Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Ніякай афіцыйнай сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ізраілю Вэйцманам не было. Учорашні выпуск праграмы "Панарама" Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня паведаміў пра перамовы ў Ерузаліме паміж Эзэрам Вэйцманам і Аляксандрам Лукашэнкам. "На думку Лукашэнкі, – цытуем, – перамовы былі вельмі плённымі і закранулі ўвесь спэктар беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва". Якія ж гэта на самай справе былі перамовы? І ў якасьці каго прымаюць Лукашэнку ў Ізраілі?

У "Панараме" таксама цытаваліся словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што "ягоны візыт у Ізраіль – гэта пачатак новага дыялёгу на вышэйшым узроўні. Калі раней і былі нейкія непаразуменьні, нявызначанасьць ва ўзаемадносінах, дык нашая сустрэча з Эзэрам Вэйцманам гэта зьняла," – адзначыў Лукашэнка.

У чалавека, які хаця б крыху арыентуецца ў ізраільскіх палітычных рэаліях, падобная заява кіраўніка беларускай дэлегацыі выклікае, як мінімум, зьдзіўленьне, калі не сказаць абурэньне. Пасада ізраільскага прэзыдэнта мае выключна рэпрэзэнтатыўную функцыю. У палітыцы дзяржавы ён нічога не вырашае, ня мае ніякіх паўнамоцтваў выступаць у якасьці кіраўніка краіны. Да таго ж, сытуацыя самога Вэйцмана вельмі складаная, і амаль усе ў Ізраілі гавораць пра ягоную магчымую хуткую адстаўку.

Ці можна ў гэткай сытуацыі гаварыць пра вышэйшы ўзровень перамоваў, якія правёў Лукашэнка ў Ізраілі?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я зноў пазваніў у Ерузалім адказнаму рэдактару самай шматтыражнай і ўплывовай ізраільскай расейскамоўнай газэты "Вести" Ігару Рубінштэйну, які пільна сочыць за ўсімі аспэктамі візыту Лукашэнкі, і камэнтар якога зьявіўся на старонках сёньняшняга нумару "Вестей". Вось ягоная думка на тэму заявы Лукашэнкі беларускай "Панараме":

(Рубінштэйн: ) "Мне здаецца, што вышэйшы ўзровень прадугледжвае сустрэчу паміж кіраўнікамі дзяржаваў не намінальнымі, а канстытуцыйнымі. І ў гэтым сэнсе Вэйцман напэўна не вышэйшы ўзровень. Яго абіраў кнэсэт, а ізраільскага прэм'ера Эхуда Барака абіраў народ. Вэйцман ніколі не казаў пра сябе, што ён – вышэйшы ўзровень. Таму што ў ізраільскага прэзыдэнта вельмі сьціплыя паўнамоцтвы. Ён адкрывае цырымоніі, прымае граматы ад замежных амбасадараў".

Але вернемся да цьведжаньняў дзяржаўнага беларускага тэлебачаньня. Ці сапраўды былі асобныя перамовы паміж Лукашэнкам і Вэйцманам? Каб даведацца праўду, я зьвярнуўся да аднаго з тых ізраільскіх палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай сустрэчы, – да лідэра партыі "Дэмакратычны выбар", дэпутата ізраільскага парлямэнту (кнэсэту) Рамана Бронфмана. Вось, што ён мне заявіў:

(Бронфман: ) "Напярэдадні ўрачыстага прыёму адбылася сустрэча для кіраўнікоў сямі праваслаўных краінаў, у тым ліку, і для Лукашэнкі. Не было асобных размоваў зь ніводным з прэзыдэнтаў. Але напярэдадні ўрачыстай вячэры адбылася паўгадзінная размова паміж прэзыдэнтам Вэйцманам і ягонай жонкаю і прэзыдэнтамі сямі дзяржаваў, якія прыбылі ў Ізраіль на рэлігійныя сьвяты. Прыватнай размовы паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Вэйцманам не было".

Як бачым, непасрэдныя двухбаковыя перамовы паміж Лукашэнкам і ізраільскім прэзыдэнтам – усяго толькі містыфікацыя… Містыфікацыя, аўтарам якой зьяўляецца сам Лукашэнка, і, зь ягонай падачы, – дзяржаўныя беларускія сродкі масавай інфармацыі.

Як тут не прыгадаць "міфічныя" перамовы паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам ЗША Клінтанам падчас нядаўняга саміту АБСЭ ў Стамбуле, пра якія таксама так красамоўна распавядалі беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Дарэчы, у размове са мной дэпутат кнэсэту Раман Бронфман, які ўдзельнічаў у прэзыдэнцкім прыёме, прыгадаў, што падчас урачыстай вячэры Лукашэнка сядзеў за сталам не з прэзыдэнтам Ізраілю, а з жонкай прэзыдэнта.

Падчас майго кароткага інтэрвію з лідэрам ізраільскай партыі "Дэмакратычны выбар" я таксама папрасіў спадара Бронфмана пракамэнтаваць пазыцыю Ізраілю, які прыймае ў прэзыдэнцкім палацы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў чалавека, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы якога скончыліся больш за паўгады таму. Гаворыць дэпутат кнэсэту Раман Бронфман:

(Бронфман: ) "Я ведаю пра крытыку міжнародным грамадзтвам рэжыму, які існуе ў Беларусі, але Ізраіль ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў. Я яшчэ раз паўтараю, што Лукашэнка разам з кіраўнікамі іншых дзяржаваў – Грэцыі, Малдавіі, Румыніі, Расеі, Украіны, Грузыі – ўдзельнічаў ва ўрачыстых мерапрыемствах, зьвязаных з 2000-годзьдзем Раства Хрыстовага. Гэта было праваслаўнае рэлігійнае сьвята. І прэзыдэнт краіны Эзэр Вэйцман, міністры ізраільскага ўраду, дэпутаты кнэсэту, такія як я, бралі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі. Я думаю, што гэта мінімальная даніна ветлівасьці людзям, якія пажадалі прыехаць на сьвята ў Ерузалім".

Прыём для кіраўнікоў праваслаўных краінаў у ізраільскага прэзыдэнта адбыўся як бы ў ценю ўнутраізраільскага палітычнага жыцьця. Пазыцыі Эзэра Вэйцмана сеньня вельмі хісткія. Супроць яго ідзе судовае расьсьледаваньне. Вось, што гаворыць на гэтую тэму журналіст ізраільскай газэты "Вести" Ігар Рубінштейн.

(Рубінштэйн: ) "Дзяржаўная пракуратура і юрыдычныя дарадцы прэм'ер-міністра вырашылі пачаць крымінальнае расьсьледаваньне ў справе фактаў, выкрытых адным з журналістаў. Калісьці Эзэр Вэйцман быў актыўным палітыкам, і ад 1984 па 1986 год ён атрымаў ад свайго сябры з Францыі 6,5 млн. даляраў і асабіста карыстаўся гэтымі сродкамі, ў тым ліку ў пэрыяд, калі ён быў прэзыдэнтам краіны. І хаця прэзыдэнцкая пасада ў Ізраілі намінальная, гэта –крымінальная справа. Ніхто ня ведае: ці вінаваты Вэйцман, ці – не. Пра гэта можна будзе меркаваць толькі пасьля заканчэньне следзтва.
Але ўжо цяпер, паводле вынікаў апытаньня грамадскй думкі, 74% насельніцтва Ізраілю патрабуюць ад Вэйцмана адстаўкі сёньня. І толькі 19% лічаць, што ён можа заставацца на пасадзе прэзыдэнта Ізраілю".

Праграма прыватнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ізраіль вельмі насычаная. І, нягледзячы на выразную актыўнасць беларускай дыпляматыі ў Ізраілі, ня ўсюды яго прымаюць на высокім узроўні. Вось як гэта адбылося ў сьвятым для ізраільцянаў месцы – Інстытуце нацыянальнай памяці "Яд Вашэм". Інстытут гэты створаны амаль 40 год таму дзеля ўшанаваньня памяці 6 млн. габрэяў –ахвяраў гітлераўскага генацыду. Пра візыт Лукашэнкі туды расказвае загадчыца аддзелу міжнародных зносінаў "Яд Вашэм" Ірыс Розэнбэрг:

(Розэнбэрг: ) "Ён прыехаў паглядзець гістарычны музэй у "Яд Вашэме". Ён атрымаў гіда, але дырэктар "Яд Вашэма" доктар Шалеў не сустрэўся з ім. Гід быў расейскамоўны. Пазьней ён накіраваўся ў залю памяці. Гэта – сьвятое месца, дзе адбываюцца жалобныя цырымоніі і там ён усклаў вянок".

Была падчас учорашняга дня прыватнага візыту Лукашэнкі ў Ізраіль і падзея, якую некаторыя ізраільскія палітыкі называюць пасьпяховай. Гэта сустрэча з ізраільскімі бізнэсоўцамі ў мэрыі гораду Ашдод. Сярод ізраільскіх палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў ёй, быў і член парлямэнту ад партыі "Ізраіль баэйну" (Ізраіль – наш дом) Ізраэль Коэн.

Вось, што ён расказаў мне пра свае ўражаньні ад сустрэчы:

(Коэн: ) "Мы тут у Ізраілі ня ў стане прасачыць за працэсам падаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. Тыя людзі, якіх мы сустрэлі на ўчорашняй сустрэчы, былі вельмі прыемныя. Яны выказвалі добрыя думкі, асабліва ў галіне бізнэсу. Яны зацікаўленыя ў паляпшэньні адносінаў паміж нашымі краінамі. Учора ў Ашдодзе на сустрэчы прысутнічала некалькі дзясяткаў ізраільскіх бізнэсмэнаў, якія прыйшлі паслухаць беларускага міністра прамысловасьці. І ізраільцяне атрымалі добрыя адказы ў справе магчымасьцяў бізнэсовай актыўнасьці паміж Ізраілем і Беларусьсю ў галіне экспарту-імпарту".

Прыгадаю, што на сустрэчы ў Ашдодзе былі пераважна тыя бізнэсоўцы, якія толькі шукаюць магчымасьцяў бізнэсу ў Беларусі. Тыя ж, хто паспрабаваў што гэта такое – прадрыймальніцкая дзейнасць у варунках сёньняшняй беларускай гаспадаркі, даўно пазбавіліся ілюзіяў аб магчымасьці ўзаемавыгаднага і карыснага супрацоўніцтва з Беларусьсю ва ўмовах луканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG