Лецішча Васіля Старавойтава ў Крыме перадалі ва ўласнасць
Іне Старавойтавай, былой жонцы экс-старшыні “Рассвету”.
Кіраўскі раённы суд паставіў кропку ў гісторыі падзелу маёмасьці Васіля
Старавойтава. Днямі лецішча ў Крыме суд пастанавіў перадаць былой жонцы
былога старшыні “Рассвету” Іне Старавойтавай.
Дакумэнты пра спыненьне продажу лецішча з аўкцыёну накіраваныя кіраўскай
судзьдзёй Надзеяй Чмарай у адпаведныя інстанцыі Ўкраіны й Крыму.
Маёмасьць, якая адышла Іне Старавойтавай, суд ацаніў прыблізна на 5
000 даляраў. Гэта трохпакаёвая кватэра ў пасёлку Абрыкосаўка непадалёк
ад Фэадосіі, мэбля ў ёй, а таксама частка акцыяў былой акцыянэрнай гаспадаркі
“Рассвет”. Кіраўскі суд задаволіў прэтэнзіі Іны Старавойтавай на гэтую
маёмасьць, паколькі яна была нажытая разам з Васілём Старавойтавым за часам
іхнага сумеснага жыцьця.
Хаця сам Васіль Старавойтаў на лецішча правоў ужо ня мае і не прэтэндуе
на яго, рашэньне Кіраўскага суду ён ўсё ж вітаў.
(Старавойтаў: ) "Тое, што лецішча ў Крыме вяртаецца да сям'і — добра.
Што з таго, што гаспадар ня я? Ня мае значэньня. Гэта ж былая мая жонка,
дзеці могуць туды ехаць адпачываць. Так бы незаконна пагасілі лецішчам
пазыкі тыя — і якая б мне карысьць?"
Старавойтаў мае дзьве дачкі й чацьвёра ўнукаў. Пасля затрыманьня Васіля
Старавойтава судовы перасьлед спазналі сем'і абедзьвюх дачок былога старшыні
“Рассвету” — да ўмоўнага пакараньня была асуджаная дачка Тацяна; абодва
зяці атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.
Цяпер яны ўжо на волі. Сям'я старэйшай дачкі Старавойтава Натальлі,
якая раней узначальвала "рассветаўскі" банк, зьехала ў Маскву. Час ад часу
ў Мышкавічы, дзе жыве Старавойтаў, да яго прыяжджаюць унукі, і цяпер дзядуля
спадзяецца, што гэтыя наведваньні будуць часьцейшымі, бо ўнукі змогуць
карыстацца ягоным былым лецішчам у Крыме. Сам Васіль Старавойтаў кажа,
што езьдзіць туды не зьбіраецца.
Экс-старшыня “Рассвету” адмовіўся камэнтаваць зьмены ў стаўленьні да
ягонага лёсу, якія апошнім часам дэманструе судзьдзя Надзея Чмара. Нагадаю,
менавіта яна ачольвала судовую калегію, што асудзіла Старавойтава на трохгадовае
зьняволеньне.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1