Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Распачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Наш карэспандэнт наведаў участак для галасаваньня ў цэнтры Менску, у Купалаўскай выбарчай акрузе, і даведаўся, што іншагароднім студэнтам настойліва раяць галасаваць ужо цяпер.

Найбліжэйшы да прэзыдэнцкае рэзыдэнцыі выбарчы ўчастак месьціцца на вуліцы Карла Маркса, у будынку філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Як і паўсюль у Беларусі, сёньня тут распачалося датэрміновае галасаваньне. Усяго выбаршчыкаў у сьпісах менш за 2 тысячы, але гэты ўчастак ужо мае 500 бюлетэняў. Каб атрымаць бюлетэнь, дастаткова прад’явіць пашпарт — прычыну датэрміновага галасаваньня тлумачыць ня трэба.

На ўчастку разам зь дзьвюма прадстаўніцамі выбарчае камісіі ёсьць і міліцыянт, які назірае за парадкам. Цікава, што паміж выбаркамаўкамі ды міліцыянтам стаіць урна для бюлетэняў, але няма кабінкі для таемнага галасаваньня.

За дзьве гадзіны прагаласавалі 5 грамадзянаў — два студэнты ды сям’я пажылых людзей. Але за некалькі хвілінаў маёй прысутнасьці лік выбаршчыкаў-датэрміноўшчыкаў павялічыўся да 12, бо прыйшла групка студэнтак. Яны ўвайшлі ў пакой якраз тады, калі мне распавядалі, што супрацоўнік міліцыі кантралюе ўчастак ад учорашняга дня й кругласутачна.

Студэнткі зь інтэрнату вырашылі прагаласаваць датэрмінова, бо на выхадныя паедуць зь Менску дадому. Але адна са студэнтак нават на ўчастку заявіла:

(Студэнтка: ) “Мы ня ведаем нашых кандыдатаў, бо кампанія арганізаваная вельмі кепска”.

Пасьля галасаваньня я ўзяў у адной са студэнтак — Тацяны Куцэнкі — невялікае інтэрвію.

(Карэспандэнт: ) «Вы за каго прагаласавалі?»

(Тацяна: ) «Я прагаласавала за Курса…»

(Карэспандэнт: ) «Лібэрал-дэмакрата?»

(Тацяна: ) «Так, бо я палічыла, што ён самы малады, ён больш за ўсіх можа бараніць інтарэсы моладзі».

(Карэспандэнт: ) «Вось заклікалі да байкоту. Вы ўсё ж прышлі прагаласаваць…»

(Тацяна: ) «Так, я лічу сябе грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, і я павінна выконваць некаторыя патрабаваньні нашай рэспублікі. Лічу, што я павінна ўнесьці свой голас ва ўсеагульную плыню галасаваньня».

Гэта была Тацяна Куцэнка. Высьветлілася, што ейныя сяброўкі разам зь ёю таксама прагаласалі за лібэрал-дэмакрата Андрэя Курса, хоць напачатку зьбіраліся аддаць галасы за таксама маладога Ўладзімера Навасяда, які раней быў у Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Вось як патлумачылі перамену настрою Ірына ды Сьвятлана, якія не пажадалі назваць свае прозьвішчы…

(Ірына: ) «Проста на самой справе такая выбарчая кампанія, што мы мала ведаем пра сваіх прадстаўнікоў. Усё так ціха праходзіла…»

(Сьвятлана: ) «Всё настолько глухо…»

(Карэспандэнт: ) «Да байкоту як Вы ставіцеся?»

(Ірына: ) «Адносна нэўтральна. Можа мы і падтрымліваем унутрана, але ў нас няма свабоды слова – нас, студэнтаў, проста выключаць…»

Пасьля інтэрвію на ўчастку зьявіўся й назіральнік ад Свабоднага прафсаюзу Ўладзімер Гінтоўт, таксама студэнт. Вось што ён паведаміў:

(Гінтоўт: ) «У суботу я зарэгістраваўся на першым паседжаньні камісіі, арганізацыйным, праверыў гатоўнасьць участка, прысутнічаў сёньня пры апячатваньні. Ёсьць у мяне яшчэ такія абавязкі, як хадзіць ва ўнівэрсытэт, таму вось я прыйшоў троху папрацаваць», — сказаў спадар Гінтоўт.

Ён склаў адмысловы пратакол пра назіраньне за галасаваньнем ды пайшоў вучыцца далей.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG