Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Варшава

16 жніўня ў Доме мастака ў Варшаве адкрылася выстава беларускага мастака зь Беласточчыны Лявона Тарасэвіча. Прысутнічалі прадстаўнікі міністэрства культуры й мастацтва Польшчы, Зьвязу польскіх мастакоў. Выставу ўсясьветна вядомага мастака наведаў таксама ўсясьветна вядомы кінарэжысэр Анджэй Вайда.

Нагодаю да выставы стала ўручэньне Лявону Тарасэвічу прэміі імя Яна Цыбіса, вядомага польскага мастака й пэдагога. Ян Цыбіс быў выдатным прадстаўніком так званае "калярыстыкі".

Мастакі, якія атрымоўваюць гэтую прэмію, лічацца польскай мастацкай элітаю. Пра гэта ўзгадаў пад час вітальнай прамовы й намесьнік міністра культуры й мастацтва Польшчы Славамір Ратальскі.

Спадар Ратальскі адзначыў, што кожная выстава Лявона Тарасэвіча — гэта праўдзівая мастацкая акцыя, падзея, якая не абмяжоўваецца прэзэнтацыяй намаляванага, гэта паглыбленьне ў патаемны сьвет.

Прэмія імя Яна Цыбіса ўручаецца з 1973 году. Ляўрэатам 98-га стаў мастак зь Беласточчыны.

Нарадзіўся Лявон Тарасэвіч у 1957 годзе ў вёсцы Валілы Беластоцкага ваяводзтва. Скончыў акадэмію мастацтваў у Варшаве. Выстаўляецца з 1984 году. Творы экспанаваліся ў Польшчы, Швэцыі, Італіі, Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Бразыліі, Галяндыі, Нямеччыне, Летуве, Беларусі, Паўднёвай Карэі, Ізраілі, Турэччыне. Пераважна працуе ў станковым жывапісу.

Варшаўская выстава дэманструе лябірынты колераў, мінімальная колькасьць якіх у максымальна ўскладненым ці спрошчаным спалучэньні стварае каляровы космас.

Я гутару зь Лявонам Тарасэвічам:

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, ці ёсьць у Вас нейкія любімыя ці паважаныя мастакі зь Беларусі?"

(Тарасэвіч: ) "Я вельмі сябраваў зь Ігарам Кашкурэвічам. Ён зараз пражывае ў Бэрліне і я яго сустрэў у лістападзе на маёй выставе. З маладых цяпер — ня ведаю, хто там ёсьць. Але ж мяне больш цікавіць рок-музыка, якая сёньня ёсьць у Беларусі. Там, на маю думку, сёньня энэргія. Таму што мастцкі сьвет ёсьць такі — ніякі".

(Карэспандэнтка: ) "Вы вельмі папулярны ў Швэцыі, у скандынаўскіх краінах. Што наконт Усходу?"

(Тарасэвіч: ) "Ну што ж мне гаварыць наконт Усходу. Як раз уехаў у Менск — ноты пратэстацыйныя былі. Міністэрствы замежных справаў між сабою проста абменялі... Як я расказваў пра тую выстаўку, то мне казалі, што ня трэба нейкага сцэнару — вось добры сцэнар на фільм! Пэўна, што трэба выстаўляць на Беларусі, але не пад гэтай савецкай акупацыяй! Найпрыямней выстаўляць у Польшчы, бо калі выстаўляецца ў іншых краінах, мастацтва ёсьць часткаю вялікай машыны, у якой ты патрэбны от каб паказацца... А тут людзі яшчэ адчуваюць, перажываюць. І тут многім патрэбна — што я раблю".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы акрэсьліваеце Вашае маляваньне? Гэта што? Што Вы малюеце?"

(Тарасэвіч: ) "Я малюю. А што я малюю — гэта ёсьць турбота гісторыкаў мастацтва".

(Карэспандэнтка: ) "Як разьвіта ўвогуле крытыка мастацтва ў Польшчы?"

(Тарасэвіч: ) "Гэта на такім ўзроўні... Крышку лепей чым у вас. Няма крытыкі мастацкай, пакуль няма галерэяў. А галерэяў ня будзе, пакуль ня будзе сярэдняга грамадзкага пласту".

(Карэспандэнтка: ) "У Вас вельмі стомлены выгляд. Гэта ад чаго? Гэта ад мастацтва ці ад падрыхтоўкі да выстаўкі?"

(Тарасэвіч: ) "Не... Мы тут цэлы тыдзень працавалі і пілі, "рэд буляк" з водкай мяшалі, каб ня спаць ды з усім пасьпець. Далі мне такі кароткі тэрмін і нічога не памагі".

(Карэспандэнтка: ) "Вы надрукаваныя ў часопісе "Эліэ" як самы такі эксцэнтрык Польшчы. Як Вам такая прысутнасьць у такім часопісу?"

(Тарасэвіч: ) "Ёсьць часопіс такі, які не чытаецца, а аглядаецца. Так што, думаю, на здымку даволі прыгожыя выйшлі гэтыя куры і я. Але яны там штомесяц шукаюць эксцэнтрыкаў... Я сам са зьдзіўленьнем даведаўся, што я эксцэнтрык — мне здаецца, што такі нармальны чалавек".

Лявон Тарасэвіч сказаў, што плянуе наведаць Беларусь увосень гэтага году і спадзяецца на лепшыя ўражаньні за тых, якія атрымаў у 94-м.

Варшаўская выстава працягнецца да 5 верасьня. Цікаўнасьць да творчасьці беларускага мастака зь Беласточчыны вялікая — пра выставу паведамілі й паведамляюць усе польскія сродкі масавае інфармацыі. Адмыслова выпушчаны буклет раскупляецца вельмі хутка. А на выставе можна пабачыць і першы, датаваны 1972 годам, твор, напісаны алеем у традыцыйным стылі. На халсьце — сялянскі дамок у вёсцы Валіле, на радзіме ўсясьветна вядомага мастака зь Беласточчыны Лявона Тарасэвіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG