Сёньня ў Жабiнцы — раённым цэнтры ў Берасьцейскай вобласьцi
— прайшоў суд над Генадзем Самойленкам, якога абвiнавацiлi ў агiтацыi жыхароў
гэтага гораду за няўдзел у выбарах у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў».
А ў Берасьцi адбылiся чарговыя затрыманьнi тых, хто заклiкае байкатаваць
гэтыя выбары.
Генадзь Самойленка быў затрыманы ўранку 3 кастрычнiка на чыгуначнай
станцыi Жабiнка й дастаўлены ў мясцовы РАУС, дзе яго чакала ня толькi раённае,
але й абласное мiлiцэйскае начальства. Там на яго быў складзены пратакол
за нiбытае парушэньне заканадаўства ў выбарах.
Спадара Самойленку абвiнавацiлi ў тым, што ўвесь горад залеплены агiтацыйнымi
матэрыяламi, скiраванымi на байкот выбараў у «Палату прадстаўнiкоў», i
распаўсюджвае гэтыя матэрыялы менавiта ён. Пасьля гэтага затрыманага апазыцыянэра
адвезьлi ў Жабiнкоўскi раённы выканкам, а потым — у раённы суд. Але ў той
дзень суд не адбыўся, бо Генадзь Самойленка запатрабаваў сабе грамадзкага
абаронцу.
Сёньня, не зважаючы на довады юрыста правабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзiмера
Малея, суд прызнаў Самойленку вiнаватым i забавязаў сплацiць штраф памерам
тры мiнiмальныя заробкi.
Тым часам 6 кастрычнiка ў Берасьцi быў затрыманы кiраўнiк абласное філіі
праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзiмер Вялiчкiн. А 12-й гадзiне ён зьявiўся
ля ўваходу ў цэнтральную ўнiвэрсальную краму гораду зь плякатам, на якiм
было напiсана: «Я на выбары не пайду. Усё роўна падмануць. Аляксандар Лукашэнка.
1995 год». Такiм чынам спадар Вялiчкiн вырашыў нагадаць берасьцейцам словы
першага беларускага прэзыдэнта пад час папярэднiх выбараў у парлямэнт.
Адначасова Ўладзiмер Вялiчкiн распаўсюджваў улёткi зь заклiкам байкатаваць
выбары i ўзяць удзел у мiтынгу, што адбудзецца ў Берасьцi 8 кастрычнiка.
Разам зь Вялiчкiным былi затрыманыя яшчэ тры чалавекi — Васiль Андрасюк,
Сяржук Грынь i Вiктар Апаляўчук. Iх адвезьлi ў Ленiнскi РАУС: пасьля адпаведнае
нарады мiлiцэйскае кiраўнiцтва вырашыла не складаць пратаколаў, а толькi
перапiсаць прозьвiшчы i адрэсы затрыманых. Мiлiцыя сканфiскавала вышэйзгаданы
плякат, а вось улёткi былi вернутыя i хутчэй за ўсё будуць распаўсюджаныя
напярэдаднi мiтынгу ў блiжэйшую нядзелю.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1