Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 1999 г.


Гутарыў Віталь Цыганкоў, Прага

Тысячы грамадзянаў Беларусі цяпер жывуць або працуюць у іншых дзяржавах. Звычайна яны прымалі ўдзел у выбарах на ўчастках, арганізаваных мясцовымі амбасадамі. Як цяпер выглядае справа з арганізацыяй галасаваньня ў выбарах прэзыдэнта за межамі Беларусі? На гэтае нашае пытаньне адказвае старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў справе правядзеньня выбараў прэзыдэнта Віктар Ганчар.

(Ганчар:) «Гэта для ЦэнтарВыбарКаму найбольш складанае пытаньне, і я пра гэта гавару адкрыта. У рамках гэтай выбарчай кампаніі ў нас няма ніякіх шанцаў на тое, каб стварыць участкі з дапамогай адпаведных амбасадаў. Тым ня менш, ЦэнтарВыбарКам ужо цяпер гатовы вырашыць гэтае пытаньне арганізацыйна і фінансава. Мы гатовыя накіраваць спэцыяльных упаўнаважаных дзеля таго, каб яны арганізавалі выбары там, дзе ёсьць больш ці менш кампактныя пасяленьні нашых грамадзянаў.

Але тут узьнікае пытаньне чыста дыпляматычнае, якое нам трэба яшчэ вырашыць. Рэч у тым, што мы ўсё роўна можам вырашыць гэтае пытаньне арганізацыйна й фінансава, але без адпаведных узгадненьняў з краінай, дзе пражываюць нашыя грамадзяне, нам будзе цяжка бездакорна, карэктна з гледзішча міжнародных дачыненьняў арганізаваць гэты працэс. Таму ўсё залежыць ад таго, якія краіны афіцыйна прызнаюць нашыя выбары.

Калі ж, на жаль, гэтае пытаньне ня будзе вырашанае, тады нам нічога іншага не застанецца, як адкрыць у Менску спэцыяльны ўчастак для галасаваньня тых грамадзянаў, якія стала пражываюць за мяжой — і запрапанаваць ім для рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права прыехаць і прагаласаваць на адпаведным участку».

(Цыганкоў:) А ўлічваючы нетрадыцыйнасьць сытуацыі — у тым найгоршым выпадку, калі выбары ня будуць прызнаныя — ці можна выкарыстоўваць нейкія нетрадыцыйныя сродкі? Напрыклад, паколькі галасаваньне будзе йсьці не адзін дзень, а — наколькі я ведаю — дзесяць дзён, дык можа гэтыя грамадзяне могуць галасаваць у нейкай форме непэрсанальнай, лістом альбо тэлеграмай?

(Ганчар:) «Вы якраз думаеце ў тым напрамку і аб тых мэханізмах, якія таксама абмяркоўваліся. Так, улічваючы, што традыцыйна заўсёды тыя ўчасткі, якія адкрываліся за мяжою, з гледзішча падліку галасоў заўсёды адносіліся да ўчастка, дзе знаходзіцца Міністэрства Замежных Справаў Беларусі, і агульны падлік галасоў ішоў якраз у гэтым участку. Таму, калі мы сутыкнемся з тымі праблемамі, то я не выключаю — але тут трэба яшчэ дадаткова абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з захаваньнем таямніцы галасаваньня — мы не выключаем і такі арыгінальны варыянт, як галасаваньне па пошце. Зразумела, у гэтым выпадку мы будзем арыентаваць тых арганізатараў гэтага працэсу, якія будуць адказваць за галасаваньне ў той ці іншай краіне, на адпаведныя формы працэдуры, якія будуць захоўвацьж таямніцу галасаваньня».

(Цыганкоў:) Адзін беларус, які працуе ў Чэхіі, даслаў у беларускую амбасаду ў гэтай краіне ліст, у якім ён просіць патлумачыць як ён можа прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 16 траўня. Амбасада даслала яму афіцыйны адказ за подпісам пасла Бельскага, дзе патлумачыла, што ніякіх выбараў 16 траўня няма, і нагадала, што сёлета ёсьць толькі мясцовыя выбары — у красавіку. Скажыце, наколькі законныя дзеяньні амбасады і што можа Цэнтральная Выбарчая Камісія зрабіць у гэтым выпадку?

(Ганчар:) «Зразумела, што ў тым выпадку, калі вы нам дашлеце гэты ліст з афіцыйным адказам, мы, ідучы за практыкай, якая ў нас ужо склалася, складзем адпаведны акт — у гэтым выпадку на пасла — аб адказнасьці ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам за парушэньне Закону аб выбарах прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG