Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора праваабарончая арганізацыя "Ereedom House" апублікавала сваю чарговую справаздачу пад назвай "Свабода ў сьвеце: 98-99 гады". Агляд палітычных і грамадзянскіх правоў быў праведзены ў 191 краіне, а таксама ў 61 спрэчным рэгіёне сьвету. Усе яны былі склясыфікаваныя паводле трох катэгорыяў: свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя. Беларусь залічаная ў апошнюю катэгорыю несвабодных краінаў.

На шасьцістах старонках гадавой справаздачы зьмясьцілася інфармацыя ад актывістаў "Ereedom House" а таксама ад правабарончых арганізацыяў, рэгіянальных экспэртаў, журналістаў і палітыкаў. Тры старонкі дакумэнту прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі.

Згодна дакумэнту, 85 краінаў сьвету, ў якіх жывуць 44 % насельніцтва – "свабодныя", і жыхары гэтых краінаў шырока карыстаюцца палітычнымі і грамадзянскімі правамі. Дэмакратыя і свабода дамінуюць ва ўсіх краінах заходняй Эўропы і абедзьвюх Амэрык за выключэньнем Кубы.

Паводле слоў прэзыдэнта "Ereedom House" Адрыяна Каратніцкага, зараз "тры пятыя насельніцтва плянэты жывуць ў краінах з дэмакратычна абранымі ўрадамі".

"Часткова свабоднымі" прызнаныя 55 краінаў сьвету з 31% насельніцтва. Затое 48 краінаў, ў якіх жыве чвэрць насельніцтва плянэты, "Ereedom House" называе "несвабоднымі", прычым палова іх – гэта кітайцы.

У гэтай катэгорыі найгоршая сытуацыя ў краінах з камуністычнымі рэжымамі: Паўночнай Карэі, на Кубе і ў Віетнаме. "Найгоршыя з найгоршых", паводле справаздачы, таксама: Афганістан, Бірма, Гвінэя, Ірак, Лівія, Саўдаўская Аравія, Судан, Сырыя, Туркмэністан, Чачня і Тыбэт.

Варта адзначыць, што, паводле справаздачы "Ereedom House", зь ліку 27 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы 12 – свабодныя, 7 – часткова свабодныя, і 5 краінаў – несвабодныя.

Адрыян Каратніцкі ў прыватнасьці адзначыў:

(Каратніцкі: ) "У былым Савецкім Саюзе зь ліку 15 былых савецкіх рэспублік (за выключэньнем балтыйскіх дзяржаваў, якія пазьней былі далучаныя да савецкай сыстэмы), ніводная з астаніх 12-ці не дасягнула належнага ўзроўню палітычных і грамадзянскіх правоў, каб можна было назваць іх " свабоднымі".

У дакумэнце зьвяртаецца таксама ўвага на актуальныя тэндэнцыі ў галіне асноўных свабодаў. Зь яго вынікае, што ў 26-ці краінах сьвету сытуацыя ў гэтай галіне палепшылася. Найперш гэта – Інданэзія, Паўночная Ірляндыя, Іран і арабскія манархіі. Затое ў 18-ці краінах сытуацыя пагоршылася, ў прыватнасьці ў Чачні, Пакістане і Вэнэзуэлі.

Зразумела, для нас найбольш цікава, як ацэньваецца сытуацыя ў Беларусі. У сэнсе сыстэмы кіраваньня "Ereedom House" называе дзяржаўны лад у Беларусі "прэзыдэнцкай дыктатурай". У справаздачы гаворыцца, што "грамадзяне Беларусі ня могуць зьмяніць кіраўніцтва краіны дэмакратычным шляхам, і Лукашэнка дэ-факта ўвёў прэзыдэнцкае кіраваньне.

У 98-м годзе ўрад увёў дадатковыя абмежаваньні свабоды друку і слова. У прыватнасьці абмежаваньні тычацца доступу да афіцыйных прадстаўнікоў і дакумэнтаў. У Беларусі турэмнае зьняволеньне пагражае чалавеку за абразу прэзыдэнта. Публічныя сходы і дэманстрацыі патрабуюць дазволу ўладаў. Некалькі несанкцыянаваных дэманстрацыяў былі разагнаныя міліцыяй, а іхныя ўдзельнікі затрыманыя.

Дыскрымінацыйная падаткавая палітыка ўладаў ў дачыненьні да няўрадавых арганізацыяў прымусіла некаторыя міжнародныя, дабрачынныя структуры спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі.

У Беларусі, – гаворыцца ў справаздачы "Ereedom House", – юрыдычная сыстэма падпарадкаваная палітычнаму кіраўніцтву краіны. Прэзыдэнт прызначае старшыню і 5-ёх сяброў Канстытуцыйнага суду, астатніх 6-ёх – лукашэнкаўская Рада Рэспублікі і абласныя саветы. Крымінальны Кодэкс строга рэглямэнтуе карэктную палітычную дзейнасьць. Службы бясьпекі сыстэматычна без дазволу пракурора ўрываюцца ў прыватная дамы, праслухоўваюць тэлефонныя гутаркі і адвольна праводзяць вобыскі.

Не зважаючы на факт, што амаль 80% насельніцтва краіны – беларусы, сыстэма навучаньня на беларускай мове амаль поўнасьцю ліквідаваная. У верасьні мінулага году каля двухсот бацькоў пратэставалі супраць навучаньня іхных дзяцей на расейскай мове.

Што тычыцца рэлігійных свабодаў, дык яны гарантаваныя законам і ў асноўным выконваюцца. Тым ня менш каталікі і габрэі неаднойчы скардзяцца, што ўрад ня хоча ім вяртаць царкоўную маёмасьць.

"Ereedom House" таксама адзначае, што ў Беларусі без афіцыйнага дазволу і прапіскі нельга зьмяніць месца жыхарства. Штопраўда, Канстытуцыя гарантуе маёмасныя правы, аднак на практыцы не існуе права на зямлю.

Варта адзначыць, што ў справаздачы "Ereedom House" палітычныя і грамадзянскія правы, гэтак як і ва ўсіх астатніх краінах, былі ацэненыя паводле шкалы ад 1 да 7 балаў, ад найлепшай да найгоршай. Беларусь і ў адным і другім выпадку атрымала
перадапошнюю, 6-ю адзнаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG