Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

На працягу апошняга году ў настроях мясцовай вэртыкальнай улады адбыліся зьнешне незаўважныя, але істотныя зьмены. Старшыня раённага выканкаму – галоўная фігура ў беларускай правінцыі – пачуваецца сёньня нашмат больш упэўнена і надзейна, чым два ці тры гады таму.

Многія чакалі іншае, і зьвязвалі гэтае чаканьне з днём 20 ліпеня, які павінен падвесьці рысу пад пяцігадовым прэзыдэнцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Набліжэньне гэтай даты, сапраўды, сур'ёзна ўплывае на атмасфэру ва ўладных кабінэтах, аднак уплыў гэты вельмі розны.

Паўтары сотні прызначаных асабіста Лукашэнкам галоўных раённых і абласных начальнікаў _- гэта падмурак, апірышча ягонай улады. Да 20 ліпеня патрэба Лукашэнкі ў надзейнасьці гэтага падмурку прыкметна ўзрастае. Залежнасьць тут узаемная, але не раўназначная. Большасьць сёняшніх старшыняў райвыканкама аднойчы перажылі ўжо крушэньне цэнтральнай улады пяць гадоў таму, калі вымушаны быў сысьці Вячаслаў Кебіч. І вопыт той для іх ня быў драматычным. Яны, галоўным чынам, засталіся ў сваіх крэслах, а многія і працягнулі рух па кар'ернай лесьвіцы.

Дыскамфорт старшынёўскага комплексу, які відавочна праявіўся ў зяніце лукашэнкавага прэзыдэнцтва, быў зьвязаны якраз з тым, што Лукашэнка не адчуваў патрэбы лічыцца з інтарэсамі сваёй вэртыкалі. Наадварот, гэта быў выйгрышны папулісцкі прыём – наладзіць публічны разнос якому-небудзь мясцоваму начальніку, якога, вядома ж, не любіла насельніцтва, бо бачыла ў ім прычыну ўсіх сваіх бедаў.

Зрэшты, нервавалі мясцовых вертыкальшчыкаў ня столькі гэтыя зьнешнія выхоўныя праявы, колькі тое, што адзін час многія зь іх апынуліся ў полі зроку камітэту дзяржаўнага кантролю.

Вядома, пра тое, як старшыня райвыканкаму будуе ўласны катэдж, колькі ён купіў кватэраў і аўтамабіляў, якім камэрцыйным фірмам спрыяе, пільныя землякі заўсёды ахвотна паведамялі ў Менск у лістах без зваротнага адрасу, падпісаных выдуманымі імёнамі. Іншая рэч – калі гэтыя лісты пачынаюць правяраць з выездам на месца сур'ёзныя камісіі зь Менску, і калі мясцовы начальнік адчувае, што на яго мэтанакіравана зьбіраюць кампрамат.

Дык вось, сёньня падобныя праявы, якія так трбавалі "вэртыкальшчыкаў" год ці два таму, практычна выключаныя. Камітэт дзяржаўнага кантролю пад кіраўніцтвам новага старшыні Андрэя Кабякова займаецца нашмат больш бясьпечнымі справамі.

Для прыкладу, у справаздачах камітэту за мінулы тыдзень значыліся такія выяўленыя злоўжываньні, як продаж няяскасных прадуктаў у ашмянскіх крамах, прыпіскі калгасных старшыняў у Пінскім раёне, альбо продаж курыных яек звыш нормы ў краме прыдняпроўскай птушкафабрыкі.

Пры гэтым для ўсіх, у тым ліку і для саміх "вэртыкальшчыкаў", відавочна, што падставаў для таго, каб першая асоба ў раёне ў любы момант панесла сур'ёзную адказнаасць, — больш чым дастаткова. Варта згадаць хаця б катастрафічную сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. З'явай, якую можна назваць кансалідацыяй улады, гэта, шмат у чым – інстынкт самазахаваньня перад двусэнсоўнай сітуацыяй, якая ўзьнікне пасьля 20 ліпеня.

Рэакцыя мясцовай улады на новы статус Лукашэнкі, напэўна, магла б быць іншай, калі б наменклятура бачыла альтэрнатыўную фігуру, ці калі б зьмяніліся адносіны да Лукашэнкі з боку грамадзскай думкі. Нічога гэтага, аднак, не адбылося, а таму для старшынёўскага корпуску, які ужо цяпер адчуў на сабе больш паблажлівыя і далікатныя адносіны з боку цэнтру, праблема выбару не паўстае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG