Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Байкатаваць выбары 15 кастрычніка заклікаў сваіх сяброў Свабодны прафсаюз. Пра гэта ягонае кіраўніцтва абвесьціла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Нэгатыўнае стаўленьне Свабоднага прафсаюзу да ўдзелу ў выбарах 15 кастрычніка, як вынікае з тлумачэньня ягонага лідэра Генадзя Быкава, сталася наступствам двух фактараў. Па-першае, гэта тлумачыцца антыпрафсаюзнай палітыкаю ўладаў.

Гаворыць Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Калі ты ў свабодным прафсаюзе, цябе выгнаць могуць. А калі толькі ствараецца структура – гэта вельмі вялікія праблемы ў людзей, бо тут вялікі ціск. Вось, напрыклад, на “Хімвалакне” у Горадні ў вочы кажуць: “Вось табе два тыдні. Альбо з прафсаюза выходзіш…” Ёсьць заявы гэтых людзей”, — зазначыў Генадзь Быкаў.

Па-другое, Свабодны прафсаюз, паводле словаў Генадзя Быкава, зьяўляецца адным з ручаёў агульнадэмакратычнага руху краіны:

(Быкаў: ) “Свабодны прафсаюз рабіў так, як рабіў Кангрэс дэмакратычных сілаў і Рада дэмакратычных партыяў. Нашая пазыцыя такая. Мы ня ўдзельнічаем у выбарах. Прафсаюзы наогул не павінныя ніякіх прадстаўнікоў туды пасылаць, нельга, каб дэпутаты ад прафсаюзаў былі. Другі пункт – мы адразу сказалі, што мы будзем удзельнічаць у назіраньні за выбарамі. Вось нашая пазыцыя па выбарах”.

(Карэспандэнт: ) “Якім чынам вы зьбіраецеся назіраць за выбарамі?”

(Быкаў: ) “Мы дэлегуем прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюза на ўчасткі. Мы зрабілі памятку-інструкцыю як сябе паводзіць. У адрозьненьне ад іншых арганізацыяў, наш прынцып такі – дзе жывеш, дзе галасуеш – той участак бярэш”, — зазначыў лідэр Свабоднага прафсаюзу.

Дарэчы, паводле прафсаюзных крыніцаў, улады зараз прыкладаюць шмат намаганьняў, каб уцягнуць у выбарчую кампанію працоўныя калектывы. Пра сытуацыю на менскім заводзе аўтаматычных лініяў распавёў нашаму радыё лідэр мясцовае суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхал Вотчыц:

(Вотчыц: ) “У нашай калектыўнай дамове напісана, што ўсялякія палітычныя акцыі ці палітычная дзейнасьць на прадпрыемстве забароненая. Таксама забароненая агітацыя па выбарах. Але працаўнікі заводу ўдзельнічаюць у працы выбарчых участковых камісіяў, ёсьць прадстаўнікі заводу ў акружной камісіі, ходзяць па хатах, зьбіраюць сьпісы выбаршчыкаў. Мабыць, хтосьці і агітуе дзесьці ходзіць. Мы агітуем за байкот, іншыя агітуюць за выбары. Дарэчы, у нас на заводзе працуе старшыня акруговай камісіі. Большасьць, з кім я размаўляю, ходзячы па заводзе, на выбары ня пойдзе. Большасьць”, — паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу аўтаматычных лініяў Міхал Вотчыц.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG