Агульны сцэнар дзеяньняў мясцовых уладаў на муніцыпальных выбарах быў распрацаваны ў Менску. Пра гэта сьведчыць аднолькавасьць мэтадаў дзеяньня мясцовых уладаў ва ўсёй Беларусі і сінхроннасьць, зь якой апазыцыйныя кандыдаты сышлі з выбарчых дыстанцыяў. Нагадаю, што буйнейшыя партыі правага палітычнага спэктру Беларусі афіцыйна абвесьцілі, што ў мясцовых выбарах не ўдзельнічаюць. Матывацыяй такога рашэньня было тое, што прэзыдэнт пазбавіў Саветы рэальных паўнамоцтваў, і на выбарах не прысутнічаюць назіральнікі, у тым ліку міжнародныя. Гэта дае афіцыйным уладам шырокае поле для фантазіяў - што і падцьвердзілася паводле вынікаў галасаваньня. Ніводны кандыдат зь ліку дэмакратычных партыяў, які выставіў сваю кандыдатуру самастойна, у мясцовыя Саветы не патрапіў. Як заявіў "Свабодзе" Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч, (Багданкевіч:) "Усіх сяброў АГП, якія вырашылі ўдзельнічаць у мясцовых выбарах самастойна, улады адфільтравалі яшчэ на першым этапе - этапе вылучэньня. Напрыклад, сябру нашай партыі спадара Навасяда. Тое ж самае, наколькі я ведаю, здарылася і з сябрамі Ліберальна-дэмакратычнай партыі, хаця яны быццам бы "пралукашэнкаўскія". Было рашэньне нашай партыі ня ўдзельнічаць у гэтых мясцовых выбарах. У адпаведнасьці з гэтым рашэньнем асобныя сябры, якія ўсё ж вырашылі выставіць свае кандыдатуры, падалі заявы аб прыпыненьні сяброўства альбо аб выхадзе з партыі. Яны імкнуліся ўдзельнічаць самастойна. Хадзілі па кватэрах, агітавалі, раздавалі матэрыялы нашай партыі, - што, можа, і ня кепска. Але ніхто зь іх не дайшоў да канца галасаваньня". Тое ж саме назіраецца з, так бы мовіць, самастойнымі кандыдатамі Сацыял-дэмакратычнай партыі Статкевіча, Ліберал-дэмакратычнай партыі Гайдукевіча, а таксама камуністычнай партыі Калякіна. Адзінай партыяй, ад якой не было самастойных кандыдатаў, стаў Беларускі Народны Фронт (БНФ). Арыгінальнасьцю дзеяньняў вызначыўся беларускі філіял расейскай партыі "Яблоко". Вольга Абрамава паведаміла, што ягонае ўтварэньне афіцыйна брало ўдзел у мясцовых выбарах, вылучыўшы ва ўсёй Беларусі 21 кандыдата. Праўда, ніводны зь іх так і ня быў абраны. (Абрамава:) "Нашыя кандыдаты пры даволі густа населеных акругах занялі мінімальна трэціе, а ўвогуле другія і трэція мейсцы там, дзе выбары не адбыліся. Мы ўпэўніліся, што ёсьць "яблычны" электарат". Дэмакратычныя беларускія партыі вырашылі не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах і, фактычна, іх байкатавалі. (Карэспандэнт:) Вашая партыя намінальна належыць да дэмакратычняга лягеру, але ўсё ж вы ўдзельнічалі ў выбарах. Чым вы матывавалі гэтае жаданьне? (Абрамава:) "Памылкаю было рашэньне ня толькі не ўдзельнічаць у выбарах, але і нават не выстаўляць назіральнікаў. Гэта дазволіла ўладзе дастаткова вольна адмуніпуляваць вынікі выбарчага працэсу. Нават на этапе збору подпісаў людзі, якія былі кандыдатамі, здолелі добра паагітаваць і за свае арганізацыі, і ўвогуле прарваць пэўным чынам інфармацыйную блякакаду, якая ёсьць на ўзроўні грамадзкай сьвядомасьці". Невядома, як на грамадзкую сьвядомасьць паўплывалі "яблычныя" кандыдаты, але ў сьвядомасьці апазыцыйных палітычных партыяў зафіксавалася схэма прэзыдэнцкай гульні, у якую гуляць ня варта. Юрась Карманаў, Менск
Самае папулярнае
1