаць ад ягонай пазыцыі ў адносінах да Беларусі, да стварэньня хаўруснае дзяржавы.

Грышан адзначае, што калі Пуцін пойдзе на больш шчыльны кантакт з Чубайсам і Кірыенкам, можа ўзьнікнуць жорсткая прапанова аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расеі. Аглядальнік «Народнай газеты» піша, што гэта непрымальна ані для кіраўніцтва Беларусі, ані для бальшыні насельніцтва, але можа быць падтрымана пад час выбараў расейскім электаратам.

Зразумела, меркаваньні ані спадара Посахава, ані спадара Грышана нельга лічыць афіцайнай пазыцыяй. Але іхныя выказваньні сьведчаць хутчэй пра разгубленасьць і страх уладаў, пра іхную няздольнасьць зразумець зьмены сытуацыі, чым пра нейкую разумную спробу скарыстаць сытуацыю ў суседняй дзяржаве.

Здаецца, беларускія афіцыйныя прадстаўнікі й прапагандысты засталіся ў ельцынскай эры: дзе трэба было бэсьціць «ворага інтэграцыі» Чубайса, абвінавачваць Расею ў тым, што яна ня хоча аб'ядноўвацца паводле сцэнараў Лукашэнкі, а таксама беспакарана й даволі эфэктыўна загульваць з камуністамі. Ды няма ўжо тых камуністаў, якія панавалі ў мінулай Думе, пляскалі ў далоні беларускаму інгэгратару, і якім можна было скардізіцца на прэзыдэнта Ельцына, які «разваліў вялікую краіну». І Ельцына ўжо няма. І ня тая расстаноўка сілаў у Расеі, у якой аб'яднаньне зь Беларусьсю было чароўным ключыкам да палітычнае перамогі.

Праўда, нейкае ўсьведамленьне реальнасьці ўсё ж надыходзіць. Той жа Ігар Грышан заўважае, што Расея, якую Лукашэнка ўвесь час абвінавачвае ў негатовасьці да інтэграцыі, можа раптам стаць такой гатовай, што мала, як кажуць, нікому не падасца.

Цікавая акалічнасьць. Беларускія ўлады, акрамя Расеі, анічога больш у сьвеце ня бачаць. Але нават на гэты аб'ект сваіх памкненьняў яны глядзяць праз ідэялягічныя акуляры і разумеюць сапраўдны стан справаў там вельмі слаба.

Нагадаем: 1995 год – выбары ў Дзяржаўную думу, Лукашэнка ставіць на «Конгресс руских общин» – Кангрэс правальваецца. 1996 год – афіцыйны Менск разьлічвае, што прэзыдэнтам Расеі будзе Зюганаў – Расея абірае Ельцына. Апошнія думскія выбары – беларуская кіраўніцтва разьлічвае на посьпех «настаўніка» Прымакова й «сябра» Лужкова – вынік вядомы. 17 сьнежня мінулага году Лукашэнка заяўляе, што «пра прэзыдэнцкія амбіцыі Пуціна казаць рана». Праходзіць 2 тыдні і высьвятляецца, што казаць пра гэтыя амбіцыі ўжо ў пэўным сэнсе запозна: Пуцін – амаль прэзыдэнт.

Падаецца, што беларускі фактар у расейскай палітыцы, сапраўды, дзейнічае, але вельмі дзіўным чынам: каму беларускі кіраўнік аддае перавагу – той абявязкова правальваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG