Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі парлямэнцкае “тройкі”, бальшыня якіх прыехала ў Беларусь сёньня, сьцьвярджаюць, што ня маюць статуса міжнародных назіральнікаў за выбарамі. Разам з тым, сябры эўрапейскае дэлегацыі ня вырашылі не даваць сваіх камэнтароў адносна пабачанага ў Беларусі да выніковае прэсавае канфэрэнцыі, якая адбудзецца ў Менску 16 кастрычніка.

Адразу па прылёце ў Менск, дакладчык у справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрандт, кіраўнік падкамітэту Эўрапарлямэнту Ян Віерсма, а таксама іншыя прадстаўнікі эўрапейскіх структураў накіраваліся у амбасаду Францыі, дзе адбылася нарада з амбасадарамі краінаў ЭўраЗьвязу, што працуюць у Беларусі. Нарада працягвалася даволі доўга, і пасьля яе заканчэньня Вольфганг Бэрандт паведаміў нашаму радыё:

“Мы прыехалі сюды ня ў якасьці афіцыйных міжнародных назіральнікаў, а як прадстаўнікі нашых парлямэнтаў. І мы хочам мець асабістае ўяўленьне пра тое, як тут праходзяць выбары. Мы — не назіральнікі. Каб я быў назіральнікам, дык прехаў бы ў Беларусь нашмат раней і нас было б нашмат болей, а так мы прыехалі толькі ўтрох. Сёньня таксама мы сустрэліся з прадстаўнікамі амбасадаў краінаў ЭўраЗьвязу й сяброў Рады Эўропы і скаардынуем нашыя дальнейшыя дзеяньні”, — паведаміў дакладчык у справах Беларусі Эўрапейскага парлямэнту Вольфганг Бэрандт.

З францускай амбасады, дэлегацыя эўрапейскае “тройкі” накіравалася на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая сустрэча больш нагадвала маналёг аднаго чалавека… А.Лукашэнка доўга гаварыў пра тое, што Беларусь выканала ўсе патрабаваньні міжнародных структураў і цяпер чакае ўзаемнасьці ад Эўропы. “Што мы яшчэ ня выканалі, каб вы прызналі нашыя выбары?”, — пытаў А.Лукашэнка сяброў “тройкі”. “Эўрапейцы” больш слухалі й натавалі ягоныя выказваньні…

Пасьля сустрэчы са спадаром Лукашэнкам старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, дакладчык у справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрандт і кіраўнік падкамітэту ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Ян Віерсма вырашылі не даваць журналістам ніякіх камэнтароў адносна сваіх сустрэчаў да заканчэньня візыту, г. зн. да 16 кастрычніка, каб ня быць абвінавачванымі ў прадузятасьці.

Тым ня менш прадстаўніца Эўрапейскага парлямэнту спадарыня Элізабэт Шродтэр невялікі камэнтар нашаму радыё ўсё ж такі дала. Гаворыць Элізабэт Шродтэр:

“Мы прыехалі паглядзець на агульную сытуацыю, прааналізаваць тое, што адбываецца цяпер, і што будзе пасьля выбараў. Я яшчэ раз заяўляю, што мы — не афіцыйныя назіральнікі за выбарамі і ня дзеля таго сюды прыехалі. У нас іншыя задачы. Беларускія ўлады ня выканалі ўмовы, каб выбары былі свабодныя. Мы прыхалі дзеля збору інфармацыі, бо мы зацікаўленыя, каб Беларусь ня трапіла ў ізаляцыю, а назіраньне за выбарамі — ня нашая задача”, — паведаміла нашаму радыё Элізабэт Шродтэр.

Увечары сябры эўрапейскае “тройкі” сустракаліся зь лідэрамі беларускай апазыцыі. Сустрэча адбывалася ў будынку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ. Там “эўрапейцаў” сустракаў пікет сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ. Пікетоўцы патрабавалі неадкладнай адстаўкі старшыні КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка. Пікетоўцы таксама пратэставалі супраць назіраньня за выбарамі эўрапейскай “тройкаю”.

Статус міжнародных назіральнікаў, нададзены сябрам “тройкі” беларускай Цэнтравыбаркамай, таксама не спадабаўся і лідэрам аб’яднанай апазыцыі, што прыйшлі на сустрэчу з “эўрапейцамі”. Апазыцыянэры доўга вагаліся — браць удзел у такой сустрэчы ці не… Толькі пасьля таго, як сябры “тройкі” запэўнілі апазыцыю, што прыехалі ня дзеля назіраньня за выбарамі, а статус назіральнікаў беларускія ўлады надалі ім супраць іхнае волі, спадары Вячорка, Лябедзька, Калякін, Нісьцюк, ды іншыя пагадзіліся на сустрэчу. Гэтая сустрэча скончылася позна ўвечары і яе вынікі невядомыя.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG