Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Тым часам у Віцебску, дзе чакалі Аляксандра Лукашэнку, да актывістаў тамтэйшых апазыцыйных арганізацыяў апошнімі днямі ўжываліся захады, так бы мовіць, маральнага ўзьдзеяньня. Ім прапаноўвалі расьпісацца пад абавязкам ня ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях з нагоды заканчэньня пяцігодзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Паводле сьведчаньня тых, каму прапаноўвалі падпісаць такія паперы, такога кшталту прэвэнтыўнае ўзьдзеяньне адбывалася па месцы іхнага жыхарства ўчастковымі міліцыянтамі. Паводле словаў старшыні віцебскай арганізацыі Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі Народная Грамада Аляксея Гаўруцікава, тэкст адной з такіх расьпіскаў зьмяшчаў узгадваньне пра несанкцыянаваныя мерапрыемствы "са зброяй". Паводле інфармацыі інфармацыйнае агэнцыі БЕЛАПАН сваю згоду на такую расьпіску ў ляяльнасьці даў толькі адзін віцебскі палітык-апазыцыянэр.

Аўторак 20 ліпеня чакалі ў Віцебску з асаблівай напругай. Пры чым, гэта тычылася як мясцовых уладаў, так і дэмакратычнай апазыцыі ды простых жыхароў. Першыя чакалі прыезда Лукашэнкі й правакацыяў ад другіх. Тыя ж рыхтаваліся правесьці гуляньні пад лёзунгам "Пачатак канца прэзыдэнта". А простыя віцябляне адцягваліся ў шматлікіх кавярнях і буфэтах і з задавальненьнем у амфітэатры усю ноч спатольвалі смагу па мастацтву Эўропы, хай сабе й пятнаццацігадовай даўніны. Але слухаючы музыку "настальжы", яны абменьваліся неспакойнымі чуткамі — маўляў, увечары на адкрыцьці фэсту штосьці мусіць адбыцца. І ці варта пускаць туды сваіх дзяцей і падлеткаў?

Каля любімага "бацькам" Лёдавага палацу добраўпарадкаваньне рабілі амаль да шаснаццаці гадзінаў, пакуль не зьявіліся тры мікрааўтобусы зь людзьмі і ў форме, і ў цывільным. На шляху прэзыдэнцкага картэжу праз кожныя некалькі дзесяткаў мэтраў выставілі міліцыянтаў, супрацоўнікаў ДАІ і маладых людзей спартовага выгляду ў пінжаках.

Сказаць, што прыезд Лукашэнкі выклікаў занадта вялікі інтарэс, нельга. Вялізнага натоўпу не было. Да й тых, хто падышоў, трымалі на адлегласьці боль за дзьвесьце мэтраў. А жыхары навакольных будынкаў сачылі за падзеяй з-за фіранак.

Калі Лукашэнку яшчэ толькі чакалі на "будоўлі стагодзьдзя", у парку каля пляцу Леніна пачаліся гуляньні, у якіх узялі ўдзел сябры суполак дэмакратычных партыяў ды іншых арганізацыяў. Галоўным арганізатарам мерапрыемства стала віцебская філія Аб'яднанае грамадзянскае партыі.

Улады не далі дазволу на правядзеньне акцыі, таму не выкарыстоўвалася нацыянальная сымболіка й не гучалі прамовы. Народ, як той казаў, патусаваўся на сьцежках парку, паслухаў вершы Івана Каліноўскага на пякучыя тэмы, песьні пад гітару хлопцаў са Зьвязу творчай моладзі "Сёмая грань", пасьпяваў сам. На момант перадачы матэрыялаў у гуляньнях узялі ўдзел каля ста чалавекаў.

Не рабілі перашкод мерапрыемству і супрацоўнікі кастрычніцкага РАУС, якія добра ведаюць "памяркоўных аб'яднаных грамадзянаў" ды іхнага лідара Генадзя Муратава. Ня сталі падводзіць адказнага й прадстаўнікі іншых партыяў.

Але без інцыдэнтаў сёньня ўсёж такі не абыйшлося. Міліцыянты забралі ў пастарунак лідэра мясцовай філіі Асацыяцыі маладых палітыкаў і Зьвязу творчае моладзі "Сёмая грань" Вольгу Карач, а таксама дзьвюх яе сябровак. Яны распаўсюджвалі адмыслова выдадзеныя да 20 ліпеня два нумары дайджэсту "Свабоднае слова", міжпартыйны бюлетэнь "Віцебскі Зьвяз" і газэту "Рабочий". За дзьве гадзіны разыйшлося больш за дзьве тысячы паасобнікаў, якія людзі бралі з задавальненьнем. Добра разыходзілася прэса й сярод патрульных міліцыянтаў, пакуль не зьявілася кіраўніцтва. У выніку Вольгу Карач дастаўлялі ў пастарунак каля дзесятка здаравенных міліцыянтаў. А Марыну Чарнавусаву й Вольгу Лукіну адвязьлі на міліцэйскай машыне. Старэйшы лейтэнант Юры Шабуня склаў пратакол і запрасіў дзяўчын на заўтра, каб давесьці ім памер штрафу.

І ўсёж такі без маленькага "хуліганства" гуляньні не абыйшліся — пакідаючы парк, людзі пакінулі на дрэвах надзьмутыя прэзэрватывы з надпісам "КАНЕЦ ПРЭЗЫДЭНТА".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG