Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Суддзя Уладзімер Лаўроў зайздросьціць Аляксею Шыдлоўскаму: ягонай вядомасьці, славе палітзэка, ягоным далярам — суддзі мроіцца, што Аляксея на волі чакае багацьце. Чакае, але зусім не такое, якое мроіцца суддзю Лаўрову. Камэнтар Аляксандра Лукашука. (эфір 19 лютага)

Калі на пачатку 80-х я пачаў займацца сталінскай гісторыяй Беларусі, даволі хутка кінулася ў вочы адна акалічнасьць: амаль уся даступная інфармацыя тычылася ахвяраў, і амаль нічога не было вядома пра катаў. Як можа пераканацца сёньня суддзя Лаўроў, сытуацыя у канцы стагоддзя усё ж зьмянілася.

У мінулым годзе ў кніжцы "За кіпучай чэкісцкай работай" я апублікаваў сьпіс 188 курапатчыкаў — супрацоўнікаў НКВД БССР у 1937 годзе. Гэта хіба тысячная частка ад іх агульнай колькасьці. У тым спісе няма суддзяў, хаця, зразумела, суддзі таксама маюць права на тытул курапатчыкаў. Але сёньня прозьвішчы беларускіх сьледчых, пракурораў, суддзяў, якія апошнія гады вяртаюць Беларусь у сталінскія часы, вядомыя, надрукаваныя у незалежнай прэсе, у дакумэнтальных кнігах. Не абыдзе іх і мастацкая літаратура. Дарэчы, пра аднаго з калегаў па прафэсіі Уладзімера Лаўрова, суддзю Вярхоўнага Суду БССР у 30-я гады Карпіка напісаў верш вязень сталінскіх лягераў Сяргей Грахоўскі.

Васіль Сымоныч Карпік.....
Ну, як жывецца Вам?
Ці атрымалі карпа
І балычка з тых крам,
Што ў тупіках схаваныя,
Бяз шыльдаў і вітрын,
Для важных і абраных
Чыноў і велічынь?
Вас кормяць за заслугі,
За тое, што з турмы
Заслалі нават друга
У шахты Калымы.
Наркома і салдата,
Мужчын, дзяцей і баб
Ня ў чым ня вінаватых
Пагналі на этап.
А Вы іх зноў судзілі
Сумленных, бяз віны.
Начальству дагадзілі,
Каб згінулі яны.
У сьцюжу, на павале,
У змроку нематы
На "Волгадонканале",
У шахтах Варкуты.
А Вы — нічым не мечаны,
Звычайны едачок.
Скажыце — чалавечанай (
Ня пахне балычок?
І — не хавайце вочы!
Відаць, хто Вы такі.
Скажыце — Вас у ночы
Ня будзяць мертвякі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG