Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 19 кастрычніка)
Місія Міжнароднай арганізацыі працы прадоўжыла ў Менску разгляд канфлікту паміж уладаю і прафсаюзамі. Улады на перамовах прадстаўлялі другарадныя асобы, якія не ўпаўнаважаныя прымаць адказныя рашэньні.

Місія Міжнароднай арганізацыі працы, якую ўзначальвае намесьнік генэральнага дырэктара і адначасова выканаўчы дырэктар Міжнароднага Бюро працы Кары Тапіола, сустрэўся сёньня зь віцэ-прэм’ерам Андрэям Кабяковым, міністрам юстыцыі Генадзем Варанцовым і шэрагам іншых урадавых чыноўнікаў.

Як стала вядомым з дасьведчаных крыніцаў, гэткі прыём другараднымі асобамі дзяржавы місія палічыла зьневажальным. На пытаньне нашага радыё, ці сапраўды гэта так, Кары Тапіола адказаў наступным чынам:

“Мы зазначылі, што хочам сустрэцца з кампэтэнтнымі асобамі, якія здольныя адказаць на нашыя пытаньні й патлумачыць пазыцыю. Я сказаў бы, што ўзровень прыёму мог быць вышэйшы. Аднак я сказаў потым, што мы зыходзім з таго, што тыя асобы, зь якімі мы вядзем перамовы, адлюстроўваюць пазыцыю тых інстанцыяў, якія яны прадстаўляюць. На жаль, я не магу распавесьці пра падрабязнасьці, таму што нашыя дыскусіі былі канфідэнцыйнымі. Потым мы зробім нашыя высновы”, — зазначыў спадар Тапіола.

Такое стаўленьне ўладаў да аднаго з кіраўнікоў Міжнароднай арганізацыі працы ды іншых прадстаўнікоў місіі атрымала розгалас і ў прафсаюзных колах. Вось што зазначыў з гэтае нагоды адзін зь ініцыятараў звароту да міжнароднае супольнасці ў сувязі з парушэньнямі ў Беларусі правоў прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў:

“На такім ўзроўні прыехаў кіраўнік Міжнароднай арганізацыі працы, і ён павінен быў бы сустракацца зь першымі асобамі дзяржавы. Таму што пытаньне тычыцца істотных пытаньняў — узаемных дачыненьняў прафсаюзаў і дзяржавы. Але беларускія ўлады сьвядома пайшлі на зьніжэньне гэтага ўзроўню сустрэчаў. Гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава ня мае намеру карэктаваць сваю палітыку ў дачыненьні да прафсаюзаў, не жадае спыняць умяшаньне ў справы прафсаюзаў. Вось чаму яны сьвядома пераадрасавалі прыём прадстаўнікоў уплывовае міжнароднае структуры на чыноўнікаў з другога шэрагу. Але ж гэта ня тыя людзі, якія маюць права прымаць рашэньні”, — лічыць Аляксандар Бухвостаў.

Дарэчы, Аляксандар Бухвостаў быў у ліку прафсаюзных лідэраў, зь якімі таксама сёньня сустракалася місія. Гэтыя лідэры, што прадстаўлялі й Фэдэрацыю, і Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, распавялі спадару Тапіолу пра новыя факты ўмяшаньня ўладаў у прафсаюзную дзейнасьць.

У прыватнасьці, місія была паінфармаваная пра падзеі на берасьцейскім заводзе “Цветатрон”, дзе два дні таму ўлады учынілі гвалт у дачыненьні да працаўнікоў прадпрыемства, каб заснаваць тут “уласны”, паслухмяны прафсаюз.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG