Ужо тры месяцы ў калгасе “Ленінскі шлях” Смалявіцкага
раёну дзейнічае сумеснае прадпрыемства “ШтоцАграСэрвіс” на фінансавай і
тэхнічнай базе аднаназоўнае нямецкае кампаніі. Мэта супрацоўніцтва — рэальнае
рэфармаваньне калгасу, пераўтварэньне яго ў рынкавую высокарэнтабельную
аграрную фірму.
Днямі мэханізатары калгасу “Ленінскі шлях” упершыню за апошнія дзесяць
гадоў атрымалі за восеньскія ўборку й сяўбу такі значны заробак — па некалькі
сотняў даляраў.
Цікава, што ані беларускі дырэктар прадпрыемства, кіраўнік гаспадаркі
спадар Стасевіч, ані германскі дырэктар пан Штоц не пераглядалі пакуль
у бок павялічэньня кошты тых ці іншых работ. Значныя сумы заробленыя людзьмі
адно дзякуючы надзвычай прадукцыйнай і якаснай нямецкай тэхніцы. Зь ёю,
паводле прызнаньня калгасных спэцыялістаў, нельга нават параўноўваць айчынныя
ці расейскія адпаведнікі.
Як жа сяляне рашыліся сёлета 26 ліпеня разьвітацца з калгасам “Ленінскі
шлях”?
Гаворыць Міхал Стасевіч:
“Людзі бачаць, што трэба шукаць нейкае выйсьце. Адчуваньне — што трэба
нешта мяняць у нашым жыцьці. Але пры 70-адсоткавае зношанасьці тэхнічнага
парку без пабочнае дапамогі, без інвэстыцыяў казаць пра сур’ёзнае рэфармаваньне
вельмі цяжка. Таму й была дадзена прынцыповая згода людзей на супрацоўніцтва
з панам Штоцам”, — заўважыў спадар Стасевіч.
Міхал Стасевіч лічыць, што ягоны нямецкі партнэр крыху рызыкуе. Бо менскае
начальства яшчэ не зацьвердзіла стварэньне сумеснага прадпрыемства, а пан
Штоц ужо на траціну абнавіў тэхнічны парк гаспадаркі, уклаў у хімічную
апрацоўку палеткаў, у элітнае збожжа, якім зараз праведзеная сяўба, сотні
тысячаў даляраў.
Спадар Штоц спадзяецца, што беларускія ўлады, якія, паводле заўвагі
Міхала Стасевіча, замарозілі сваё ж рашэньне пра ліквідацыю да 1 жніўня
2000 года калгаснае формы ўласнасьці, дазволяць яму арандаваць спачатку
землі “Ленінскага шляху”, а затым яшчэ трох суседніх гаспадарак Смалявіцкага
раёну. Бо, паводле праекту Штоца—Стасевіча, беларускія сяляне на дзесяці
тысячах гэктарах праз чатыры-пяць гадоў мусяць паводле нямецкіх аграрных
тэхналёгіяў атрымліваць ад 70 да 120 цэнтнэраў збожжа “на круг”, утрымліваць
5 тысячаў кароў, зь іх дзьве тысячы складуць дойны статак — з гадавым надоем
малака ад кожнай па сем тысячаў літраў. Тут жа немцы зь беларусамі збудуюць
некалькі заводаў дзеля перапрацоўкі малака, мяса ды выпрацоўкі алею з рапсу.
Гэты цікавы праект, — кажа Міхал Стасевіч, — без захапленьня быў сустрэты
ў выканкаме. Цяпер тут, акрамя начальніка раённага “сяльгасхарчу”, са старшынём
“Ленінскага шляху” нават не вітаюцца. Да ўсяго ў міністэрствах замежных
справаў і сельскае гаспадаркі яшчэ ня вырашылася пытаньне пра ўваходжаньне
прадпрыемства ў свабодную эканамічную зону “Менск” дзеля зьмяншэньня мытных
выплатаў за пастаўку нямецкае тэхнікі.
Тым ня меней, сяляне паверылі ў лепшую долю, што ім нясе, як яны зараз
кажуць, Эўропа. Закончу гэты рэпартаж словамі мэханізатара Аляксандра Чарныша:
“Шчас павярнулася ўсё ў лучшую сторану. Так што, я думаю, будзем работаць”.
Алесь Мікалайчанка,
вёска Забалацьце Смалявіцкага раёну
вёска Забалацьце Смалявіцкага раёну