Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Міжнародная Ліга Правоў Чалавека накіравала да Аляксандра Лукашэнкі зварот, у якім выказала занепакоенасьць сытуацыяй у галіне правоў чалавека ў Беларусі… Зьмест публікацыі ў пераказе.

"Міжнародная Ліга Правоў Чалаека, няўрадавая правабарончая арганізацыя з кансультатыўным статусам у ААН, – гаворыцца ў звароце, – глыбака занепакоеная новай, узмоцненай кампаніяй рэпрэсыяў супраць незалежнае прэсы, праваабарончых арганізацыяў і апазацыйных лідэраў Беларусі.

Мы ў прыватнасьці заклапочаныя тым, што гэты наступ супаў з візытам у Беларусь міжнародных назіральнікаў, якія прыбылі ў сувязі з пагаршэньнем становішча ў галіне правоў чалаека".

У дакумэнце згадваецца былы прэм'ер Міхал Чыгір, які застаецца пад вартаю незважаючы на абяцаньні вызваліць яго, дадзеныя АБСЭ і заходнім дыпляматам. Міжнародная Ліга лічыць Чыгіра палітычным вязьнем.

У звароце гаворыцца таксама пра таямнічае зьнікненьне Віктара Ганчара, у справе якога ўлады нічога ня робяць. Жонка Ганчара лічыць, што ўлады спрабуюць запалохаць яе і прымусіць замаўчаць.

Міжнародная Ліга Правоў Чалавека адзначае таксама рэпрэсыі ў дачыненьні прэсы, вялізны штраф, які вымушаная заплаціць газэта "Навіны", адмову ў рэгістрацыі 9-ці незалежным або апазыцыйным выданьням, такіх як "Беларускія Навіны", "Менская нядзеля" ды іншыя.

У звароце адзначаецца ціск з боку ўладаў на лідэраў свабодных прафэсійных зьвязаў, ператрус і канфіскацыя абсталяваньня ў офісе праваабарончай арганізацыі "Вясна-96", суд над Мікалаем Статкевічам за ягоны ўдзел у несанкцыянаваным маршы 27 ліпеня.

Ліга выказала занепакоенасьць узбуджэньнем крымінальнае справы супраць адваката Алега Воўчака, які спрабуе выясьніць зьнікненьне Юрыя Захаранкі. Улады правялі вобшук у кватэры дачкі Захаранкі, а невядомыя асобы раяць сям'і былога міністра пакінуць краіну. Ворганы запалохваюць таксама адваката Веру Страмкоўскую, якая бароніць Васіля Старавойтава.

Міжнародная Ліга лічыць гэтыя парушэньні свабоды прэсы й сходаў а таксама перасьлед юрыстаў брутальнай эскаляцыяй атакаў на грамадзянскую супольнасьць, што разбурае рэшткі надзеі на палітычны дыялёг з мэтаю разьвязаньня канстытуцыйнага крызысу ў Беларусі.

Ліга ў прыватнасьці выказвае занепакоенасьць тым, што крокі ў дачыненьні да "Вясны-96", Міколы Статкевіча і Юрыя Захаранкі ўлады зрабілі адразу пасьля адьезду зь Менску двух назіральнікаў ад Лігі, якія працавалі ў Беларусі з 29 верасьня па 3 кастрычніка.

Гэтыя дзеяньні супалі таксама з візытам у Менск прадстаўніка парлямэнцкай Ассамблеі Рады Эўропы Бэрэндта. Такі яўны перасьлед людзей, якія далі паказаньні перад міжнароднымі, праваабарончымі арганізацыямі, – гаворыцца ў звароце, – непрыймальны й незразумелы ў кантэксьце дэклярацыяў уладаў аб жаданьні дыялёгу і супрацоўніцтва.

Усё гэта, – на думку Лігі, – сьведчыць аб пагаршэньні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і можа мець адмоўныя вынікі для магчымага працэсу інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. "Чакаем на Ваш адказ", – так сканчаецца ліст да Аляксандра Лукашэнкі, які падпісала выканаўца дырэктара Міжнароднае Лігі Правоў Чалавека Кэтрын Фіцпатрык.

Кастусь Бандарук, Прага

5 кастрычніка, выступаючы ў залі Сэнату, сэнатар з штату Мінэсота, Пол Ўэлстоўн выказаў глыбокае заклапочаньне з прычыны нядаўніх зьнікненьняў сяброў беларускае апазыцыі.

"Я заклікаю, каб прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстаў ўсе магчымасьці дзеля вышуку чатырох зьніклых і гарантаваньня бясьпекі ўсіх беларусаў, нягледзячы на іхнія палітычныя погляды. Падзеі, што адбываюцца цяпер у Беларусі – абуральныя. Сьвет назірае, як на іх бцдзе рэагаваць прэзыдэнт Лукашэнка. Я хачу, каб урад Беларусі ведаў, што ягоныя адкрытыя парушэньні правоў чалавека – непрыймальныя. Я не хачу, каб урад Беларусі думаў, што ён можа беспакарана працягваць сваю рэпрэсіўную дзейнасьць. Таму я аб гэтым кажу ў залі Сэнату".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG