Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Выступаючы перад дэпутатамі так званага "нацыянальнага сходу", міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што міністэрства ня ў стане сёньня забясьпечыць выплату заробкаў, адпускных і нават поўнае фінансаваньне закупкі лекаў.

Дагэтуль, што б ні адбывалася ў беларускай эканоміцы, але заробак выплочваўся. Фактычна, уся афіцыйная прапаганда трымалася на гэтым пастулаце: заробак у нас маленькі, затое - выплочваецца своечасова. І вось сама ўлада ў асобе міністра фінансаў прызнае, што гэта - міф.

Наступствы гэтай заявы, ды ўвогуле сытуацыі ў эканоміцы камэнтуе былы міністар працы, эканаміст Аляксандр Сасноў.

(Вядучы: ) Ці было прызнаньне міністра фінансаў для Вас нечаканым, і ці можна было спрагназаваць падобнае разьвіцьцё падзеяў?

(Сасноў: ) "Пачнем з апошняга. Тое, што так павінна было адбыцца, гэта прагназавалася даўно. Нечаканым было іншае: чаму ўрад зьнянацку стаў лямантаваць з прычыны адсутнасьці грошай? Раней яны рабілі ўсё гэта праз друкарскі станок, і ніякіх іншых пытаньняў, акрамя інфляцыі, гэта ня выклікала, пры гэтым не ўзьнікала".

(Вядучы: ) А чаму зараз урад ня можа ўключыць той жа друкарскі станок і пачаць друкаваць грошы? Гэта зьвязана з патрабаваньнем МВФ?

(Сасноў: ) "Ня думаю, што гэта зьвязана з патрабаваньнямі МВФ. Галоўны эканамічны ідыёляг рынкавага сацыялізму спадар Эйдзін зараз арыштаваны і вядзецца сьледства ў справе ягонага ўдзелу ў нейкіх там махінацыях. Таму і аслабленыя пазыцыі і галоўнага эмісійшчыка краіны, спадара Пракаповіча. І, магчыма, ніхто ня можа падказаць прэзыдэнту зноў уключыць друкарскі станок. Магчыма, гэта выклікана і праектамі інтэграцыі з Расеяй, дзе справа з друкарскім станком больш цяжкая".

(Вядучы: ) Ці можна сказаць, што падвышэньне заробку ў траўні было не эканамічна абгрунтавана, а было вынікам прэзыдэнцкай кампаніі, якую праводзіла апазыцыяй?

(Сасноў: ) "Ня думаю. Гэта хутчэй зьвязана з тым, што жыцьцёвы ўзровень грамадзянаў за апошні час вельмі зьнізіўся. Інфляцыя вельмі высокая, і таму трэба было нешта рабіць. Але ня ўрад кіруе друкарскім станком, а прэзыдэнт. І, магчыма, урад спадзяваўся, што прэзыдэнт загадае надрукаваць патрэбную колькасьць грошай".

(Вядучы: ) Міністар фінансаў Корбут адзначыў, што банкаўская сыстэма краіны ніколі яшчэ не знаходзілася ў такім крытычным стане.Ці Вы згодныя з такой ацэнкай, і як могуць разгортвацца падзеі менавіта ў банкаўскім сэктары краіны?

(Сасноў: ) Справа ў тым, што прэзыдэнт сваім законам аб дапамозе вёсцы запатрабаваў ад банкаў знайсьці рэсурсы , каб без эмісіі даць грошы на пасяўную. Банкі знайшлі. І таму цяпер у іх няма грошай. А Корбут проста канстатаваў сытуацыю. Калі так і далей пойдзе, ад нашых банкаў проста нічога не застанецца. Можа, Лукашэнка робіць гэта дзеля таго, каб сюды прыйшлі расейскія банкі".

(Вядучы: ) А можа так здарыцца, што беларускія банкі збанкрутуюць, а ўкладчыкі будуць губляць свае грошы, як гэта было летась ў жніўні ў Расеі?

(Сасноў: ) "Можа здарыцца, што слабыя банкі будуць на карані скупленыя расейскімі банкамі, і справу выправяць неяк. Беларускія банкі вельмі маленькія, у параўнаньні з расейскімі. Але можа здарыцца і банкруцтва. Напрыклад, банк "Поиск", кажуць, ужо ня можа ўтрымаецца, а там, паводле пэўных зьвестак, 20-25 мільёнаў даляраў сродкаў фізычных асобаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG