Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Міжнародная правааахоўная арганізацыя Human Rights Watch у аўторак апублікавала свой даклад пра злачынствы супраць нацыянальных мяншыняў у Косаве. У дакуманце сьцьвярджаецца, што забойствы, выкраданьні, пагрозы й зьбіцьцё сэрбаў і цыганоў былі ў значнай ступені ўчыненыя чальцамі Косаўскай вызваленчай арміі.

У дакладзе Human Rights Watch заяўляе, што ані лідары КВА, ані міжнародныя міратворчыя сілы ня робяць дастаткова, каб спыніць гвалтоўныя дзеяньні. Справаздача дэталёва апісвае выпадкі, у якіх косаўскія альбанцы запалохвалі, забівалі або білі прадстаўнікоў этнічных мяншыняў. У многіх выпадках нападнікі насілі ўніформу КВА або называлі сябе паўстанцамі гэтае арганізацыі. Даклад утрымлівае 40 задакумантаваных забойстваў сэрбаў і два цыганоў, а таксама фіксуе 30 выпадкаў зьбіцьця або выкраданьняў. Human Rights Watch не абвінавачвае лідараў КВА ў накіроўваньні злачынстваў, але асуджае іхнюю няздольнасьць спыніць гвалт. "Мы ня маем аніякіх доказаў афіцыйнага санкцыянаваньня, але відавочна, што ў некаторых выпадках мясцовыя адзінкі КВА былі ўцягнутыя ў гэтыя злачынныя дзеяньні" – кажа Бэнджамін Ўард, адзін з аўтараў дакладу.

КВА адмаўляе, што яе чальцы нясуць адказнасьць за гэтыя забойствы. Фатмір Лімай, галава вайсковай паліцыі гэтай арганізацыі, які таксама зьяўляецца намесьнікам міністра абароны косаўскага самапрызначанага ўраду, абвінаваціў у забойствах бандытаў, некаторыя зь якіх могуць выстаўляць сябе чальцамі КВА. "Мы мелі ўсе магчымасьці атакаваць сэрбскіх цывільных пад час вайны, але мы гэтага не рабілі. Мы здабылі нашую свабоду і мы хочам будаваць будучыню для нашага народу, але не за кошт іншых народаў" – кажа Фатмір Ламай.

Human Rights Watch прыпушчае, што асноўнай матывацыяй для альбанцаў ёсьць помста за зьверствы сэрбаў і іхняя мэта – выгнаць усіх сэрбаў з Косава. Каля ста тысячаў неальбанцаў пакінулі Косава за апошнія 6 тыдняў пасьля ўступленьня ў правінцыю НАТАўскіх сілаў, і цяпер назіраецца масавае рабаваньне й падпалы пакінутых дамоў. Цыганы, якім альбанцы закідаюць супрацоўніцтва з сэрбскай паліцыяй і вайскоўцамі, сталі аб'ектамі зьбіцьця, выкраданьняў і пагрозаў, што вымусіла бальшыню зь іх уцячы са сваіх дамоў і шукаць паратунку у намётавых лягерах пад абаронаю міратворцаў каля Прышціны.

Прадстаўнік Human Rights Watch кажа, што адказ міратворчых сілаў на прыведзеныя факты быў "неэфэктыўным". "Пакуль мала доказаў цьвёрдай адданасьці абвешчаным ідэям новага і талерантнага Косава", – сьцьвярджаецца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі.

Даклад заклікае да неадкладнай высадцы паабяцаных 3000 прадстаўнікоў міжнароднай паліцыі. Пакуль у правінцыі толькі 35 замежных паліцыянтаў і гэтыя функцыі вымушаныя часова выконваць міратворцы.

Праблеме Мілошавіча прысьвячае свой сёньняшні рэдакцыйны камэнтар "Вашынгтон Пост". Гэта праўда, што, што пакуль Слабадан Мілошавіч застаецца пры ўладзе, ня будзе аніякай стабільнасьці на Балканах. Аўтарытарны лідэр, спачатку Сэрбіі, цяпер рэшткаў Югаславіі, ён нясе асноўную адказнасьць за дзесяцігодзьдзе вайны ў рэгіёне. Ягонае садзейнічаньне сэрбскаму нацыяналізму сьмяротна каштавала Сэрбіі, але гэта ж захоўвала Мілошавіча ва ўладзе. Каб і надалей забясьпечыць сваё кіраваньне, ён знойдзе новых ворагаў і выкліча новае праліцьцё крыві, калі яго не стрымаць, – сьцьвярджае "Вашынгтон Пост".

Захад мусіць рабіць больш у дапамозе дэмакратычным сілам у нутры Сэрбіі. Заходнія ўрады таксама павінны даць зразумець ня толькі тое, што Сэрбія не дастане аніякай дапамогі, пакуль ва ўладзе Мілошавіч, але таксама тое, што Сэрбія атрымае істотную дапамогу адразу ж, як толькі прадэманструе жаданьне дэмакратызавацца й жыць у міры са сваімі суседзямі, – адзначае ў сёньняшнім рэдакцыйным артыкуле газэта "Вашынгтон Пост".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG