Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Да заканчэньня перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў засталося ўсяго некалькі тыдняў. На гэтым шляху ўжо ёсьць першыя страты — адмоўлена ў перарэгістрацыі Партыі Камуністаў Беларускай. Між тым застаецца пад пагрозай амаль увесь трэці сэктар Беларусі.

Як вядома, згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам, усе грамадзкія аб'яднаньні абавязаныя прайсьці афіцыйную рэгістрацыю альбо перарэгістрацыю ў спэцкамісіі на чале зь віцэ-прэм'ерам Замяталіным да 1 ліпеня сёлета. Паводле зьвестак МінЮсту, у другой дэкадзе траўня былі зарэгістраваныя 49 аб'яднаньняў, яшчэ 54 суб'екты прайшлі перарэгістрацыю. Зь дзейных палітычных партыяў на гэты момант падалі дакумэнты ў МінЮст чатыры — Партыя Камуністаў Беларуская, Лібэральна-Дэмакратычная Партыя, Беларуская Партыя Жанчын «Надзея» і Рэспубліканская Партыя Працы і Справядлівасьці.

Цікава, што галоўны афізыёз — газэта «Советская Белоруссия» — паведаміла сёньня, што адмоваў у перарэгістрацыі пакуль не было. Між тым напярэдадні стала вядома, што Партыі Камуністаў Беларускай адмоўлена ў перарэгістрацыі на той падставе, што ў яе статуце ёсьць палажэньне аб тым, што ПКБ зьяўляецца спадкаемцай колішняй Кампартыі Беларусі. Кіраўніцтва ПКБ лічыць гэткія прэтэнзіі МінЮсту абсурднымі. У прыватнасьці першы сакратар ЦК партыі Сяргей Калякін нагадаў журналістам, што ў 1993 годзе XXXII зьезд прыняў рашэньне аб уваходзе КПБ у склад Партыі Камуністаў Беларускай. Кампартыю Беларусі на чале зь Віктарам Чыкіным у Партыі Камуністаў лічаць самазванцамі.

Між тым яшчэ некалькі партыяў, а таксама грамадзкіх арганізацыяў — у тым ліку БНФ, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя «Народная Грамада», Беларускі Гельсынкскі Камітэт — ужо атрымалі папярэджаньні МінЮсту. Гэта яшчэ больш ускладняе сытуацыю ў так званым «трэцім сэктары», калі ўлічыць востры дэфіцыт часу. Пры гэтым улады адкрыта пагражаюць непрыемнасьцямі тым партыям і арганізацыям, якія не прызналі зьменаў у Канстытуцыі пасьля рэфэрэндуму 1996 году і настойваюць, што тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі завяршаецца 20 ліпеня сёлета. На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу сябра рабочай групы Асамблеі Няўрадавых Арганізацыяў, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Карлас Шэрман.

(Шэрман:) «Палітычныя партыі назвалі дату — 20 ліпеня, і зыходзячы з гэтага да 20 ліпеня робяцца і будуць рабіцца розныя захады з мэтаю іх паралізаваць. Што тычыцца трэцяга сэктару, як я ведаю, арганізацыі падаюць ужо дакумэнты на перарэгістрацыю. Гэтая перарэгістрацыя патрабуе шмат папераў, дакумэнтаў, новых сьпісаў. Напрыклад, раптам зьявілася патрабаваньне набіраць нейкія сьпісы на кампутары менавіта кеглем 14... Трэба браць даведкі, трэба зацьвердзіць сымболіку і г.д. Грамадзкія арганізацыі цяпер зьбіраюць гэтыя дакумэнты, рыхтуюцца да перарэгістрацыі, і я лічу, што яна будзе праходзіць нармальна. Праблемы з тымі, хто мае папярэджаньні, — я думаю, што яны таксама будуць зьнятыя. Я не такі пэсыміст, каб лічыць, што скончыцца апазыцыя, сканае трэці сэктар ад таго, што задумалі гэтую перарэгістрацыю. Я лічу, што новыя патрабаваньні да структураў у розных рэгіёнах якраз узмацняюць трэці сэктар: хто ня меў гэтых структур — цяпер будзе іх мець. Хоць гэтая перарэгістрацыя, на мой погляд, — спосаб здушэньня, спосаб «вышчыпваньня» нейкіх арганізацыяў, якія недаспадобы».

Паводле Карласа Шэрмана, у беларускага ПЭН-Цэнтру ёсьць час і ўсе падставы прайсьці перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з законам. Што да Саюзу Пісьменьнікаў, частка якіх уваходзіць і ў ПЭН-Цэнтар, дык, на думку Шэрмана, ва ўсіх творчых саюзах без выключэньня ня будзе ніякіх праблемаў, нават нягледзячы на вядомую заяву Рады СП у абарону незалежнасьці Беларусі.

(Шэрман:) «Для іх праблемаў няма. Творчыя саюзы — арганізацыі бюджэтныя. Творчыя саюзы паслухмяныя. Я ня думаю, што ў іх будуць праблемы. Нельга сказаць, што Саюз Пісьменьнікаў робіць нейкія захады ў абарону незалежнасьці — ёсьць адна заява, а астатнія вядуць спакойнае ціхае жыцьцё, стаіць пусты будынак, пісьменьнікі туды ходзяць на паседжаньні, калі яны ёсьць. Я ўпэўнены, што ПЭН-Цэнтар пройдзе перарэгістрацыю — дай Божа, канешне. Могуць быць і праблемы, безумоўна, але я не лічу, што гэта канец сьвету. У нас іншыя праблемы — праблемы разьяднанасьці, праблемы непаразуменьня паміж людзьмі, цяжкія праблемы нашай занядбанай культуры. А бюракратычныя гэтыя рэчы — нічога, неяк пяройдзем».

Такі погляд на сытуацыю ў трэцім сэктары выказаў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Карлас Шэрман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG