Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пачатак апазыцыйнае акцыі пад назваю "Разьвітаньне з першым прэзыдэнтам", прысьвечанай заканчэньню пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, быў пакладзены ўжо сёньня. Беларускія паэты й журналісты Славамір Адамовіч і Зьміцер Бартосік зарганізавалі а шостай гадзіне ўвечары літаратурныя чытаньні ў менскім сквэры Янкі Купалы.

Адметнасьць гэтае, на першы погляд не зусім палітычнае акцыі, у тым, што зьмест тэкстаў — песьняў Бартосіка й вершаў з новага зборніка Адамовіча "Плавільшчыкі расы" — былі выразна антыпрэзыдэнцкімі. Відаць, падазраючы нешта няладнае, менскія ўлады не далі яе арганізатарам дазволу на правядзеньне.

Тым ня менш у прызначаны час каля помніка песьняру сабралася некалькі дзесяткаў прыхільнікаў творчасьці абодвух нашаніўскіх паэтаў, а таксама каля двух дзесяткаў міліцэйскіх палкоўнікаў ды падпалкоўнікаў і асобаў характэрнага аблічча ў цывільным. Адзін з гэтых "высокіх" міліцэйскіх афіцэраў адразу ж папярэдзіў Адамовіча і кампанію, што гарадзкія ўлады не дазволілі сёньня чытаць тут вершы, таму, маўляў, давайце разыходзьцеся й не спрачайцеся...

Тым ня менш паэты сталі каля купалаўскага пастамэнту й заявілі, што аніякага дазволу на тое, каб пачытаць вершы публіцы ў сквэры пад помнікам клясыку — не патрэбныя. Таму паэтычныя чытаньні не адбудуцца толькі ў тым выпадку, калі іх заарыштуюць.

Міліцыянты, аднак, затрымліваць літаратараў перад аб'ектывамі й мікрафонамі журналістаў не адважыліся. І арганізатары імпрэзы на працягу паўгадзіны мелі магчымасьць пацешыць нешматлікую публіку сваімі творамі.

Ахоўнікі парадку, праўда, спачатку спрабавалі перашкодзіць правядзеньню акцыі заклікамі празь мегафон не парушаць грамадзкі парадак і разыйсьціся, але ўрэшце міліцыянты заблыталіся ў акрэсьленьні характару мерапрыемства, назваўшы яго пачаргова мітынгам, сходам і канцэртам. І больш асаблівай актыўнасьці не выяўлялі. Толькі стрыжаныя хлопцы ў цывільным уважліва фільмавалі ўсё тое, што адбывалася каля помніка Янку Купалу на відэа.

Па заканчэньні акцыі Славамір Адамовіч падпісаў усім, хто жадае, асобнікі свайго новага зборніка, пасьля чаго пачаў высьвятляць адносіны з міліцэйскім начальствам.

На дзіва, але міліцыянты былі нейкімі надзвычай пасыўнымі. Яны прызналі, што анічога асабліва крамольнага ў несанкцыянаванай акцыі Адамовіча й Бартосіка няма. І дамовіліся са Славамірам, што за правядзеньне літаратурнае вечарыны нікога затрымліваць ня будуць. І падобна на тое, што словы свае міліцыянты стрымалі. Прынамсі, Адамовіч зь сябрамі спакойна пакінуў мейсца правядзеньня акцыі, і на момант выхаду гэтага матэрыялу ў эфір аніякіх зьвестак аб арышце паэта не было.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што ахоўнікі парадку таксама пачынаюць разумець, што Аляксандар Лукашэнка з заўтрашняга дню зьяўляецца нелігітымным кіраўніком дзяржавы. І таму ня хочуць без асаблівае патрэбы затрымліваць апазыцыянэраў, каб не падстаўляць сябе пад абвінавачваньні ў няпраўных дзеяньнях. Тым больш, што Аляксандар Лукашэнка фактычна падставіў супрацоўнікаў МУС, пакінуўшы адказным за сытуацыю ў Менску міністра нутраных справаў гэнэрала Юрыя Сівакова, а сам зьехаў на "славянскі базар" у Віцебск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG