Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Любоў Лунёва, Менск

Сёньня афіцыйныя ўлады сарвалін прэсавую канфэрэнцыю старшыні ЦэнтарВыбарКаму Віктара Ганчара. Уваход у будынак быў блякаваны.

Прэсавая канфэрэнцыя старшыні Цэнтаральнай Выбарчай Камісіі Віктара Ганчара была заплянаваная на 12-тую гадзіну на адрасе 4-ты Загарадны завулак, 58б. Аднак афіцыйныя ўлады зрабілі ўсё магчымае для зрыву прэсавай канфэрэнцыі, на якой павінны былі быць паведамленыя тэхналёгіі правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у траўні.

Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш...

(Коктыш:) «Практычна прэсавая канфэрэнцыя была сарваная. Непрыемнасьці пачаліся ўжо за тры дні да правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі. Канчатковым вынікам стала раптоўнае адключэньне электрычнасьці ў будынку, пачаліся рэмонтныя работы і быў заблякаваны ўваход у гэты будынак. Прэсавая канфэрэнцыя была сарваная зь віны ўладаў».

Паводле Аляксандра Коктыша, улады сталі ўжываць новую тактыку ў дачыненьні да Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. Калі раней сяброў ЦВК хапалі на месцы сходу, то цяпер ім проста не даюць памяшканьня для сходу, заганяючы такім чынам ЦВК у падпольле.

Сёньня супраць аднаго з актывістаў перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, якс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі была распачатая крымінальная справа. Як паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра сп. Бародзіч, справа распачатая намесьнікам пракурора Гомеля паводле артыкулу 188, частка 2 крымінальнага кодэксу РБ — «умяшаньне ў дзеяньні супрацоўніка міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў». Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папраўчых работаў тэрмінам ад 1 да 3 гадоў альбо штрафу.

Калі Захаранка даведаўся, што на яго абвешчаны ў сувязі з гэтым рэспубліканскі вышук, ён сам паехаў да пракурора ў Гомель, каб на месцы высьветліць акалічнасьці справы і каб «аблегчыць працу праваахоўчым ворганам».

На думку сп. Бародзіча, Юры Захаранка ў бліжэйшым часе можа апынуцца за кратамі. Бародзіч адзначыў, што акрамя супрацоўнікаў міліцыі за хадою справы сочаць у КГБ і ў Радзе Бясьпекі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG