Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У начы з 16-га на 17-га студзеня 1991 году ЗША разам з саюзнікамі распачалі паветраную апэрацыю супраць Іраку. Распачаліся маштабныя баявыя дзеяньні, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назовам “Вайна ў Затоцы”. На просьбу беларускай рэдакцыі супрацоўнік ірацкай службы Радыё свабода спадар Камран Аль-Карадагі адказаў на пытаньні ў сувязі з 10-годзьдзем падзеі…

(Карэспандэнт: ) “Якія былі асноўныя прычыны вайны ў Пэрсыдзкай Затоцы? І ці можна было яе пазьбегнуць, на Вашую думку?”

(Аль-Карадагі: ) “Я думаю, што галоўнай прычынай вайны, фактычна, было тое, што Ірак акупаваў Кувэйт, які быў і застаецца сувэрэннай арабскай дзяржавай -- сябрам Арабскай лігі ды ААН. Ірак анэксаваў гэтую краіну, абвесьціўшы, што Кувэйт ёсьць 19-й правінцыяй Іраку”.

“Некаторыя лічаць,” – сказаў далей сп. Аль-Карадагі, -- што, калі б Кувэйт ня быў багаты на нафту, дык, мабыць, заходнія краіны і не зьвярнулі б на яго ўвагі. Але факт у тым, што міжнародная супольнасьць, ААН вырашылі, што гэта была непрыхаваная агрэсія і што гэта недапушчальна. І таму пачалася вайна”.

На думку сп. Аль-Карадагі, пазьбегнуць яе было практычна немагчыма, бо цягам шасьці месяцаў з пачатку акупацыі і да пачатку вайны міжнародная супольнасьць, у тым ліку ЗША і Савецкі Саюз, далі ўсе магчымасьці Іраку сыйсьці з Кувэйту, аднак Ірак адпрынуў усе гэтыя магчымасьці.

На пытаньне пра вынікі той вайны для Іраку і рэжыму Садама Хусэйна Аль-Карадагі адказаў, што наступствы былі трагічныя.

Ірак вярнуўся назад на некалькі дзесяцігодзьдзяў у сэнсе эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця. Загінула шмат людзей, і ірацкі народ дагэтуль перажывае цяжкі час. Гэта і падзеньне маралі, і распад сем’яў, і страта сацыяльных каштоўнасьцяў. Нават калі санкцыі ААН будуць зьнятыя, спатрэбіцца шмат гадоў, каб аднавіць страчанае.

Што тычыць рэжыму Садама Хусэйна, дык на думку Камрана Аль-Карадагі, ён апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Хаця зараз многія краіны аднавілі дыпляматычныя стасункі з Багдадам, фактычна Ірак застаецца пад санкцыямі. Ірацкі рэжым ня ў стане цалкам аднавіць сваю ваенную моц і эканоміку. Акрамя таго, па выніках вайны, тры паўночныя правінцыі Іраку, дзе жывуць чатыры мільёны курдаў, зараз фактычна непадкантрольныя рэжыму.

Але зь іншага боку, Садам Хусэйн застаўся пры ўладзе, і народ Іраку па-ранейшаму ня мае ніякіх правоў, ня мае свабоды – падкрэсьліў спадар Аль-Карадагі.

Вядома, што кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае даволі актыўныя кантакты з Багдадам – перадусім ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Нядаўна Менск наведала даволі вялўкая ўрадавая дэлегацыя Іраку. У Багдадзе не аднойчы бываў зь візытам Уладзімер Замяталін. Зараз рыхтуецца візыт у Ірак Аляксандра Лукашэнкі. У адказ на пытаньне адносна гэтых стасункаў Камран Аль-Карадагі сказаў:

(Аль-Карадагі: ) “Некаторыя былыя рэспублікі СССР маюць сваё зацікаўленьне ў тым, каб падтрымліваць адносіны з такой моцнай краінай як Ірак. Беларусь таксама патрабуе эканамічнай дапамогі. Мабыць, зараз яна ня можа атрымаць ад Іраку ўсё, хто хоча, але, напэўна, яе кіраўнцітва разьлічвае на скасаваньне санкцыяў. І тады Беларусь атрымае для сябе карысьць. Для Іраку гэта таксама вельмі важна.

У апошнія гады Ірак усталяваў шчыльныя сувязі з Расеяй і Беларусью і спрабуе ўсталяваць іх таксама з Украінай і некаторымі іншымі краінамі, асабліва ў ваенных адносінах.

Беларусь, як вядома, захавала дагэтуль пэўны ваенны патэнцыял, які застаўся з часоў СССР. У міжнарожднай прэсе, у тым ліку арабскай, часу ад часу зьяўляюцца паведамленьні аб тым, што Ірак тайна атрымлівае ваенныя запчасткі, узбраеньні і зь Беларусі, і з Расеі, і з Украіны. І таму мне здаецца, што адносіны паміж рэжымам Лукашэнкі і ірацкім рэжымам будуць разьвівацца, і яшчэ больш узмоцняцца ў бліжэйшым будучым”.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG