Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора пачаўся візыт у Беларусь дэлегацыі баўгарскіх парлямэнтарыяў. Сёньня яны сустракаліся з старшынямі «палатаў» «нацыянальнага сходу» і міністрам замежных справаў Беларусі Латыпавым.

Дэпутаты Народнага Сходу Баўгарыі былі запрошаныя ў Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі «Эўропа без падзяляльных межаў — наш агульны дом», якую спрабаваў арганізаваць «парлямэнцкі сход» саюзу Беларусі й Расеі. Сярод мэтаў гэтага мерапрыемства было пераадолець ізаляцыю, у якой знаходзіцца «нацыянальны сход» Беларусі, а таксама зрабіць,так сказаўшы «агляд антынатаўскіх сілаў» у краінах Усходняй Эўропы.

Аднак пасьля пачатку апэрацыі НАТО ў Югаславіі канфэрэнцыя была адмененая. Яе ініцыятары палічылі, што такі форум варта правесьці толькі тады, калі бамбаваньне будзе спыненае. Магчыма, шэраг патэнцыйных удзельнікаў канфэрэнцыі адмовіліся ад запрашэньня ў краіну, кіраўніцтва якой адкрыта салідарызавалася зь Мілошавічам. Тым ня менш дэлегацыя ў складзе трох дэпутатаў Народнага Сходу Баўгарыі на чале зь віцэ-сьпікерам Благавестам Сэндавым у Менск усё ж прыбыла.

Статус дэлегацыя мае неафіцыйны — ехалі ж на канфэрэнцыю — але прымаюць яе на самым высокім узроўні. У панядзелак адбыліся перамовы баўгарскіх гасьцей зь міністрам замежных справаў Беларусі Латыпавым, у сераду іх прыме кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Мясьніковіч. Нягледзячы на тое, што Баўгарыя як сябар АБСЭ не прызнае легітымнасьці «нацыянальнага сходу» Беларусі, сп. Сэндаў з калегамі сустрэўся з спсп. Шыпуком і Малафеевым.

Пасьля сустрэчы з старшынём «савету рэспублікі» Благавест Сэндаў паведаміў, што выступае супраць натаўскіх апэрацыяў на Балканах, і выказаў шкадаваньне з прычыны таго, што большасьць парлямэнту Баўгарыі і ўрад краіны прытрымваюцца іншага пункту гледжаньня. Як вядома, афіцыйная Сафія імкнецца да ўступленьня ў Паўночнаатлянтычны альянс. Урад краіны прадаставіў натаўскім самалётам магчымасьць пралёту над тэрыторыяй Баўгарыі. Сп. Сэндаў спасляўся на дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх 70% баўгарскага насельніцтва не падтрымваюць акцыі НАТО ў Югаславіі. Але варта адзначыць, што палітычна гэтую пазыцыю адстойваюць баўгарскія посткамуністы, якія атрымалі паразу на апошніх і прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах. Аднак сярод сваіх беларускіх суразмоўцаў яны знаходзяць аднадумцаў. Словы Благавеста Сэндава пра тое, што НАТО імкнецца ўсталяваць у Эўропе новы ўсясьветны парадак, гучаць музыкай для афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў.

Ізаляцыя, у якой знаходзіцца Беларусь, сапраўды вельмі глыбокая. Пра гэта сьведчыць хоць бы тое, на якім высокім узроўні прымаюць у Менску любога, нават вельмі мала ўплывовага замежнага палітыка. Гэткія візыты заўсёды трактуюцца як сьведчаньне міжнароднага шырокага прызнаньня Беларусі і яе палітыкі. Антынатаўскія заявы гасьцей, якія прадстаўляюць баўгарскую парлямэнцкую апазыцыю, падаюцца беларускім уладам удвая больш карыснымі. Яны нібыта пацьвярджаюць міт пра адзінства славянаў, якія супрацьстаяць Захаду. Баўгарыя тым часам ідзе ў НАТО, а міты застаюцца мітамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG