Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ўвечары ў Парыжы прэм’ер Ізраіля Эхуд Барак, палестынскі лідэр Ясір Арафат і дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт дасягнулі папярэдняга пагадненьня, якое павінна закончыць семідзённыя хваляваньні ў Ізраілі і на палестынскіх тэрыторыях.

Надзвычай цяжкія перамовы, якія адбываліся у вельмі напружанай абстаноўцы павінны былі сёньня працягвацца ў егіпецкім курорце Шарм-эль-Шэйк у Егіпце, але выглядае, што доўгачаканага канчатковага ўргуляваньня ня будзе.

Нагадаю, гвалт на палестынскіх тэрыторыях пачаўся тыдзень таму, калі лідэр правай партыі Лікуд-Арыель Шарон дэманстратыўна наведаў сьвятыя месцы мусульманаў ва ўсходнім ў Ерузаліме. Гэта абурыла палестынцаў і маладыя людзі пачалі атакаваць каменьнямі ізраільскіх вайскоўцаў. Тыя перш адказвалі газам і гумовымі кулямі, а потым пайшла ў ход агнястрэльная зброя, бранэтранспартэры і авіяцыя. Бачачы настроі ў грамадзтве, нават Арафат не спрабаваў утаймоўваць суайчыньнікаў. На сёньня ў найгоршых за апошнія чатыры гады сутычках загінулі агулам 70 чалавек, і каля дзьвюх тысяч параненыя, пераважна палестынцаў ды ізраільскіх арабаў.

Згодна ўчорашняму пагадненьню, палестынскія ўлады ня будуць дапускаць сваіх суайчыньнікаў да найбольш запальных кропак у Рамала, Наблусе і Нэцарым. На думку аглядальнікаў, палестынскім уладам будзе вельмі цяжка зьмякчыць гнеў і жаданьне помсты з боку тых, хто ўдзельнічалі ў сутычках з ізраільскай арміяй. Са свайго боку Ізраіль абяцаў перадыслякаваць свае сілы ў раёне палестынскіх гарадоў і адкрываць агонь толькі ў скрайніх выпадках. Танкі і броентранспартэры былі адведзеныя ад найбольш неспакойных гарадоў. Трэці пункт пагадненьня прадугледжваў сумесную ацэнку сытуацыі. Службы бясьпекі Ізраіля, палестынскай аўтаноміі і амэрыканскае ЦРУ спрабуюць высьветліць, хто адказны за ўсплёск гвалту.

Трохбаковыя перамовы ў Парыжы, да якіх учора далучыліся таксама прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і генэральны сакратар ААН Кофі Аннан, праходзілі ў вельмі напружанай атмасфэры. У адзін момант карэспандэнт Reuters прыкмеціў, як Арафат з крыкам “Гэта прыніжэньне! Я не магу на гэта пагадзіцца!” выбягае з рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара. За абураным Арафатам, які ўжо садзіўся ў аўтамабіль, выбегла Мадлен Олбрайт і крыкнула да ахоўнікаў: “Закрыйце браму”. Затрыманы гэткім чынам палестынскі лідэр даў сябе ўгаварыць і вярнуўся да стала перамоваў.

Сустрэча аднавілася яшчэ сёньня раніцай і па запрашэньню прэзыдэнта Егіпту Мубарака, павінна была працягвацца цягам дня ў курорце Шарм-эль-Шэйк. Аднак прэм’ер Ізраіля адмовіўся ехаць у Егіпет, бо, на ягоную думку, Арафат ня хоча падпісаць пагадненьне аб заканчэньні крывапраліцьця. У такой сытуацыі Олбрайт і Арафат самі накіраваліся ў Егіпет і прадставілі сытуацыю прэзыдэнту Мубараку. Асноўнай прычынай краху перамоваў было тое, сказаў адзін ізраільскі прадстаўнік, што Ізраіль адкінуў палестынскую прапанову аб тым, каб сьледзтва ў справе бяспарадкаў правяла міжнародная камісія з удзелам Егіпту і Францыі.

Між тым каля 20-ці мусульманскіх краінаў заклікалі Раду Бясьпекі ААН асудзіць жорсткія крокі Ізраіля супраць палестынцаў як парушэньне міжнароднага права. Тысячы дэманстрантаў сабраліся сёньня ў Тэгеране, каб выказаць сваю падтрымку палестынцам. Натоўп скандаваў лёзунгі “Сьмерць Ізраілю”, “Сьмерць Злучаным Штатам”. Духоўны лідэр Ірану аятола Хамэнэі заклікаў да “джыхаду” (сьвятой вайны) супраць Ізраіля. Іран наагул не прызнае Ізраіля і падтрымоўвае групоўку “Хэзболла”, якая атакуе Ізраіль з тэрыторыі паўднёвага Лівану.

Зараз некаторыя аглядальнікі выказваюць страх, што гэта можа быць аднаўленьне “інтыфады”, узброенага, палестынскага паўстаньня, якое працягвалася з 87-га па 93-ці год. Для Ізраіля, у сьвятле мірнага працэсу, вельмі важна высьветліць, якую ролю адыграў у апошніх падзеях Ясір Арафат, і што гэта азначае для яго ў будучыні.

Паводле выконваючага абавязкі міністра замежных справаў Ізраіля Шломо Бэн-Амі, “найбліжэйшыя дні пакажуць, ці Ясір Арафат кантралюе сытуацыю, ці не”. Калі не кантралюе, дык для Ізраіля і ЗША паўстае пытаньне, ці можна яго далей лічыць аўтарытэтным прадстаўніком палестынцаў.

Камэнтар вядучай ізраільскай газэты Наум Барнэа ўздымае іншае пытаньне: калі сам Арафат ініцыяваў беспарадкі, дык Ізраіль абыходзіцца зь ім занадта мягка, а калі не, дык служба бясьпекі Ізраілю памылілілася і ўвяла ў зман прэм’ера Барака. У кожным разе сёньня пра бурныя сутыкі не паведамляецца.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG