Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ізраільская армія інтэнсыфікавала антыпартызанскія апэрацыі, а верталёты нанесьлі учора ўвечары ракетныя ўдары па офісах самога Арафата, трох сядзібах Аль Фатах на заходнім беразе Ярдану і ў сэктары Газа. Што гэта азначае для мірнага працэсу на Блізкім Ўсходзе?

Ізраільскія ўдары былі яўнай перасьцярогай на адрас палестынцаў. “Паколькі палестынцы спрабуюць пачаць, альбо ўжо пачалі, нешта накшталт партызанскай вайны, учорашняя атака была сыгналам, як мы адкажам на яе”,—заявіў у тэлеінтэрвію намесьнік міністра абароны Ізраілю Эфрэм Снэх. Верталёты ўдарылі па трох штабкватэрах арганізацыі Ясіра Арафата Аль Фатах. Ізраіль лічыць, што аб магчымасьці атакі на канкрэтныя аб’екты Ізраіль папярэдзіў палестынцаў, каб тыя маглі загадзя эвакуавацца. Дзякуючы гэтаму ніхто не пацярпеў.

Акцыя ізраільскіх верталётаў на офісы адміністрацыі самога Арафата яўна сьведчыць аб тым, што крызіс паглыбляецца і робіцца ўсё больш крывавым. Учора ўпершыню ва ўсходнім Ерузаліме загінулі два ізраільскія вайскоўцы. У пятніцу ў Рамала ў аўтамабілі згарэў раней застрэлены іншы ізраільцянін. Учора палестынцы абстрэльвалі ізраільскія пастарункі ў Рамала, Наблусе, Тулкарм і Ерыхоне.

З важнай дэклярацыяй выступіў учора прэмер Ізраілю Барак. Раней ён ня здолеў дамовіцца з правай партыяй Лікуд аб стварэньні новага ўраду, аднак заручыўся падтрымкай рэлігійнай партыі Шас. Мабыць таму ў ягонай прамове прагучэлі і ваяўнічыя акцэнты, якіх чакалі ад яго многія дэпутаты, як і некаторая гатоўнасьць да кампрамісу, якіх чакалі палестынцы.

На адкрыцьці восеньскай сэсіі Кнэсэту ён заявіў, што яшчэ верыць у магчымасьць міру з палестынцамі, але адзначыў, што шанцаў на мір усё менш, паколькі няма партнэра для дыялёгу. Паводле Барака, “перамовы трэба весьці за сталом, а не на вуліцах з дапамогай каменьняў і страляніны. Ня будзе ніякай узнагароды за гвалт. Адмаўляючыся ад дагавору з Кэмп Дэйвіду, палестынцы страцілі магчымасьць зьдзейсьніць прынамсі частку сваіх мараў, і пры гэтым высокую цану плаціць Ізраіль. У такой сытуацыі Ізраіль ня пойдзе на ніякія саступкі пад пагрозай гвалту і атакаў з боку палестынцаў,” – адзначыў прэм’ер Эхуд Барак. Аднак цалкам ён ня выключыў магчымасьці вярнуцца за стол перамоваў.

З тым, што ў зрыве мірнага працэсу і эскаляцыі гвалту вінаваты толькі палестынскі бок, не пагадзіліся ня толькі кіраўнікі палестынскай аўтаноміі, але і арабскія дэпутаты Кнэсэту. Яны ўзьнялі партрэты 13-ці палестынскіх грамадзянаў Ізраілю, забітых цягам апошняга месяца. “Гэта ты зьнішчыў мір!”—крычаў палестынскі дэпутат Ісам Магул. На Барака накінуліся таксама свае, хаця цалкам з адваротнай прычыны. Лідэр загаданай правай партыі Лікуд Шарон заявіў, што наагул мірныя пагадненьні з Кэмп Дэйвіду былі саступкай Арафату. “Ізраіль паказаў сябе тыды слабым пры ўсёй сваёй сіле,”—сказаў Шарон, якога абвінавачваюць у тым, што ён непасрэдна справакаваў крывавыя сутычкі.

У такой складанай палітычнай сытуацыі армія схільная пераняць ініцыятыву. Начальнік штабу ўзброеных сілаў Ізраілю генэрал Мафаз заявіў, што “заміж адказу на непасрэдныя атакі, армія можа перайсьці да наступу”. Кіраўнік палестынскай разьведкі Ціраві адрэагаваў ня менш ваяўніча: ”Калі Мафаз думае, што ён будзе атакаваць сядзібы Аль Фатах, а мы яму ўзамен падаруем кветкі, дык ён моцна памыляецца”. Камандзір міліцыі Танзім у Рамала – Баргуці – адзначыў, што за апошнія дзеяньні, высокую цану заплацяць ня толькі палестынцы, але і Ізраіль.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG