Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


6 Ліпеня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Хутка шэсьць гадоў, як уся ўлада ў Беларусі належыць аднаму чалавеку. Якія зьмены адбыліся за гэты ладны кавалак часу ў жыцьці тых людзей, якія аддалі Аляксандру Лукашэнку свае галасы спачатку на выбарах, а потым у часе рэфэрэндумаў, калі ён прасіў яшчэ большай, фактычна аднаасобнай улады ў дзяржаве? Вось што думае на гэты конт наш слухач Тадэвуш Сянкевіч са Смаргоні Гарадзенскае вобласьці, які быў і застаецца аднадумцам Аляксандра Лукашэнкі:

“На ўсіх выбарах і рэфэрэндумах я галасаваў за Лукашэнку. Ён мне й цяпер падабаецца. Але што ён адзін можа зрабіць, калі мясцовае начальства творыць што хоча. Самі палацы адбудавалі, а нам у Сельгастэхніцы трэці месяц заробкаў ня плацяць. А і атрымаеш дваццаць мільёнаў, дык ці надоўга іх хопіць. Ужо каторы месяц малому не магу нармальныя чаравікі купіць.

Трэба з гэтым нешта рабіць, бо зьменаў да лепшага не відаць. Вашую “Свабоду” я слухаю нядаўна. Ня ўсё мне ў вас падабаецца, асабліва калі даеце слова розным Лябедзькам, Чыгірам, Лявонавым ды Багданкевічам. Няўжо вы ім верыце? Яны ж лістам слаліся перад Лукашэнкам, як служылі яму. А цяпер, як ён іх выгнаў, бэсьцяць і зрабіліся вялікімі дэмакратамі. Ня веру аніводнаму іхнаму слову.

А вось тое, як жывуць простыя людзі, вы правільна апісваеце. І Лукашэнка памыляецца, што наблізіў да сябе тых, хто толькі хваліць яго і не расказвае яму праўду, як жыве народ. Давядуць яго гэтыя падхалімы да таго, што згубіць ён усё, што меў”,

– напісаў Тадэвуш Сянкевіч са Смаргоні.

Сыстэму ўлады, пры якой мясцовыя начальнікі робяць, што хочуць, стварыў ні хто іншы, як Аляксандар Лукашэнка. І калі Вы, Тадэвуш, памятаеце падзеі чатырохгадовае даўніны, дык згадаеце, як Лукашэнка перад рэфэрэндумам, прыціскаючы да грудзей рукі, прасіў у людзей якраз такой улады, маючы якую, ён мог бы прызначаць і адстаўляць каго заўгодна, і ніхто б ня мог яму ў гэтым замінаць. Такую ўладу ён атрымаў. Любы мясцовы начальнік, які чым-небудзь не дагодзіць Лукашэнку, можа згубіць пасаду на працягу хвіліны. Але адначасова гэты начальнік аніяк не залежыць ад Вас, Тадэвуш – тых, кім ён кіруе. Ані выбіраць, ані адклікаць яго Вы ня маеце права.

Такая сыстэма выгодная Лукашэнку таму, што забясьпечвае яму паўнаўладзьдзе і даўгавечнасьць ягонае ўлады. А плойма падхалімаў і дзяржаўная тэлевізія, на якой Вы ня бачыце праўдзівага адлюстраваньня падзеяў – гэта ўжо, так бы мовіць, спадарожны, але ня самы галоўны прадукт сыстэмы. І Лукашэнку ён, відавочна, ня надта замінае.

Мікола Жаўрук зь Менску піша пра тое, чым не задаволены ў нашых перадачах:

“На “Радыё Свабода” не чуваць беларускамоўных сьпеваў – вы тлумачыце, што якасьць трансьляцыі не дазваляе. А для англамоўных якасьць трансьляцыі аказалася добрая? Можа, хопіць рабіць прапаганду амэрыканскай “папсы”, якая і бяз вас добра “раскручаная”. Каб вас не называлі ворагамі ці здраднікамі, трэба “раскручваць” беларускамоўныя сьпевы”, – напісаў Мікола Жаўрук зь Менску.

Мы хацелі б, Мікола, каб на нашых хвалях гучала найперш добрая музыка – і беларуская, і амэрыканская. Спадзяемся, што ў хуткім часе, калі аб’ём нашага вяшчаньня пашырыцца, зьявіцца адмысловая музычная перадача, тады музыкі ды сьпеваў на нашых хвалях стане значна больш. І найперш, вядома, беларускіх.

А вось з Вашай катэгарычнасьцю дазвольце не пагадзіцца. Калісьці ў Савецкім Саюзе ўжо залічвалі ў “ворагі ды здраднікі” тых, хто слухаў ці прапагандаваў заходнюю музыку. Чым гэта скончылася – Вы добра ведаеце.

На тэму музыкі напісала й нашая слухачка спадарыня Фігарава зь Менску. У сваім лісьце яна выказвае такую прапанову:

“Варта было б вам аб’явіць конкурс на песьню, якая б стала беларускамоўным шлягерам, з запамінальнай і баявой мелёдыяй. Якую б ахвотна сьпявалі і маладыя, і сталыя. Зь якой бы пачыналіся мітынгі й шэсьці. Каб не даводзілася “Пагоню” сьпяваць на матыў “Варшавянкі”. Мелёдыя павінна быць эўрапейскаю – як, напрыклад, тае песьні, якую на апошнім конкурсе Эўравізіі выконваў адзін швэдзкі сьпявак. Толькі не давярайце гэта “дзядам”, якія за тры гады незалежнасьці не стварылі новы дзяржаўны гімн. Ганьба…”, – напісала спадарыня Фігарава зь Менску.

Дзякуем, спадарыня Фігарава, за прапанову. Спадзяёмся, калі ў нас зьявіцца новая музычная праграма, мы яе выкарыстаем. Вашыя назіраньні адносна сучасных беларускіх шлягераў падаюцца цалкам слушнымі. Хоць вінаватыя ў гэтым, верагодна ня толькі і ня столькі беларускія кампазытары, колькі агульная сытуацыя ў культуры, калі Беларусь апынулася цалкам паглынутай расейскамоўным культурным ды інфармацыйным асяродзьдзем.

Яшчэ адная цытата зь ліста спадарыні Фігаравай:

“Пісаць па-беларуску ня ўмею, але вашыя перадачы слухаю практычна штодня. Ведаю, што ў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Ізраілі, Злучаных Штатах поўна маладых эмігрантаў зь Беларусі. Хай бы яны на вашых хвалях распавядалі, як уладкаваліся, кім і дзе працуюць, якія там кошты на прадукты, жыльлё, аўтамабілі. Цікава параўнаць узроўні жыцьця, даведацца, чаго можна дасягнуць стараннай працаю і да чаго трэба імкнуцца нам у Беларусі.

Яшчэ адна прапанова – давайце больш гутарак ды інтэрвію зь лідэрамі маладзёвых суполак, у тым ліку арганізацыі “Край”,

– гэта быў ліст спадарыні Фігаравай зь Менску.

Часткова адказы на Вашыя пытаньні, спадарыня Фігарава, гучалі й гучаць у перадачы “У Сьвет на Заробкі” і ў нашых штодзённых інфармацыйных праграмах. Але ў любым выпадку за прапановы дзякуй, мы будзем мець іх на ўвазе.

Ліст ад Ангеліны Масюты, таксама зь Менску:

“Праглядваю апазыцыйныя незалежныя газэты – “Наша Свабода”, “Белорусская деловая газета”, “Белорусская газета”, “Салідарнасьць”, “Рабочы”, “Народная Воля”… І ў мяне паўстае пытаньне: да каго ж яны ў апазыцыі? Да рэжыму? Здаецца, не, бо з прадстаўнікамі рэжыму размаўляюць на адной мове, на мове акупанта.

Паглядзіце, пераважная большасьць тэкстаў у такіх газэтах – на расейскай мове, хоць у многіх з газэтаў беларускія назвы. Праўда, іншыя і назвы падабралі сабе якраз такія, каб дагадзіць абодвум гаспадарам, а найперш галоўнаму. Быццам не беларусы са сваёй культураю ў гэтай краіне – гаспадары.

Дык які ж гэта апазыцыйны друк? Ці могуць супрацоўнікі гэтых газэтаў супрацьстаяць рэжыму? А можа, ім, як той казаў, усё да лямпачкі, абы грошы плацілі? Такі друк не спрыяе адраджэньню нашага менталітэту, нашае культуры. Ён садзейнічае якраз тым, хто цягне нас назад, у кайданы расейскага рабства.

Цікава, што й зьмест гэтых газэтаў адпавядае мове. Адчуваецца расейскі, а не беларускі мэнталітэт. Газэты нецікавыя, у іх няма глыбокае думкі, вострых фактаў.

Я ўжо сёньня хачу бачыць Беларусь беларускай, а не напаўрасейскай дзяржаваю; хачу быць беларускай грамадзянкаю, а не немаведама кім, гібрыдам усіх нацыяў. А таму буду выпісваць ці купляць гэтыя газэты толькі тады, калі яны будуць напісаныя на маёй роднай, Богам дадзенай беларускай мове”,

– напісала Ангеліна Масюта зь Менску.

Яна таксама згадвае пра свой колішні ліст на гэтую ж тэму, які не трапіў у агляд пошты, і на гэтай падставе западозрыла, што мне недаспадобы тэма, якая закранаецца ў лісьце.

Лёс мовы – адная з нашых сталых тэмаў, і калі Вы часта слухаеце нас, шаноўная спадарыня Ангеліна, дык не маглі не заўважыць, што гэтая праблема нас трывожыць гэтак жа, як і Вас. Вашае права – адмовіцца ад падпіскі на газэты, якія друкуюцца не на беларускай, ці ня толькі на беларускай мове. На жаль, гэтак жа хутка й кардынальна вырашыць моўную праблему ў маштабах краіны немагчыма. Многія рэдактары й выдаўцы нават у названых вамі газэтах – шчырыя прыхільнікі Беларушчыны, але і яны мусяць улічваць сёньняшнія беларускія рэаліі – і эканамічныя, і палітычныя, і псыхалягічныя… Таму, відаць, ня варта адразу выносіць ім такі суровы й катэгарычны прысуд.

На заканчэньне – ліст Сяргея Магонава з Кобрыня Берасьцейскае вобласьці. Сяргей даслаў паведамленьне пра якасьць прыёму нашых перадачаў, а таксама невялікае пісьмо. Ён піша:

“Слухаю вас час ад часу, але лічу найпраўдзівейшай крыніцаю інфармацыі пра Беларусь. І заўсёды ў дні буйных палітычных акцыяў у Менску слухаю “Свабоду” а 22-й гадзіне”.

Вялікі дзякуй, Сяргей, Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага і напісаць нам. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG