Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Трагічны выпадак здарыўся ў мінулую пятніцу з галоўным рэдактарам менскай незалежнай маладзёвай газэты «Навінкі» Паўлюком Канавальчыкам. Позна ўвечары ён быў моцна зьбіты трыма невядомымі асобамі ў цывільным каля пад'езду свайго дома.

Галоўны рэдактар «Навінак» вяртаўся дахаты ў менскі мікрараён Серабранка прыкладна а 23-цяй гадзіне. Раптам каля пад'езду дома да яго падыйшлі трое невядомых хлопцаў моцнага целаскладу і не вымавіўшы ні слова пачалі зьбіваць Канавальчыка. Журналіст спрабаваў дамагчыся ад іх хоць бы адказу на пытаньне — за што? — а таксама ўхіліцца ад удараў, але беспасьпяхова. Бандыты павалілі Паўлюка на зямлю і працягвалі зьбіваць нагамі.

Экзэкуцыя над шэфам «Навінак» працягвалася прыкладна 10 хвілінаў, пасьля чаго нападнікі зьніклі ў цемры. Канавальчык ледзь дабраўся да сваёй кватэры, дзе ягоныя родныя выклікалі машыну хуткай мэдыцынскай дапамогі. З шматлікімі пашкоджаньнямі галавы і страсеньнем мазгоў журналіста шпіталізавалі ў 9-тую менскую клініку. Сёньня там яму зрабілі даволі складаную апэрацыю на чэрапе.

Цяпер стан ягонага здароўя, паводле лекароў, не ўяўляе небясьпекі для жыцьця.

Пакуль супрацоўнікі газэты «Навінкі» ня могуць даць адназначнага адказу на пытаньне — хто зьдзейсьніў напад на іхнага шэфа. Але паводле адказнага сакратара газэты Алеся Мазура, наўрад ці гэта былі звычайныя хуліганы — надта ж непадобнымі да агрэсіўных падлеткаў былі нападнікі. Прычым і білі яны Канавальчыка зь веданьнем справы.

Паводле адной з вэрсіяў журналістаў «Навінак», зьбіць іхнага рэдактара маглі члены адной з прафашысцкіх маладзёвых груповак, дзейнасьць якіх ня раз выкрывалася ў матэрыялах газэты. Але супрацоўнікі рэдакцыі не выключаюць, што на Канавальчыка маглі напасьці і прадстаўнікі спэцслужбаў. Рэч у тым, што ў «Навінкі» ўжо ня раз тэлефанавалі людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі КГБ, і запрашалі журналістаў выданьня на нефармальныя гутаркі. Супрацоўнікі рэдакцыі ад гэткіх сустрэчаў, натуральна, адмаўляліся. «Калі хочаце з намі паразмаўляць — выклікайце афіцыйна позваю», — заявілі журналісты КГБістам. Праўда, пасьля гэтага падобных прапановаў ад чэкістаў супрацоўнікам «Навінак» не паступала.

Дарэчы, спосаб нападу на рэдактара «Навінак» вельмі падобны на іншыя выпадкі гэткага роду. Варта нагадаць, як летась у пад'езьдзе свайго дома быў зьбіты невядомымі дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. А вядомага беларускага кінарэжысэра Юрыя Хашчавацкага бандыты зьбівалі ў ягонай кватэры. А зусім нядаўна гэткія самыя невядомыя нанесьлі некалькі ўдараў паэту і журналісту Славаміру Адамовічу, калі той спускаўся па лесьвіцы пад'езду, дзе месьціцца рэдакцыя газэты «Наша Ніва».

Агульнае ва ўсіх гэтых злачынствах — папярэдняя падрыхтаванасьць нападу і абсалютная беспакаранасьць бандытаў.

Газэта «Навінкі» ці ворган менскага контркультурнага бомонду, як называюць сваё выданьне самі журналісты, была заснаваная групай маладых анархістаў летась у студзені. Газэта ставіла сабе за мэту сатырычна рэагаваць на ўсе працэсы палітычнага, эканамічнага і грамадзкага жыцьця Беларусі і тым самым ствараць новую культурную сытуацыю і сыстэму каштоўнасьцяў для моладзі ўнутры краіны.

Ад «Навінак» даставалася ўсім — і правым і левым, і ўладам і апазыцыі. У студзені сёлета выданьне было афіцыйна зарэгістраванае ў Дзяржаўным Камітэце па Друку. «Навінкі» маюць немалую папулярнасьць у колах сталічнай моладзі. Супрацоўнікі рэдакцыі падазраюць, што напад на іхнага шэфа напрасткі зьвязаны з штораз большай папулярнасьцю газэты. Паводле Алеся Мазура, «некаму проста вельмі ня хочацца, каб мы выдавалі газэту, для якой няма ніякіх аўтарытэтаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG