Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Падзеі мінулага ўік-энду ў Менску, калі марш пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі аб'яднаў на вуліцах гораду каля 20 тысяч чалавек, па ранейшым ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадскай думкі, сусьветных сродкаў масавай інфармацыі. Аб тым, як успрымаюць іх у Эўрапэйскім парляманце сёньня ў нашай праграме расказвае Элізабэт Шродтэр, дакладчык Эўрапарлямэнту ў беларускіх справах і віцэ-старшыня парлямэнцкае камісыі ў адносінах з Беларусьсю.

Элізабэт Шродтэр палітычная дзяячка, якая пільна сочыць за ўсім тым, што адбываецца ў Беларусі, і ня толькі сочыць, але й актыўна дзейнічае на карысць аднаўленьня дэмакратычнага працэсу. Вось і цяпер яна – зусім не пасыўны назіральнік за менскімі падзеямі.

Ці плянуе Элізабэт Шродтэр нейкія канкрэтныя дзеяньні на форуме Эўрапарлямэнту? Вось, што яна адказала на гэтае пытаньне па тэлефоне з Бруселю:

(Шродтэр: ) "Галоўным чынам мы абмяжоўваемся камэнтарамі ў прэсе. Пакуль што мы падкрэсьліваем, што вялікая колькасць людзей у Беларусі хоча вяртаньня дэмакратыі, што гэтых людзей з кожным днём больш і больш.

І яшчэ вельмі важна, што дэмакратычныя сілы больш не падзеленыя, што яны падчас апошняй акцыі выступілі разам.

Мне цяжка сказаць, хто выступіў правакатарам падчас нядаўніх пратэстаў, але я ўпэўненая, што гэта не былі лідары дэмакратычных сілаў. Але хачу папярэдзіць, што яны павінны быць вельмі асьцярожныя ў будучыні, калі іх паспрабуюць уцягнуць у правакацыю.

І яшчэ я хачу накіраваць беларускім дэмакратам наступнае пасланьне: яны павінны выступаць адзіным фронтам і яны павінны вельмі ўважліва пільнаваць справы недапушчэньня гвалту. Толькі тады яны здолеюць згуртаваць вакол сябе шмат людзей. Гэта – маё пасланьне апазыцыі".

А ці нядаўнія падзеі ў Менску сымбалізуюць сабой нейкі новы этап, новую старонку ў барацьбе беларускай дэмакратыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Магчыма гэта пералом у супрацьстаяньні ўладаў і апазыцыі?

Элізабэт Шродтэр адказвае:

(Шродтэр: ) "Першая частка дэманстрацыі была вельмі мірная, і так павінна было быць да канца. Але здарылася так, што адбыліся акты гвалту з уздзелам вяліай колькасьці людзей. Гэта не павінна паўтарыцца.

Дэмакратычныя сілы і прафсаюзы павінны зрабіць так, каб падобныя мірныя пратэсты былі пастаяннымі, але мірнымі. І гэта дасьць неабходную падтрымку апазыцыі, якая вядзе перамовы з уладамі пад эгідай Арганізацыі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе".

(Карэспандэнт: ) "Звычайна, і гэта вядома з гісторыі даволі добра, кожны аўтакратычны рэжым, калі ён становіцца занадта рэпрэсыўным, менавіта такім чынам бароніцца супраць крызысу ў самым сабе. Ці ня сьведчыць гэта аб ягонай агоніі? Ці не лічыце Вы, што менавіта падобнае разьвіцьцё падзеяў мы назіраем цяпер?"

(Шродтэр: ) "Я ня думаю, што гэта так, гэта ня так проста зрабіць. Падзеі мінулай нядзелі нарадзілі надзеі, але Лукашэнка мае вялікую падтрымку на вёсцы, і яго ня так проста перамагчы. Да перамогі дэмакратыі ў Беларусі яшчэ вельмі доўгая дарога.

Я думаю, што рэальнае дасягненьне – гэта перамоўны працэс паміж апазыцыяй і ўладамі пад эгідай АБСЕ. Гэта саступка Лукашэнкі, які вымушаны лічыцца з Канстытуцыяй".

(Карэспандэнт: ) "У Менску, як вы ведаеце, нядаўна распачаліся перамовы паміж апазыцыяй і прадстаўнікамі ўлады ў справе аднаўленьня дэмакратычнага працэсу. Гэтыя перамовы адбываліся пад апекай місіі АБСЕ. Эўрапарлямэнт ды іншыя міжнародныя арганізацыі лічаць, што гэты перамоўны працэс дазволіць аднавіць дэмакратызацыю Беларусі. Аднак, настроі ж падчас нядзельнага мітынгу і дэманстрацыі былі зусім не кампрамісныя. Хутчэй наадварот. А цяпер пасля гэтай хвалі гвалту магчымасьці кампрамісу, здаецца, зьніклі зусім? Ці вы падзяляеце гэтую думку?"

(Шродтэр: ) "Кожны дыялёг прадугледжвае ўдзел у перамовах двух раўнапраўных бакоў. Значыць, Лукашэка прызнае апазыцыю. І гэта вельмі важна для Беларусі. Такім чынам, прызнаючы апазыцыю, Лукашэнка прызнае, што ня толькі яго падтрымліваюць людзі, але й што народ падтрымлівае таксама апазыцыю.

І гэта – не капраміс, гэта – дыялёг, гэта – прызнаньне апазыцыі рэальнай сілай. І гэты перамоўны працэс неабходны.

Але мае палітычныя дасьведчаньні дзесяцігадовай даўніны гавораць аб тым, што падобны працэс можа быць паспяховым, калі народ на вуліцы падтрымлівае апазыцыю. І апазыцыя павінна выводзіць на вуліцы вялікую колькасць сваіх прыхільнікаў".

(Карэспандэнт: ) "Бальшыня палітычных аглядальнікаў адзначаюць адну вельмі істотную справу ў нядзельных пратэстах: упершыню, дасюль даволі падзеленая беларуская апазыцыя, выступіла падчас маршу пратэсту адзіным фронтам. Магчыма гэта даволі істотны знак у галіне зьмены сітуацыі ў Беларусі?"

(Шродтэр: ) "Апазыцыя павінна быць моцная, каб аднавіць дэмакратыю. Я сказала раней, што да аднаўленьня дэмакратыі яшчэ далёкая дарога, але каб яе скараціць, патрэбна каб апазыцыя была моцная".

(Карэспандэнт: ) "Што будзе заўтра, зыходзячы з дасведчаньняў таго, што адбылося ўчора? Які Ваш прагноз далейшай сітуацыі ў Беларусі?"

(Шродтэр: ) "Я магу толькі падкрэсліць маю надзею на працяг дыялёгу. Я спадзяюся, што апазыцыя ніколі больш ня будзе падзеленаю, і што у Менску будуць адбывацца новыя і новыя дэманстрацыі з удзелам вялікай колькасьці людзей. Я упэўненая, і я гэта хачу падкрэсліць асабліва, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай, таму што мы ўсе ў Эўропе патрабуем незалежную і дэмакратычную Беларусь".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG