Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ва ўрадавай рэзыдэнцыі «Заслаўе-1» пад Менскам прайшло паседжаньне выканкаму Саюзу Беларусі й Расеі, у якім ўзялі ўдзел кіраўнік Савету Саюзу прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Лінг і першы віцэ-прэм'ер ураду Расеі Вадзім Густаў. Напярэдадні паседжаньня выканкаму спадар Густаў сустрэўся з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Пасьля заканчэньня перамоваў у Заслаўі адбылася яшчэ адна сустрэча віцэ-прэм'ера зь беларускім лідэрам.

Спадар Густаў прыбыў у Менск яшчэ ўчора. 8 сьнежня ён правёў папярэднія кансультацыі з прэм'рам Лінгам, наведаў Менскі Трактарны Завод, вытворчае аб'яднаньне «Гарызонт», а таксама льнокамбінат у Валожыне.

Спачатку меркавалася, што для праведзеньня паседжаньня выканкаму Саюзу прыедзе Яўген Прымакоў, але, відаць, палітычныя й эканамічныя праблемы запатрабавалі прысутнасьці кіраўніка ўраду ў Маскве. Таму ў Менск накіраваўся ягоны першы намесьнік. А магчыма, прычынай такой замены стала пэўнае зьніжэньне інтарэсу да інтэграцыі з боку Масквы.

Адным з галоўных пытаньняў, якія абмяркоўваліся на выканкаме, было ўзгадненьне паказчыкаў саюзнага бюджэту на наступны год. Долі дзяржаваў-саюзьніцаў у бюджэце засталіся ранейшыя: 37% - Беларусь, 63% - Расея. А вось велічыня намінальна павялічылася зь 558 мільёнаў расейскіх рублёў да прыкладна 640 мільёнаў. Але нагадаем, што пасьля 17 жніўня расейскі рубель патаньнеў больш чым утрая. Так што саюзныя выдаткі складуць зараз зусім мізэрную суму. Сапраўды, ці варта было сп. Прымакову ехаць у Менск дзеля такіх дробязяў.

Сёньня раніцай ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Вайсковым завулку ў Менску адбыліся перамовы сп. Густава з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча прайшла за зачыненымі дзьвярыма. Ад размовы з журналістамі яе ўдзельнікі ўстрымаліся.

Першы віцэ-прэм'ер ураду Расеі сустрэўся таксама зь першым намесьнікам выканаўчага сакратара СНД Іванам Каратчэням. У паведамленьнях па выніках сустрэчы было адзначана, што бакі адзінадушна выказаліся за тое, каб рэфармаваньне Садружнасьці йшло дынамічна, але прадумана, з улікам інтарэсаў усіх дзяржаваў СНД. Апошнюю заўвагу можна разглядаць як каменьчык у агарод выканаўчага сакратара СНД Барыса Беразоўскага, амбіцыйныя праекты якога сутыкаюцца з сур'езнаю апазыцыяй шэрагу прэзыдэнтаў.

Пасьля сустрэчы са сп. Каратчэням сп. Густаў накіраваўся у Заслаў е, на паседжаньне выканкаму. На ім было вырашанае адно кадравае пытаньне: старшыня ўраду Карэліі Віктар Сьцяпанаў прызначаны кіраўніком справаў выканкаму.

Пасьля завяршэньня паседжаньня прэм'ер Беларусі й першы віцэ-прэм'ер ураду Расеі сустрэліся з Лукашэнкам і распавялі яму аб рашэньнях, прынятых выканкамам.

Як ужо паведамлялася раней, 14 сьнежня ў Менску пройдзе аднадзённая сэсія Парлямэнцкага Сходу Саюзу, на якой саюзны бюджэт будзе зацьверджаны. Горкая іронія сытуацыі палягае ў тым, што саюзны бюджэт, які фармуецца з нацыянальных, будзе прыняты раней за нацыянальныя бюджэты. І Беларусь, і Расея ўвойдуць у новы год без зацьверджаных бюджэтаў.

За 1997 год таваразварот паміж краінамі-саюзьніцамі вырас на 40%. І Лукашэнка, і Ельцын прыводзілі тады гэтую лічбу як пераканаўчы доказ эфэктыўнасьці й карыснасьці Саюзу. У гэтым годзе рост таваразвароту склаў менш 3%. На тле агульнага падзеньня таваразвароту краінаў СНД гэта выглядае няблага, але на падставу для пераможных рэляцыяў, як кажуць, ня цягне. Прычым рост назіраўся толькі ў першым паўгоддзі, а ў другім, асабліва пасьля 17 жніўня - суцэльнае падзеньне. Напрыклад, у кастрычніку, у параўнаньні зь мінулым годам, беларускі экспарт у Расею зьнізіўся больш чым на траціну. Да таго ж зьмянілася й структура таваразвароту. Упершыню за апошнія два гады беларусы маюць няхай і невялічкае, але адмоўнае сальда ў гандлі з саюзьнікам - амаль 15 мільёнаў даляраў.

Яшчэ адным пунктам парадку дня паседжаньня выканкаму было ўзгадненьне супольных паліўна-энэргетычных балянсаў. Размова была няпростая, бо запазычанасьць Беларусі толькі перад «Газпрамам» склала 261 мільён даляраў. Беларускія ўлады здолелі дамовіцца з Прымаковым, каб плаціць не грашыма, а харчаваньнем. Але й пастаўкі харчаваньня таксама не вытрымліваюцца, і «Газпрам» ужо папярэджвае Менск, што ў такіх умовах пастаўкі газу ў наступным годзе могуць быць істотна скарочаныя.

Саюз уваходзіць у новы год зь цяжарам вельмі няпростых праблемаў, якія, мяркуючы з усяго, маюць тэндэцыю да ўскладненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG