Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Заснавальнік газэты «Навіны» Павел Жук сваёй пастановай зьняў з пасады галоўнага рэдактара гэтага выданьня Ігара Гермянчука. Калектыву газэты пра гэтае нечаканае рашэньне было паведамлена на лятучцы 4 студзеня. Гэткая падзея адбылася бадай упершыню ў гісторыі незалежнага друку ў Беларусі.

Мы зьвязаліся зь Ігарам Гермянчуком:

(Цыганкоў:) Ігар, прызнаемся, што гэтая падзея стане нечаканасьцю ня толькі для дзясяткаў тысячаў чытачоў газэты «Навіны», але й для журналістаў, напрыклад, для мяне як для чалавека, які працаваў у газэце. Ці была гэтая падзея нечаканасьцю для цябе і, па-твойму, чым яна выкліканая?

(Гермянчук:) «Ну, безумоўна, гэта была для мяне абсалютная нечаканасьць. 3 студзеня ўвечары мне патэлефанаваў дахаты Жук і сказаў, што апублікаваная ў апошнім нумары году нататка пра навагодні баль у Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце выклікала такія наступствы, што ягоны сын можа быць выключаны з БДУ і, маўляў, павінен будзе йсьці ў войска. І, значыць, гэтая сытуацыя прымушае яго прыняць радыкальнае рашэньне аб зьняцьці мяне з пасады галоўнага рэдактара.

Ня ведаю, што было сапраўднай прычынай, але для мяне такая матывацыя была нечаканая, тым больш, што гэта такое «адчайнае» рашэньне. Раніцай мы сустрэліся – Жук не зьмяніў свайго рашэньня, а я не зьбіраўся ні на чым настойваць. Я настойваў толькі на адным – у выпадку, калі Жук вырашыць даць задні ход і скажа, што ён пагарачыўся – каб у пасьведчаньні аб рэгістрацыі маё прозьвішча фігуравала ў якасьці сузаснавальніка. Менавіта такія былі першапачатковыя нашыя дамоўленасьці, калі амаль 8 гадоў таму я прыступаў да выкананьня абавязкаў галоўнага рэдактара «Свабоды». Тады – і на словах гэтая дамоўленасьць вытрымвалася – лічылася, што мы абодва зьяўляемся сузаснавальнікамі. Аднак юрыдычна афармляць гэта Жук не хацеў. І я разумею, што ён бы ніколі на гэта не згадзіўся.

Такім чынам, я яго ні пра што не прасіў і сказаў, што калі ён прымае такія адчайныя рашэньні – няхай сам і выкручваецца з сытуацыі. А выкручвацца з сытуацыі – гэта значыць умець працаваць так, як працаваў папярэднік. Я маю на ўвазе – і мае супрацоўнікі ня будуць гэтага абвяргаць – што прыкладна 2/3 газэтнай працы рабіў асабіста я».

(Цыганкоў:) Я, памятаю, чытаў тую нататку, і таму такая падстава здаецца мне несур'ёзнай. Як былы супрацоўнік я таксама магу засьведчыць, што ўсялякія непаразуменьні паміж вамі былі ўжо даўно, толькі гэта хавалася. Ці нельга было гэтыя непаразуменьні вакол заснавальніцтва й вакол нейкіх стратэгічных плянаў газэты як-небудзь вырашыць раней?

(Гермянчук:):«Канфлікты ўзьнікалі часам на глебе таго, што газэта раптам трапляла ў цяжкі фінансавы стан. Я ў гэтым вінаваціў Жука, Жук лічыў, што – «такая газэта», такой якасьці, што яна трапляе ў такі стан. Праўда потым, калі пачалі праводзіць жорсткую фінансавую палітыку – маецца на ўвазе лічыць прыбыткі й затраты – дык выявілася, што «Свабода» была нават прыбытковая...

Так што рана ці позна гэта мусіла здарыцца – мы павінны былі разыйсьціся. Але я меркаваў, што давяду газэту да штодзённай і пайду рабіць свой тыднёвы часопіс без Жука, але з пэўнай камандай. На жаль, я сыходжу не па сваёй волі, але я не шкадую аб тым, што здарылася. Я шкадую, што здарылася менавіта так. Ну, Жук кажа, што тая нататка была апошняй кропляй, якія кроплі былі дагэтуль – ня вядаю, што ён мае на ўвазе. Магчыма тое, што я як галоўны рэдактар паводзіў сябе незалежна ад нікога – і ад заснавальніка, і ад самых розных структураў. Падкрэсьлю, што я залежу толькі ад чытачоў».

(Цыганкоў:) Ці ня лічыш ты, што апошнія месяцы ці можа нават апошнія гады, як лічаць некаторыя, «Свабода» была ў стане пэўнага творчага крызысу – яна калі й не пагаршалася, дык прынамсі не паляпшалася, не станавілася большай і лепшай?

(Гермянчук:) «Ну, я з гэтым ня згодны, паколькі крытэрыем ацэнкі можа быць толькі папулярнасьць сярод чытачоў. Газэта была адной з самых папулярных, уключаючы й дзяржаўныя выданьні, – паводле сацыялягічных дасьледаваньняў незалежных структураў. «Свабода» была прыбытковым выданьнем. «Свабода» была закрытая. Потым практычна з нуля я рабіў газэту «Навіны», і газэта «Навіны» цяпер даведзеная прыкладна да ўзроўню папулярнасьці «Свабоды». Гэта зроблена за 11 з паловай месяцаў. Такім чынам, я ня думаю, што газэта была ў нейкім крызысе. Ясна, што яна патрабавала паляпшэньняў, і я пастаянна імкнуўся нейкім чынам рабіць гэтыя паляпшэньні. За адзін год фактычна з нуля «Навіны» зноў сталі папулярнай газэтай, і дай Бог, каб хоць гэты ўзровень пратрымаўся гэтыя першыя месяцы».

(Цыганкоў:) А якая была роля самога Паўла Жука ў выпуску газэты і ў забесьпячэньні яе фінансавага стану? Што ён рабіў для таго, каб газэта выходзіла?

(Гермянчук:) «На Жуку ляжала адказнасьць забесьпячэньня другой часткі праекту – прыцягненьня ў газэту рэклямы, рэклямадаўцаў. У нас з гэтай нагоды таксама пастаянна ўзьнікалі канфлікты. Я вінаваціў Жука ў тым, што ён альбо ня можа альбо ня хоча варушыцца, каб знайсьці рэкляму й рэклямадаўцаў. Жук вінаваціў мяне ў тым, што рэклямадаўцы ня хочуць даваць рэкляму ў такую газэту – маецца на ўвазе апазыцыйную. Маўляў, яны баяцца. Я казаў яму неаднаразова, што нават я, дылетант у гэтай сфэры – ну, зрэшты, як і Жук, у рэклямным бізнэсе – за два-тры месяцы карпатлівай працы змог бы дасягнуць пэўнага посьпеху. Так што – што датычыць фінансаваньня, дык Жук свае асабістыя грошы не ўкладваў у газэту. Жук сьцьвярджае, што на першым этапе «Свабоды» ён гэтыя грошы ўкладваў. Ня ведаю, што гэта былі за грошы – магчыма гэта былі грошы выручаныя за газэту. Бо першыя два гады, як я стаў галоўным рэдактарам «Свабоды», я працаваў бясплатна, без усялякай зарплаты».

(Цыганкоў:) Такім чынам, мы можам на падставе гэтай размовы канчаткова сьцьвердзіць, што вяртаньне Ігара Гермянчука на пасаду галоўнага рэдактара «Навінаў» немагчымае?

(Гермянчук:) «Не, безумоўна. Яно магчымае толькі ў адным выпадку – калі Жук выканае гэтую ўмову і ўнясе прозьвішча Гермянчука ў якасьці сузаснавальніка. Я ведаю, што Жук гэтага ня зробіць, а таму вяртаньне Гермянчука ў «Навіны» немагчымае».

Спадар Гермянчук таксама паведаміў нам, што фактычна ад сёньняшняга дня ён пачынае працу над рэалізацыяй новага праекту – выданьня тыднёвага інфармацыйна-аналітычнага часопіса накшталт маскоўскіх «Итогов», аналяга якому ў Беларусі пакуль няма. Паводле словаў Гермянчука, новае выданьне можа выйсьці ў сьвет вясной.

Натуральна, што мы таксама зьвярнуліся па камэнтар да Паўла Жука, выдаўца газэты «Навіны». Сп. Жук, які цяпер выконвае абавязкі галоўнага рэдактара «Навінаў», быў вельмі заняты падрыхтоўкай новага нумару. Тым ня менш ён згадзіўся даць кароткі камэнтар:

(Цыганкоў:) Павел, скажы, калі ласка, якія з твайго гледзішча асноўныя прычыны, асноўныя матывы зьняцьця Ігара Гермянчука з пасады галоўнага рэдактара «Навінаў»?

(Жук:) «Я проста хачу сказаць, што газэта, якую вы добра ведаеце – «Свабода», а пазьней «Навіны», якую зрабіў Гермянчук як галоўны рэдактар, а я зьяўляюся заснавальнікам гэтых газэтаў – мела даволі высокі рэйтынг, была добрай газэтай, што цытавалася ва ўсіх сродках масавай інфармацыі замежжа і давала даволі адэкватнае адлюстраваньня жыцьця ў Беларусі. Але жыцьцё мяняецца – павінна мяняцца й газэта. І вось менавіта з гэтых прычынаў мы вырашылі... ці дакладней, я вырашыў звольніць сп. Гермянчука з пасады галоўнага рэдактара і даць яму магчымасьць ня толькі маральна, але й матэрыяльна рэалізаваць сябе ў іншым праекце».

У любым выпадку гісторыя з звальненьнем Ігара Гермянчука пакідае вельмі сумнае ўражаньне. На працягу апошніх гадоў беларуская незалежная прэса змагаецца з уладамі за сваю свабоду, за сваё права на йснаваньне. Унутраных канфліктаў й звадак незалежная прэса, баюся, можа ня вытрымаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG