Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Дзярждэпартамант ЗША выступіў з заяваю, у якой выказаў сваю пазыцыю адносна 20 ліпеня, а таксама акрэсьліў умовы, праз выкананьне якіх Беларусь мае шанец вярнуцца на дэмакратычны шлях.

У заяве прэсавага сакратара Дзярждэпартаманту гаворыцца, што заканчэньне легітымнага знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі чарговым разам зьвяртае ўвагу на неабходнасьць выхаду з канстытуцыйнага тупіку.

Рэжым Лукашэнкі, паводле Джэймса Рубіна, нясе адказнасьць за гэты тупік, у якім апынулася краіна ў выніку зьменаў, унесеных Лукшэнкам у беларускую Канстытуцыю шляхам падманнага й неканстытуцыйнага рэфэрэндуму. Гэты рэфэрэндум быў асуджаны міжнароднай супольнасьцю.

Гэтыя зьмены, а таксама самавольнае працягненьне свайго тэрміну па-за 20 чэрвеня 1999 году, падаўленьне галасоў, што выказвалі свой пратэст — падобныя дзеяньні яшчэ больш падарвалі легітымнасьць Лукашэнкі й здрадзілі дэмакратычнай структуры, у адпаведнасьці зь якой Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам, — гаворыцца ў заяве.

Дзярждэпартамант ЗША лічыць, што легітымнасьць Лукашэнкі, якога народ абраў сваім прадстаўніком, можа быць адноўленая выключна праз правядзеньне вольных і справядлівых дэмакратычных выбараў, у якіх усе палітычныя партыі будуць удзельнічаць на роўных умовах. Дзярждэпартамант зьвяртае ўвагу на тое, што Вярхоўны Савет, які Злучаныя Штаты й значная частка міжнароднае супольнасьці ўважаюць за адзіны беларускі легітымны парлямант, мае права вынесьці сваю праграму да грамадзянаў Беларусі. І права гэтае мусіць паважацца.

Злучаныя Штаты чарговым разам заклікаюць кіраўніцтва Беларусі пайсьці без папярэдніх умоваў на дыялёг з апазыцыяй і выконваць прызнаныя міжнародным грамадзтвам правы чалавека. Толькі праз дыялёг і павагу да правоў чалавека, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартаманту ЗША, — Беларусь здолее вярнуцца на дэмакратычны шлях і аднавіць сваю прысутнасьць у складзе міжнароднага супольніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG