Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Міжнародная асацыяцыя інтэлектуальнай маёмасьці (аб'яднаньне амэрыканскіх вытворцаў кніжнай, відэа- і аўдыёпрадукцыі, а таксама пастаўнікоў кампутарных паслугаў) апублікавала сваю штогадовую справаздачу, зь якой вынікае, што інтэлектуальнае пірацтва ў сьвеце расьце. Асабліва гэта датычыць так званых краінаў «у перабудове», у тым ліку і Беларусі. У справаздачы нават рэкамэндуецца зьвярнуць на Беларусь спэцыяльную ўвагу ў сувязі з ростам тут гэтай катэгорыі злачыннасьці.

Паводле падлікаў экспэртаў Міжнароднай асацыяцыі інтэлектуальнай маёмасьці, інтэлектуальнае пірацтва ў былых сацыялістычных краінах і на тэрыторыі былога СССР прынесла амэрыканскім вытворцам у 1998 годзе 1 млрд. 600 млн. даляраў стратаў. Найгоршае становішча назіраецца ў Расеі, дзе скрадзена амэрыканскага інтэлектуальнага майна на суму 977 млн. даляраў. Сытуацыя ў Расеі паляпшалася да пачатку сёньняшняга фінанасавага крызысу, але цяпер зноў назіраецца рост пірацтва.

У справаздачы адзначаецца, што з 12 краінаў-удзельніцаў СНД толькі Расея падпісала Жэнэўскую канвэнцыю аховы аўтарскіх правоў у галіне аўдыёзапісаў. І таму толькі з Расеяй дачыненьні ЗША ў гэтай галіне могуць рэгулявацца міжнародным правам. Зь іншымі ж краінамі, у тым ліку зь Беларусьсю, гэтыя дачыненьні павінны рэгулявацца двухбаковымі пагадненьнямі.

У справаздачы Міжнароднай асацыяцыі інтэлектуальнай маёмасьці ў сувязі з гэтым адзначаецца, што ніводная з краінаў СНД не выконвае ўзятых на сябе абавязаньняў у галіне аўтарскага права. У сувязі з гэтым Міністэрства Гандлю ЗША падзяліла ўсе былыя сацыялістычныя краіны і савецкія рэспублікі на некалькі групаў, паводле ўзроўню інтэлектуальнага пірацтва ў іх. Гэткі сьпіс складецца штогод.

У сёньняшнім сьпісе пазытыўным зьяўляецца тое, што ніводная з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы не залічаная ў найвышэйшыю катэгорыю пірацкай актыўнасьці, якая патрабуе ад ураду ЗША ўвядзеньня эканамічных санкцыяў.

На чале другой групы стаіць Расея. Пакуль што яна там у адзіноце, але рэкамэндуецца, каб сюды былі залічаныя таксама Польшча і Чэхія, дзе пірацтва ўвесь час расьце.

У трэцяй групе знаходзяцца Ўкраіна, Балгарыя, Румынія, Грузія ды іншыя.

Беларусь жа пакуль знаходзіцца ў чацьвертай групе, дзе акрамя яе — краіны Прыбалтыкі і Казахстан. Але ў адрозьненьне ад сваіх суседзяў па групе, Беларусь рэкамэндуюць перанесьці на наступны год у трэцюю групу. На думку Асацыяцыі інтэлектуальнай маёмасьці, у Беларусі за апошні год значна пашырылася актыўнасьць піратаў. Нягледзячы на тое, што Беларусь падпісала шэраг міжнародных пагадненьняў у гэтай галіне, ніводнае зь іх яна не выконвае. Каб больш ясна зразумець, у чым тут справа, я патэлефанаваў у Менск у Дзяржаўны Камітэт аўтарскіх і сумежных правоў. Да тэлефону падыйшоў сам ягоны старшыня Станіслаў Сударыкаў. Вось як ён растлумачыў сытуацыю ў справе інтэлектуальнага пірацтва ў Беларусі:

(Сударыкаў:) «На сьвеце існуе толькі адна міжнародная арганізацыя, якая займаецца на сусьветным узроўні праблемамі аўтараскага права. Гэта — Сусьветная арганізацыя інтэлектуальнай маёмасьці. Знаходзіцца яна ў Жэнэве. Яна каардынуе ўсю дзейнасьць у галіне аўтарскага права і інтэлектуальнай маёмасьці ў цэлым. Якраз гэтая арганізацыя лічыць, што наша законадаўства, напрыклад, новы Закон аб аўтарскім праве, які ўступіў у дзеяньне паўгода таму назад, зьяўляецца адным з найлепшых законаў у сьвеце. І гэта таму, што Беларусь была другой краінай у сьвеце, якая ратыфікавалановы міжнародны дагавор у гэтай галіне, прыняты ў 1996 годзе. Гэты дагавор не змагла ратыфікаваць пакуль што ніводная эўрапейская дзяржава.

Іншая справа, што тут вельмі шмат трэба зрабіць з пункту гледжаньня ўсталяваньня сапраўднага парадку ў гэтай галіне. Многія краіны маюць цяжкасьці тут. Мы рыхтуем цэлы шэраг спэцыяльных сродкаў, каб як мага лепш абараніць інтарэсы нашых нацыянальных аўтараў, але, зразумела, і замежных. Таму што ахоўваючы правы замежных аўтараў і іх працу, мы тым самым падтрымліваем і нашу нацыянальную культуру».

Якая ж у сапраўднасьці сытуацыя з аховай аўтарскіх правоў у Беларусі — нашыя слухачы добра ведаюць: цяжка ўявіць сабе, каб некага ў Менску ці на правінцыі перасьледавалі за незаконнае капіяваньне кампутарных праграмаў ці відэафільмаў. Улады зьвяртаюць увагу і неяк змагаюцца толькі зь вялікімі пірацкімі кампаніямі, якіх у Беларусі сапраўды няшмат.

Так што сытуацыю можна было б параўнаць з былымі савецкімі часамі, калі Савецкі Саюз аўтаматычна падпісваў амаль усе міжнародныя пагадненьні, у тым ліку нават Сусьветную Дэклярацыю правоў чалавека, але ніколі не зьбіраўся іх выконваць. Гісторыя паўтараецца.

Сёлета Міністэрства Гандлю ЗША зацьвердзіць новы сьпіс краінаў-парушальнікаў інтэлектуальнай маёмасьці да 1 красавіка. У сваёй клясыфікацыі краінаў амэрыканскае Міністэрства Гандлю будзе абапірацца перадусім на рэкамэндацыі Міжнароднай асацыяцыі інтэлектуальнай маёмасьці. Мы абяцаем пазнаёміць вас з канчатковым выглядам гэтага сьпісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG