(эфір 6 сьнежня)
Сёньня Вярхоўны суд падтрымаў рашэньне Міністэрства юстыцыі адмовіць у перарэгістрацыі Беларускай незалежнай асацыяцыі прафэсійных зьвязаў прамысловасьці. Апошняе паседжаньне Вярхоўнага суду ў справе скаргі асацыяцыі прафэсійных зьвязаў на дзеяньні Міністэрства юстыцыі пачалося з заключных спрэчак бакоў. Прадстаўнік міністэрства Алена Караткова паўтарыла аргумэнты, што, паводле ейных словаў, сталіся прычынаю дзеля адмовы міністэрства перарэгістраваць аб'яднанне прафэсійных зьвязаў, якое ўзначальваюць Аляксандар Бухвостаў і Генадзь Фядыніч. Асацыяцыя, – сказала яна, – зьбіраецца, паводле сваіх статутных дакумэнтаў, абараняць правы ўсіх працоўных Беларусі. На думку спадарыні Каратковай, гэта празьмерная ініцыятыва, паколькі, маўляў, ня ўсе працаўнікі захочуць такой абароны. Яшчэ адзін аргумэнт Міністэрства юстыцыі – намер Асацыяцыі заняцца прадпрыймальніцкай дзейнасьцю. Аднак у выступах Бухвостава й Фядыніча згаданыя аргумэнты былі названыя надуманымі. Прадстаўнікі Асацыяцыі назвалі дзеяньні Міністэрства юстыцыі ангажаванымі. На іхную думку, міністэрскае рашэньне зьявілася наступствам "закулісных" гульняў. Як прагучала на судовым паседжаньні, у першую чаргу ініцыятарам такіх гульняў магла быць Фэдэрацыя прафэсійных зьвязаў Уладзімера Ганчарыка. Бухвостава й Фядыніча зьдзівіла, напрыклад, што Фэдэрацыя і Асацыяцыя падавалі ў Міністэрства юстыцыі фактычна аднолькавыя дакумэнты, але вынікі міністэрскага рашэньня аказаліся рознымі. Вынік судовага разгляду прафзьвязовае скаргі стаўся зразумелым пасьля выступу прадстаўніка пракуратуры. Рашэньне Міністэрства юстыцыі было названае абгрунтаваным. Відавочна, што пасьля гэтага чакаць ад Вярхоўнага суду іншае пазіцыі не выпадала. Так і здарылася. Судзьдзя Ганна Сакалоўская абвясьціла: "Міністэрства юстыцыі не перарэгістравала Асацыяцыю прафэсійных зьвязаў без парушэньня існучага заканадаўства". Аляксандар Бухвостаў пракамэнтаваў такое рашэньне наступным чынам: (Бухвостаў: ) "Дзіўна, што суд паддаўся ціску. І пракурор таксама. Я мяркую, яны доўга шукалі, за што зачапіцца. І ўрэшце рэшт знайшлі аргумэнт, які не высоўвала нават Міністэрства юстыцыі. Прызналі, што праўленьне Асацыяцыі ня можа надаваць права юрыдычных асобаў сваім ніжэйстаячым структурам". Паводле словаў Аляксандра Бухвостава, на канчатковае рашэньне вышэйшае судовай інстанцыі паўплывала змова прафзьвязовых кансэрватараў і прадстаўнікоў улады. Незалежныя аналітыкі таксама схіляюцца да гэтай вэрсіі. Рэч у тым, што ў грамадзкіх колах "Асацыяцыю Бухвостава-Фядыніча" некаторыя разглядаюць як трэці ў краіне цэнтар прафэсійных зьвязаў – які нібыта ня патрэбен "Фэдэрацыі Ўладзімера Ганчарыка". Яшчэ меней такі прафцэнтар, на думку экспэртаў, патрэбен уладным структурам. А вось меркаваньне на гэты конт Аляксандра Бухвоства: (Бухвостаў: ) "Мы ані ў якім разе ня хочам драбленьня прафэсійных зьвязаў Беларусі. Наадварот, мы хочам іх умацаваньня. Калі прафэсійныя зьвязы моцныя, згуртаваныя, тады яны дасягаюць выніку. З другога боку, як ні парадаксальна, але Фэдэрацыя, маючы вялікую колькасьць галіновых прафэсійных зьвязаў, не зьяўляецца моцнай структураю. На нашую думку, яна мае патрэбу ў рэфармаваньні. Варта аб'яднаць прафэсійныя зьвязы, якія дзейнічаюць, да прыкладу, у машынабудаваньні. І тады моцныя зьвязы створаць моцную Фэдэрацыю. Нават паасобку кожная такая прафзьвязовая структура можа ажыцьцяўляць ціск на ўрад".