(эфір 26 кастрычніка)
Сёньня ў Савецкім судзе Менску прадоўжыўся разгляд адміністрацыйных справаў, узбуджаных супраць удзельнікаў "Маршу Свабоды". Судзьдзя Аксана Рэлява разгледзела справу вартаўніка офісу сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Паўла Сідарэнкі. Вядома, што Павал Сідарэнка не браў удзелу ў "Маршы Свабоды". Ён увесь дзень 17 кастрычніка правёў у офісе. Гэта падцьвердзіла й затрыманая ў той жа вечар дэпутат расейскае Дзяржаўнае Думы Вольга Беклямішчава. Свае паказаньні яна даслала факсам ў Савецкі суд. Але, нягледзячы на гэта, суд вынес Паўлу Сідарэнку пакараньне ў выглядзе папярэджаньня. А 14-й гадзіне распачалося судовае паседжаньне пад старшынствам гэтай жа судзьдзі ў справе студэнта Аляксея Сучкова. Усе сьведкі падцьвердзілі, што гэты хлопец пад час акцыі апазыцыі быў дома. А сьведкі з боку міліцыі, супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС давалі блытаныя паказаньні. Судзьдзя адмовіла ў хадайніцтве Сучкова выкарыстаць апэратыўную відэастужку ды абвясьціла перапынак да заўтрашняга дню.