Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Напярэдадні падпісаньня ў Маскве хаўруснае дамовы Кааардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў прапанавала кіраўніцтву АБСЭ прыняць заяву, у якой гаварылася б пра непрызнаньне падпісаных Лукашэнкам інтэграцыйных дакумэнтаў. Гэтая ініцыятыва была вылучаная прадстаўнікамі Каардынацыйнае Рады ў часе сустрэчы з кіраўніком назіральна-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам.

Сёньняшняя 3-гадзінная сустрэча адбылася паводле ініцыятывы кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка і, як паведаміў нашаму радыё лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч, хаўрусная дамова стала асноўнай тэмаю размовы з прадстаўнікамі Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў.

Кіраўнікі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, а таксама Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў заявілі, што ва ўмовах, калі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі ставяцца пад сумнеў, а сама хаўрусная дамова не прайшла дэмакратычнай прэцэдуры абмеркаваньня, нельга лічыць, што заўтрашняе падпісаньне будзе мець юрыдычныя наступствы.

"Прызнаньне або непрызаньне заходнімі краінамі і заходнімі структурамі хаўруснае дамовы будзе мець выключнае значэньне", – заявіў Мікола Статкевіч. Ён ня выключыў, што прадстаўніцтва АБСЭ ў бліжэйшы час прыме адпаведную заяву, у якой выкажа сваё стаўленьне да працэдуры заключэньня хаўруснае дамовы. З гэтай ініцыятываю ў часе сустрэчы выступіў старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч.

Сам сп. Багданкевіч заявіў нам, што Ганс-Георг Вік паабяцаў данесьці гэтую ініцыятыву да кіраўнічых ворганаў АБСЭ. Сп. Багдакевіч таксама паведаміў, што ў часе сустрэчы спадаром Вікам былі зробленыя ясныя і зразумелыя заявы адносна зацікаўленасьці АБСЭ ў захаваньні сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі.

Паводле словаў Станіслава Багданкевіча, на гэтым тыдні будзе сабраная Кансультатыўная нарада палітычных партыяў-удзельніцаў перамоўнага працэсу, на якой таксама, як ён лічыць, будзе прынятая заява з асуджэньнем хаўруснае дамовы. Акцыі пратэсту апазыцыі пройдуць у беларускай сталіцы заўтра і 10 сьнежня.

Адстаўка памочніка Лукашэнкі Міхала Сазонава, які ўдзельнічаў у перамоўным працэсе як прадстаўнік улады, стала яшчэ адной тэмаю сёньняшняга абмеркаваньня.

Сп. Вік не хаваў свайго адмоўнага стаўленьня да адстаўкі, матывуючы гэта тым, што "цяпер невядома, што будзе з раней дасягнутымі дамоўленасьцямі".

Паводле словаў Багданкевіча, на гэтым тыдні Віку будзе прадстаўлены новы удзельнік перамоваў з боку Лукашэнкі, прозьвішча якога ўжо вядомае, аднак назваць яго Багданкевіч адмовіўся.

Як сказана ў прэсавым рэлізе, распаўсюджаным паводле вынікаў сустрэчы, "удзельнікі дамовіліся аб рэгулярных кантактах з мэтаю дасягненьня большага разуменьня пазыцыяў адзін аднаго".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG