Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Тэма беларуска-расейскага саюзу ў расейскім друку.

Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма сустракаўся сёньня з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Камэнтуючы для агенцтва Интерфакс прапанову ўтварыць саюз славянскіх дзяржаваў, Леанід Кучма заявіў: "Пра славянскі саюз можна гаварыць увогуле, але, па-мойму, немагчыма гаварыць пра дзяржаўнасьць на такой глебе. Я абсалютны прагматык, і сёньня з эканамічнага пункту гледжаньня гэта немагчыма зрабіць."

Былы прэмьер-міністар Расеі Сяргей Сцяпашын ў тыднёвіку "Московские новости" піша: "Як старшыні ўраду, мне давялося працаваць над эканамічнай праграмай, якая павінна легчы ў падмурак дамовы. Сутнасьць яе палягае ва ўіфікацыі заканадаўства. Сёньня тут шмат нестыковак, у першую чаргу, у падатковым і мытным кодэксах…

Сёньня праціўнікі аб'яднаньня шмат гавораць пра тое, што Расея нашмат больш грунтоўна ўвайшла ў рынак чым Беларусь. Але, на мой погляд, гэтыя праблемы цалкам можна пераадолець.

Што тычыцца ацэнкі дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, дык я скажу наступнае: калі большасьць беларусаў лічаць Лукашэнку сваім лідэрам, дык давайце паважаць іхную думку. Праўда, хацеў бы пажадаць Аялксандру Рыгоравічу правесьці нармальныя прэзыдэнцкія выбары. Тым больш, што іх вынік, як мне ўяўляецца , дастаткова прадказальны".

"Независимая газета" цытуе паведамленьне амбасады Беларусі ў Маскве з нагоды крытыкі беларуска-расейскага саюзу, з якой у тэлепраграме НТВ выступіў былі віцэ-прэм'ер Расеі Барыс Нямцоў.
Нямцоў заявіў, што падтрымлівае аб'яднаньне, але без прэзыдэнта Лукашэнкі, які пасьля 20 ліпеня страціў легітымнасьць. Беларуская амбасада заяўляе, што "адмаўленьне прэзыдэнцкай легітымнасьці можна разглядаць як спробу ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, як зьнявагу нацыянальнай годнасьці беларускага народу, які зрабіў свой канстытуцыйны выбар".

Часопіс "Век" піша: "Дамова пра ўтварэньне адзінай дзяржавы ўжо йснуе і будзе падпісаная. Сёньня ніводная з партыяў ці палітычных рухаў супраць падпісаньня расейска-беларускага дакумэнта не выступае". Выданьне прыводзіць словы гарачага прыхільніка стварэньня адзінай дзяржавы, кампазытара Ігара Лучанка, які, аднак, заявіў: "Беларуская мова – гэта мова Янкі Купалы. Было б няправільна, калі б мы яе забылі. Трэба думаць, як у адзінай дзяржаве захоўваць сваю самабытнасьць".

Часопіс "Континент" друкуе артыкул пад назовам "Трамплін на абрыўках спаленага расейскага сьцягу. Куды ён прывядзе беларускую апазыцыю?" Часопіс піша: "Пад час падзеяў 17 кастрычніка грамадзяне Беларусі пабачылі, што экстрэмісцкі настроенае крыло апазыцыі зрабіла стаўку на правакацыі, грамадзянскі тэрор і сілавы захоп улады. Яны цалкам ня супраць наклікаць на ўласную краіну эканамічныя санкцыі і паказальную порку тамагаўкамі паводле прыкладу натаўскага бамбаваньня Югаславіі".

Часопіс "Итоги" пад загалоўкам "Прэзыдэнт не дайшоў да ручкі" аналізуе ўплыў Анатолія Чубайса і розных палітычных сілаў Расеі на беларуска-расейскую інтэграцыю. "Традыцыйна за самы шчыльны саюз з Беларусяй выступае левая думская большасьць. Але больш на словах чым на справе. Канечне, Аляксандар Лукашэнка для расейскіх камуністаў – свой у дошку, яле яны выдатна разумеюць: калі беларускі бацька пачне пасьвіцца на нашым палітычным полі, ён вельмі хутка зжуе ўвесь чырвоны электарат. У сэнсе дэкляратыўнасьці Дамова аб утварэньні саюзнай дзяржавы мала чым адрозьніваецца ад усіх ранейшых дакумэнтаў. Тыя ж пустыя фармулёўкі і высакапарныя фразы. Але ніколі раней ні ў адным з падпісаных дакумэнтаў гаворка ня йшла пра ўтварэньнее саюзнай дзяржавы. Калі Чубайс мае намер зрабіць з Уладзімера Пуціна кіраўніка дзяржавы, ён ня можа не клапаціцца пра ягоную палітычную будучыню. Відаць Чубайс палічыў, што ад спадчыны ў выглядзе Аляксандра Лукашэнкі, нават з такім істотным давескам як Беларусь, лепш адмовіцца, бо ўжыцца на адной палітычнай сцэне зь беларускім прэзыдэнтам Чубайс ня патрапіць ніколі. А Пуціну гэтая дамовы пакуль непатрэбная".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG