Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 28 кастрычніка)
Сёньня ўрад краіны разглядаў стан справаў і пэрспэктывы айчыннае прамысловасьці. Беларускія ўлады ўстрывожаныя сытуацыяй на фабрыках і заводах.

Паводле словаў міністра эканомікі Ўладзімера Шымава, у 2000 годзе прамысловая вытворчасьць у Беларусі вырасьце на 2-3 адсоткі. У параўнаньні зь сёлетнім годам урадавыя экспэрты прагназуюць пагаршэньне эканамічных паказьнікаў. Зрэшты, з пагаршэньнем беларускае кіраўніцтва сутыкнулася ўжо зараз. І той факт, што краіна апынулася ў становішчы валютнага банкрута, мае да гэтага самае непасрэднае дачыненьне.

У разьвіцьці прамысловасьці Беларусі мае мейсца парадаксальная тэндэнцыя. Айчынныя фабрыкі й заводы ў цэлым нарошчваюць выпуск экспартнае прадукцыі. А вось валютная выручка за яе зьмяншаецца. Асабліва моцны спад экспартнае выручкі назіраецца ва ўзаемадачыненьнях з Расеяй. Гэта тлумачыцца тым, што на расейскім рынку беларускія аўтамабілі, халадзільнікі, адзеньне, газавыя пліты, іншыя вырабы карыстаюцца ўсё меншым попытам. Таму, каб толькі не працаваць на склад, беларускія вытворцы вымушаныя аддаваць свае тавары тамтэйшым спажыўцам за бясцэнак. Гэткія вынікі дзейнасьці айчыннае прамысловасьці выклікаюць відавочнае незадавальненьне Аляксандра Лукашэнкі, паколькі абвастраюць праблемы, зьвязаныя зь цяперашнімі закупкамі збожжа й разьлікамі за энэрганосьбіты.

Між тым, самі гаспадарнікі такія абвінавачваньні лічаць несправядлівымі. Пагаршэньне фінансавага становішча, на іхную думку, адбылося з прычыны неспрыяльнае нутрыэканамічнае палітыкі дзяржавы. Да прыкладу, "Газпрам" прадае Беларусі газ па 30 даляраў за тысячу кубамэтраў. Між тым, дзяржава вымушае прадпрыемствы купляць у яе газ ужо па 69 даляраў. Гэта ў чатыры разы болей за тарыфы для расейскіх прадпрыемстваў. Прыблізна ў столькі ж разоў паміж партнёрамі па інтэграцыі розьняцца й тарыфы на чыгункавыя перавозкі.

Зьніжэньне ў Расеі канкурэнтаздольнасці беларускае прадукцыі айчынныя прамыслоўцы тлумачаць і такім фактарам, як адсутнасьць рэформаў уласнасьці. Гаворыць дырэктар у эканамічных пытаньнях Беларускае навукова-прамысловай асацыяцыі Юрый Шманенка:

(Шманенка: ) "У нас формы ўласнасці ў прамысловасьці не адпавядаюць расейскім. Там фактычна ўсё прыватызавана. У нас жа, наадварот, пераважная бальшыня суб'ектаў гаспадараньня – дзяржаўныя. Нават у існуючых акцыянэрных таварыствах – дзяржаўная ўласнасць мае вялікую вагу. У Беларусі вельмі марудна ажыцьцяўляецца прыватызацыя. Калі раней з году ў год (тры-чатыры гады запар) былі праграмы прыватызацыі, то зараз і праграмаў такіх няма".

Цяперашняя фінансавая дэградацыя заводаў і фабрыкаў мае і сацыяльна-палітычны аспэкт. Яны ня ў стане забясьпечыць заробак, які б задавальняў рабочых. Як лічаць назіральнікі, толькі дзякуючы жорсткім адміністрацыйным парадкам уладам пакуль удаецца стрымліваць людзкое незадавальненьне і прадухіляць масавыя пратэсты на прадпрыемствах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG