Ужо 100 тысячаў беларускіх настаўнікаў выказаліся супраць сацыяльна-эканамічнае
палітыкі ўладаў у сфэры адукацыі. Сёньня прафсаюзы пачалі канчатковы падлік
галасоў пратэсту, сабраных у настаўніцкім асяродку.
Канчатковая лічба настаўнікаў, якія падтрымалі акцыю пратэсту супраць
зьбядненьня, будзе агучаная пасьля 1 сьнежня. Як паведамілі нашаму радыё
ў прафсаюзе працаўнікоў адукацыі, зараз вядзецца падсумаваньне вынікаў
акцыі рэгіянальнымі структурамі. Гаворыць намесьніца старшыні рэспубліканскага
камітэту гэтага прафсаюзу Алена Морава:
(Морава: ) “Мы зараз лічым па тых дадзеных, якія ў нас ёсьць, недзе
каля 100 тысячаў павінна у нас быць. Нам бы не хацелася з гэтага рабіць
шуму, нам патрэбныя вынікі”.
(Карэспандэнт: ) “У якіх месцах назіралася найбольшае супрацьдзеяньне
збору подпісаў?”
(Морава: ) “Паводле нашых дадзеных, гэта Гарадзенская і Магілеўская
вобласьці. Ну а так дзе-нідзе па школах”.
- зазначыла Алена Морава.
Старшыня настаўніцкага прафсаюзу Гарадзенскае вобласьці Аляксандар Падгайчанка
пацьвердзіў сёньня, што ў шэрагу раёнаў меў месца ціск уладаў на настаўнікаў
з мэтаю спыненьня прафсаюзнае кампаніі. Асабліва нэрвова на пратэст настаўнікаў
адрэагавалі “вэртыкальшчыкі” абласнога цэнтру й двух раёнаў — Мастоўскага
і Ашмянскага.
Аднак, нягледзячы на запалохваньне, сярод мясцовых пэдагогаў аказалася
шмат сьмелых, якія працягвалі падпісвацца пад патрабаваньнямі да ўладаў.
І на сёньняшні дзень, як зазначыў спадар Падгайчанка, колькасьць “падпісантаў”
сьведчыць пра масавы характар настаўніцкага незадавальненьня:
“Больш за 17 тысячаў у нас подпісаў. У Горадні падпісаліся 3 тысячы
настаўнікаў, у Лідзе — 2500. Неадкладных пераменаў у аплаце працы патрабуюць
і амаль столькі ж ваўкавыскіх настаўнікаў. Зьвяртаюць на сябе ўвагу і цяперашнія
настроі настаўніцтва. Падтрымка дзеяньняў прафсаюзаў у параўнаньні зь леташнім
годам больш актыўная”, — паведаміў Аляксандар Падгайчанка.
Настаўнікі Магілеўшчыны таксама мусяць рабіць выбар у атмасфэры пагрозаў
з боку выканаўчых структураў. Як паведаміў сёньня старшыня абласнога камітэту
прафсаюзу адукацыі Сяргей Вінаградаў, і тут 17 тысячаў пэдагогаў ужо зрабілі
гэты выбар на карысьць зьменаў.
“У двух раёнах — Круглым і Касьцюковічах — кіраўніцтва забараніла нашу
акцыю. Улады абгрунтавалі свае дзеяньні тым, што патрабаваньні настаўнікаў
незаконныя, а сама акцыя нібыта палітычная. А вось у Бялынічах прайшлі
сходы настаўнікаў, якія выказаліся за тое, каб зьбіраць подпісы насуперак
ціску. А ў Мсьціслаўі адбылося й наогул неверагоднае. Загадчыца аддзелу
адукацыі скрала подпісы ў старшыні прафсаюзу. Мы выказалі сваё абурэньне
такімі дзеяньнямі. Пасьля гэтага нам паабяцалі, што па Мсьціслаўю прывязуць
подпісы, але пакуль не прывезьлі,” — паведаміў Сяргей Вінагарадаў.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1