Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Гэтымі днямі ў Нью Ёрку праходзіць штогадовая, 54-я Гэнэральная Асамблея ААН, разьлічаная на выпрацоўваньне стратэгіі дзеяньня міжнароднае супольнасьці на парозе 3-га тысячагодзьдзя.

Прэзыдэнт ЗША Клінтан назваў тры асноўныя заданьні ААН – гэта дапамога бедным краінам і гуманнае аблічча эканомікі, прадухіленьне ядравай катастрофы, а таксама больш эфэктыўнае прадухільваньне гэнацыду й гвалтаў ў розных краінах сьвету.

У сваю чаргу гэнэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў міжнародную супольнасьць часьцей і хутчэй умешвацца ў нутраныя канфлікты, калі парушаюцца правы чалавека. З другога боку паўстае пытаньне: як супасатавіць абарону правоў чалавека з паняцьцем глябалізму й сувэрэнітэту краінаў?

Вядомы аналітык Пол Гоўбл падкрэсьлівае, што, прамаўляючы ў панядзелак на адкрыцьці Гэнэральнае Асамблеі ААН Анан, адзначыў, што што ўсё больш паасобных людзей і груповак "патрабуюць больш чым толькі слоў сымпатыі з боку міжнароднае грамадзкасьці". Гэнэральны сакратар ААН лічыць, што яны "патрабуюць прынцыповага жаданьня дапамагчы ім разарваць кола гвалту й дапамагчы ім знайсьці бясьпечны шлях да дабрабыту". Паводле ягоных словаў, "няздольнасьць міжнароднае супольнасьці спалучыць усеагульныя прынцыпы законнасьці з эфэктыўнасьцю абароны правоў чалавека трэба разглядаць ня йнакш, як трагедыю".

Аднак тое, што Кофі Анан ды іншыя палітыкі лічаць трагедыяй, – піша Пол Гоўбл, – на самой справе зьяўляецца неад'емнай рысаю сучаснае міжнароднае сыстэмы. Такую небясьпеку можна пераадолець ня гэтулькі заклікамі, колькі сваім усьведамленьнем, што выступленьне ў абарону правоў чалавека ў нейкай краіне можа прывесьці да адваротных вынікаў.

Паводле Пола Гоўбла, ёсьць прынамсі тры прычыны таго, што ўмяшаньне міжнароднае супольнасьці часта не дае пажаданых вынікаў. Бывае гэтак, што калі міжнародная грамадзкасьць дзейнічае ад імя паасобных груповак у нейкай краіне, і калі яны спрабуюць перацягнуць замежныя сілы на свой бок. Такую спакусу могуць скарыстаць розныя мяншыні. І ў выніку гэта можа падарваць дзеяздольнасьць мяйсцовага ўраду. У такой сытуацыі цяжка стварыць у дадзенай краіне інстытуты, якія маглі б ахоўваць правы чалавека. Міжнароднае ўмяшаньне проста можа пашкодзіць тым інстытутам, ад якіх залежыць стан правоў чалавека.

Па другое, – піша Пол Гоўбл, – з найнавейшай гісторыі выразна бачна, што міжнародная супольнасьць ня ў стане стаць у абарону правоў чалавека паўсюль. У гэтым сэнсе відавочны сэлектыўны падыход.

Міжнародная супольнасьць рэагуе на нутраныя падзеі пераважна ў слабых краінах, у якіх свае стратэгічныя інтарэсы маюць магутныя дзяржавы. Затое абмінаюцца большыя краіны, у якіх, аднак, вядучыя краіны сьвету ня маюць такіх інтарэсаў.

Такія падвойныя стандарты могуць выглядаць на цынізм міжнароднае супольнасьці ў пытаньні правоў чалавека і ў выніку могуць схіліць паасобныя дзяржавы мала рупіцца аб паляпшэньні ўмоваў жыцьця сваіх грамадзянаў. Чым больш магутная дзяржава й меншая верагоднасьць міжнароднага ўмяшаньня, тым больш зьняважлівае можа быць стаўленьне ўрадаў гэтых краінаў да сваіх грамадзянаў. З другога боку, рэжымы ў меншых краінах, дзе ўмяшаньне міжнароднае грамадзкасьці больш праўдападобнае, зацікаўленьне правамі чалавека ў іх могуць успрыняць, як прыкрыўку для нечага інашага.

Па трэцяе, – піша аналітык Пол Гоўбл, – краіны, якія часта нейкім чынам ўдзельнічаюць ў разьвязваньні міжнародных канфліктаў, могуць адчуваць стому. Праводзячы дзеяньні ў некалькіх раёнах сьвету, урады і нават шэрагавыя грамадзяне могуць мець гэтага досыць і дамагацца, каб цяжар урэгуляваньня новых крызысаў узялі цяпер на сябе іншыя краіны. Калі аніводная краіна не жадае выступіць у абарону правоў чалавека ў нейкім рэгіёне сьвету або калі робяць гэта толькі тыя краіны, якія маюць там свае геапалітычныя інтарэсы, тады нельга гаварыць пра самую абарону правоў чалавека.

Аднак, на думку Пола Гоўбла, аніводзін з гэтых аргумэнтаў не прамаўляе за тым, што міжнародная супольнасьць не павінна ўвогуле выступаць у абарону правоў чалавека ў сьвеце. Хутчэй за ўсё прыходзіцца канстатаваць, што прагрэс ў гэтай галіне будзе цяжкі й павольны. У кожным разе нельга абмяжоўвацца толькі заклікамі, калі міжнародная сыстэма, гэтак як і ААН, засноўваецца на сувэрэнных і незалежных дзяржавах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG