Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў нашае праскае студыі госьці зь Беларусі. Галоўны рэдактар гарадзенскае газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч і галоўны рэдактар “Газэты Слонімскай” Віктар Валадашчук. Гутарка пойдзе аб праблемах і пэрспэктывах беларускамоўнага друку і ці мэтазгодна сёньня на Беларусі выдаваць рэгіянальныя беларускамоўныя газэты.

(Мажэйка: ) “Спадар Мікола, выдаваць сёньня ў Беларусі беларускамоўную газэту надзвычай цяжкая, і, на жаль, няўдзячная справа. Што ж надае вам моцы вось ужо на працягу 9 год рабіць гэта?”

(Маркевіч: ) “Па-першае, я хацеў бы аспрэчыць слова “няўдзячная”, гэта зусім не так. Я 9 год раблю газэту, гэта вельмі цікавая справа. А, па-другое, тая зваротная сувязь, якая існуе, паказвае, што нашая праца патрэбная людзям, і гэта надае моцы, надае аптымізму. І больш за тое, апошнім часам я магу сказаць, газэта набывае новае дыханьне. Робіць новыя ўпэўненыя крокі для таго, каб быць яшчэ лепшай, яшчэ больш патрэбнай людзям.”

(Мажэйка: ) “Наклад беларускамоўнай “Нашай Нівы” вагаецца ў межах трох-чатырох тысячаў. “Наша Свабода”, якая раней выходзіла тарашкевіцай і мела наклад 90 тысячаў, сёньня выдаецца збольшага па-руску і наклад яе толькі 10 тысячаў. Тая ж “Пагоня”, хаця яе наклад і расьце апошнім часам, але ж не перавышае 7,5 тысячаў. Наколькі рэальны ўплыў беларускамоўных газэтаў і друку наогул на пабудову грамадзкай думкі і на палітыку ў Беларусі?”

(Валадашчук: ) “Я хачу адразу сказаць, што “Газэта Слонімская” робіцца на беларускай і расейскай мовах. Розьніца йдзе 3 да 1. Гэта робіцца па той прычыне, што хацелі б мы таго ці не, але ж на Беларусі расейскай мове надаецца больш увагі з боку афіцыйных уладаў і наогул мы знаходзіліся пад такім уплывам Расеі, што вымушаныя і пісаць па-расейску. Але ж мы робім гэта такім чынам: падаем матэрыялы на двух мовах побач. Робіцца, так бы мовіць, пэўны лікбез па беларускай мове. Як паказала практыка і нашыя сацыялягічныя дасьледаваньні, што менавіта так і трэба рабіць, пакуль. І яшчэ адна цікавая асаблівасьць - мы больш цікавыя матэрыялы робім па-беларуску.”

(Мажэйка: ) “Як бы адбілася на накладзе “Газэты Слонімскай” такая сытуацыя, калі б газэта цалкам перайшла на беларускую мову?”

(Валадашчук: ) “Я не магу сказаць дакладна, ці зьменшыўся б наклад нашае газэты, ці ён застаўся б на старых пазыцыях. Але тое, што нейкі адток чытача быў бы - гэта несумненна, але не нашмат. Бо газэта на газэтным рынку нашага рэгіёну знаходзіцца ўжо 3 гады і заваявала пэўную колькасьць чытачоў.”

(Мажэйка: ) “Ці правільна я зразумеў, вы выдаеце двухмоўны беларуска-расейскі варыянт сваёй газэты, таму што больш расейскае мовы гучыць з боку ўладаў?”

(Валадашчук: ) “Не толькі таму. Чытач лепш ведае расейскую мову. Калі мы дакладна заваюем неабходную колькасьць людзей, магчыма, мы цалкам пяройдзем на беларускую мову. Цяпер мы ў першую чаргу робім рэклямныя абвесткі па-беларуску.”

(Мажэйка: ) “Спадар Мікола, якой вы бачыце будучыню беларускамоўнага друку і наогул, якія варункі патрэбныя для таго, каб беларускамоўны друк стаў даміноўным у Беларусі? ”

(Маркевіч: ) “Будучыню беларускамоўнага друку ў Беларусі я бачу проста выдатнай. Ня пройдзе і доўгага часу, калі амаль уся беларуская прэса будзе беларускамоўнай. Я тут не бачу вялікае альтэрнатывы. Расейскія клясыкі Ільф і Пятроў некалі сказалі: “Ня трэба змагацца за чысьціню вуліц, трэба браць у рукі мятлу і падмятаць”. Я глыбока перакананы, што калі сёньня большасьць газэт пяройдзе на беларускую мову, ні іхныя наклады, ні іх аўтарытэт, ні іхныя ўплывы, якія сёньня я скажу без перабольшваньня вельмі вялікія, улічваючы аўтарытэт палітычных партыяў – не пацерпяць. Беларускае грамадзтва гатовае прыняць беларускую мову, адзінае, што ў гэтым трэба паказваць добры прыклад. І тыя малыя наклады беларускамоўных газэт трэба аднесьці ў першую чаргу не на тое, што грамадзтва не гатовае ўспрыняць беларускую мову, гэта проста сыгнал да таго, што мы павінны рабіць свой інфармацыйны прадукт лепшым, павышаць ягоную якасьць, ісьці больш рашуча, больш актыўна.”

(Мажэйка: ) “А як лічыць рэдактар “Газэты Слонімскай”?

(Валадашчук : ) “На маю думку, газэты, што перайшлі б на беларускую мову заваявалі б чытача тады, калі б іх прадукт быў бы больш якасным. На высокім узроўні павінна быці паліграфія, дызайн газэт, і, безумоўна, якасьць тэкставога матэрыялу. На жаль цяпер Беларускамоўны друк не адпявадае таму ўзроўню, які патрабуе ад яго чытач. Бо якасьць рускамоўнай газэты “Советская Белоруссия” кідаецці ў вочы. А беларускамоўныя газэты выдаюць, мякка кажучы, шэры прадукт.”

(Маркевіч : ) “Я паспрачаўся б з маім калегам адносна таго, што рускамоўны друк у нас сёньня выключна добры і на яго трэба арыентавацца шэрым і невыразным беларускамоўным выданьням. Сёньня, я лічу, усё самае лепшае ў журналістыцы ствараецца па-беларуску. Гэта тое ж радыё Свабода, гэта тое ж радыё Рацыя, гэта газэта, якую я лічу элітнай газэтай – Наша Ніва, гэта Наша Свабода ў лепшых яе праявах, я думаю, што й Пагоня, калі будзе яшчэ працаваць над сваім зьместам, зойме годнае месца. Я хацеў бы яшчэ раз заклікаць сваіх калегаў ступіць крок наперад, каб было відавочна, што ёсьць воля, бо ўсё астатняе дзеля таго, каб беларускамоўны друк стаў сапраўды беларускім, ужо ёсьць.”

Гутарыў Павал Мажэйка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG