Сёньня 235 год з дня нараджэньня славутага кампазытара, дыплямата, паўстанца
Міхала Клеафаса Агінскага. Напярэдадні, у нядзелю, у мястэчку Залесьсе
на Смаргоншчыне, дзе сям’я Агінскіх пражыла больш за 20 гадоў, адбылася
сьвяточная імпрэза. Але сьвята атрымалася з сумным падтэкстам: цудоўная
мясьціна, некалі названая сучасьнікамі Агінскага Паўночнымі Афінамі, гіне
пад гнётам часу.
Насуперак спадзяваньням, масавага паломніцтва аматараў мазуркаў ды паланэзаў
у Залесьсе не было. Рэшткі былой раскошы мала спрыяюць размовам аб высокіх
пачуцьцях. Прамыя нашчадкі Агінскага, якія зараз жывуць пераважна ў Англіі,
адзначаюць чарговую гадавіну ў Гузаве пад Варшавай, дзе Міхал Клеафас нарадзіўся
235 год таму. Ды і ўвогуле мерапрыемства ў Залесьсі адбылося выключна дзякуючы
намаганьням мастака-рэстаўратара Сяргея Верамейчыка. 10 год таму, на хвалі
адраджэньня, Верамейчык пакінуў Менск з намерам паспрыяць аднаўленьню фальварка.
Менавіта тады, ў 90-ым годзе, на гістарычных руінах упершыню загучалі гукі
палянэзу: так заявіў пра сябе створаны Верамейчыкам дзіцячы тэатар “Альтанка”.
Але вайна з бюракратыяй пакуль не на карысьць Верамейчыка: аднаўленчыя
працы ў некалі велічным маёнтку амаль не вядуцца. Таму заяўляць пра сябе
даводзіцца пераважна юбілейнымі імпрэзамі.
Гаворыць Сяргей Верамейчык.
(Верамейчык: ) “Гэта было ўжо дзясятае сьвята. Яно называлася “Пошукі
бэльвэдэра”. Каля бэльвэдэра, які мы знайшлі ў парку, было месца для гледачоў,
была сцэна, было больш за 100 чалавек. Прыяжджала суполка студэнтаў зь
Віцебску, зь Менску быў гурт-трыо “Старажытная Літва”. “Альтанка” сьпявала
ўрыўкі з опэры “Вечар у Паўночных Афінах”. Гэта гульня ў опэру. “Ратуша”
была з Гародні. Яны прывезьлі Шалкевіча, Шалкевіч тут выступаў. Мы бэльвэдэр
шукалі паводле паэмы Аляксандра Ходзькі 1922 года “Залесьсе”. У ёй мы знайшлі
бэльвэдэр і па ёй шукалі. Ён застаўся з часоў Агінскіх. У маёнтку была
выстава гурта дзіцячых працаў “Апалонік”, партрэты Агінскага, маёнтак…”
Больш за 20 гадоў сям’я Агінскіх пражыла ў Залесьсі. Менавіта тут быў
створаны знакаміты палянэз ля-мінор, які сасланыя ў Сібір ўдзельнікі паўстаньня
пазьней назвалі “Разьвітаньне з Радзімай”. Найгоршыя для маёнтка дні наступілі
пасьля верасьня 1939 году.
Першае, што зрабілі бальшавікі, гэта ўшчэнт разрабавалі бясцэнную маёмасьць.
Хутка апусьцелыя пакоі былі перапрафіляваны ў ведамасны дом адпачынку.
Пасьля вайны тут разьмясьцілі дом састарэлых. Напачатку 70-ых парадкам
апаганеная тэрыторыя перадаецца на балянс завода “Смаргоньсілікатабетон”,
і ў хуткім часе тут адчыняецца прафілякторыя для рабочых. А калі побач
быў пабудаваны стацыянарны дом адпачынку, сядзіба наогул аказалася без
гаспадара. Барварскае расьцягваньне маёнтку на будаўнічыя матэрыялы ўвайшло
ў новую стадыю. Велічныя ангельскі ды французкі паркі зарасьлі і зьдзічэлі.
На ўзроўні райкама КПБ нават абмяркоўвалася пытаньне, так бы мовіць, “бульдозернай
атакі”: на месцы сядзібы зьбіраліся пабудаваць машынна-трактарны стан.
Напачатку 90-ых у Залесьсі зьявіўся польскі камэрсант-будаўнік Тадэвуш
Полак, які браўся аднавіць сядзібу цягам году. Але пакуль рэспубліканскія
бюракраты высьвятлялі, у чыім падпарадкаваньні знаходзіцца помнік культуры,
у пана Полака скончылася цярпеньне. Аднаўленчыя працы ўрэшце былі даручаны
бясконца далёкаму ад нормаў ды паняцьцяў рэстаўрацыі будаўнічаму упраўленьню
са Смаргоні. Мінулым годам будаўнікі асвоілі толькі 200 мільёнаў недамінаваных
рублёў – гэта ўсё, на што ў фінансавым пляне аказаўся здольны заказчык
– міністэрства культуры. Іншымі словамі, крыху больш за $200 на рэанімацыю
занядбалай тэрыторыі. Гэты год ў сэнсе грашовых ін’екцыяў таксама ня стаў
пераломным. Калі народ галадае, духоўная ежа выглядае слабым замяшчальнікам.
Менавіта гэта адчувае на сабе і Сяргей Верамейчык: 10 год ён дамагаецца
перадачы пад дзіцячую студыю аднаго з пустуючых пакояў маёнтка, бо зараз
дзеці займаюцца ў пераабсталяванай школьнай прыбіральні. Чыноўнікам гэта
непатрэбна. Як непатрэбны і фінансаваёмісты фронт работ па аднаўленьню
гістарычнай спадчыны.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1