Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

У сераду вечарам расейскае войска ў Чачні, праўдападобна, пацярпела самую адчувальную паразу ад пачатку апошняй вайны. Больш за сто расейскіх жаўнераў забіта. Зьнішчаная бронетанкавая калёна, якая накіроўвалася ў цэнтар Грознага.

Карэспандэнт агэнцтва "Associated Press", які быў на месцы бою некалькі гадзінаў пасьля яго заканчэньня, асабіста налічыў 115 трупаў расейскіх жаўнераў, 7 спаленых танкаў і 8 бронетранспартэраў у раёне плошчы Мінутка, якая знаходзіцца недалёк ад цэнтру Грознага.

Бальшыня целаў расейскіх жаўнераў была моцна апаленая і ідэнтыфікацыя іх амаль немагчымая. Чачэнскія жаўнеры арганізавалі на полі бою своеасаблівы фэйервэрк, страляючы ў паветра з аўтаматычнай зброі ад радасьці.

Расейскае ваеннае камандваньне, нягледзячы на відавочныя факты, запярэчвае інфармацыі заходніх агенцтваў. Гэнерал Валеры Манілаў, першы намесьнік кіраўніка Гэнеральнага штабу расейскай арміі, назваў паведамленьне аб расейскай паразе дэзінфармацыяй. Ён абвінаваціў заходнія сродкі масавай інфармацыі ў садзеяньні "бандытам і тэрарыстам".

Сам міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў заявіў, што паведамленьне аб бою ў раёне плошчы Мінутка – хлусня і дэзінфармацыя. Паводле ягоных словаў, ніводзін з расейскіх танкаў ці бронетранспартэраў не ўваходзіў у Грозны.

Прэсавы сакратар расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі, нават, абвінаваціў заходніх карэспандэнтаў у Грозным, што яны знаходзяцца на паслугах і атрымліваюць грошы ад заходніх разьведак.

У адказ на гэтыя абвінавачаньні Марк Вуд, шэф-рэдактар агэнцтва "Reuters", карэспандэнт якога таксама перадаў рэпартаж зь месца бою, заявіў, што ў яго няма абсалютна ніякіх падставаў не давяраць сваім супрацоўнікам. Ён падкрэсліў, што спэцыяльны карэспандэнт ягонага агенцтва, расейская грамадзянка Марыя Эйсмонт, карыстаецца ягоным даверам, і яе рэпартаж – цалкам верагодная крыніца інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG