Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Баявыя дзеяньні ў Югаславіі, прапанова Бялграду аб далучэньні да саюзу Беларусі й Расеі паспрыялі аднаўленьню ў Расеі дыскусіі па праблемах інтэграцыі зь Беларусьсю. Учора прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў пра тое, што мае намер выставіць Маскве інтэграцыйны ультыматум.

На пачатку гэтага тыдня, выступаючы на радыёстанцыі «Эхо Москвы», сьпікер ДзяржДумы Расеі Генадзь Селязьнёў заявіў, што ўвосень, магчыма нават у верасьні, адбудзецца рэфэрэндум аб стварэньні адзінай беларуска-расейскай дзяржавы. Сп. Селязьнёў лічыць, што варта было б спалучыць выбары ў ДзяржДуму Расеі з выбарамі саюзнага парлямэнту. Паводле сьпікера ДзяржДумы, гэта будзе двухпалатны парлямэнт, ніжняя палата якога абіраецца насельніцтвам абедзьвюх краінаў, а дэпутаты верхняй палаты дэлегуюцца нацыянальнымі заканадаўчымі ворганамі. Прадугледжваецца і невялічкая галінка выканаўчай улады, патлумачыў Селязьнёў.

Схема аб'яднаннья, якую агучыў сьпікер ДзяржДумы, стала вядомая яшчэ месяц таму. Але гледзячы па ўсім беларускага прэзыдэнта такі варыянт аб'яднаньня не задавальняе. 2 красавіка, выступаючы ў Маскве ў агенцтве ІТАР-ТАСС, Лукашэнка распавёў, што прапаноўваў плян стварэньня сапраўды адзінай дзяржавы з моцным прэзыдэнтам на чале, але расейскі бок адхіліў гэтую прапанову.

Учора, сустракаючыся з саратаўскім губэрнатарам Дзьмітрыем Аяцкавым, прэзыдэнт сказаў, што на будучым тыдні распрацаваны ім плян — відаць, той самы — будзе афіцыйна запрапанаваны кіраўніцтву Расеі. Лукашэнка заявіў, што калі ягоная прапанова ня будзе прынятая, ён зробіць выснову, што і расейскае кіраўніцтва перайшло на пазыцыі ворагаў інтэграцыі. Іншымі словамі, беларускі прэзыдэнт мае намер выставіць Маскве, так сказаўшы, інтэграцыйны ультыматум. Звычайна, ведучы перамовы з найбліжэйшым саюзьнікам пра аб'яднаньне, ультыматумы не выстаўляюцца. Але, відаць, беларускі кіраўнік адчувае, што ягоная інтэграцыйная гульня правальваецца.

У расейскіх палітычных колах усё больш пераважае думка, выказаная некалькі тыдняў таму ўплывовым расейскім палітолягам, дырэктарам Інстытуту Эўропы Сяргеем Караганавым. Караганаў лічыць, што да выбараў расейскага прэзыдэнта ў 2000 годзе ніякіх выбараў ні ў якія саюзныя ворганы ўлады быць не павінна. Учора сп. Караганаў браў удзел у навуковай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Менску. У размове з журналістамі ён заўважыў, што ў Расеі цяпер надзвычай складаная палітычная сытуацыя, і саюзныя выбары маглі б дэстабілізаваць становішча. Маскоўскі палітоляг лічыць, што нават выбары ў саюзны парлямэнт павінны прайсьці толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Яму падаецца, што цяпер шчыльная канфэдэрацыя зьяўляецца аптымальным варыянтам, і імкнуцца ствараць фэдэратыўную дзяржаву непажадана. На пытаньне — якое ж месца ў гэтай схеме прадугледжанае для Лукашэнкі, сп. Караганаў адказаў: «Прэзыдэнта Беларусі, адной зь дзьвюх краінаў саюзу».

Варта адзначыць, што да меркаваньня Сяргея Караганава ўважліва прыслухоўваюцца і ў Крамлі, і ў маскоўскім Белым Доме.

Убачыўшы, што просты шлях у Маскву яму перакрываюць, Лукашэнка спрабуе патрапіць туды празь Бялград, лабіруючы прапанову Мілошавіча пра далучэньне Югаславіі да саюзу. Але падаецца, што і тут яго не чакае посьпех. Крэмль адмоўчваецца. Людзі, якія істотна ўплываюць на прыняцьцё рашэньняў, адкрыта выказваюцца супраць гэтай прапановы. Напрыклад, ужо згаданы Сяргей Караганаў лічыць, што ўступленьне Югаславіі ў саюз уцягне Расею ў вайну. Гэтую думку падзяляюць і калегі сп. Караганава зь іншых расейскіх аналітычных цэнтраў. на іхную думку, цяпер Расея, якая не зьяўляецца бокам канфлікту, нават палітычна мае больш моцныя пазыцыі, чым будзе мець у выпадку непасрэднага ўдзелу ў вайне.

Ад сябе заўважым, што ў гэтым сэнсе Лукашэнка, паехаўшы абдымацца зь Мілошавічам зрабіў вельмі рызыкоўны крок нават з пункту гледжаньня сваіх асабістых плянаў. Сур'ёзныя людзі, якія прэтэндуюць на ўладу над Расеяй, не дазваляюць сабе адыгрываць няўдзячную ролю рупара югаслаўскага дыктатара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG