Адукацыйны праект “Беларускі калегіюм” атрымаў дыплём Міністэрства замежных
справаў Польшчы за прасоўваньне польскае культуры ў сьвеце. Сёлета такія
ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі 16 краінаў. Сярод іх упершыню ганараваная
беларуская недзяржаўная інстытуцыя.
Сёньня ў Менск з Варшавы вярнуўся кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь
Анціпенка. Ён адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта Ягора Маёрчыка.
(Карэспандэнт: ) «Я Вас віншую, спадар Анціпенка. За што, за якія праекты
вы атрымалі ўзнагароду?»
(Анціпенка: ) «Дзякуй. Гэты дыплём быў атрыманы дзякуючы нашаму супрацоўніцтву
з Польскім інстытутам у Менску і з польскай амбасадай. На самым пачатку
была канфэрэнцыя, наладжаная Беларускім калегіюмам з нагоды выставы, прысьвечанай
Ежы Гедройцу, што была арганізаваная ў Менску Польскім інстытутам і амбасадай
Польшчы. Па выніках зьявіўся сумесны нумар польскай парыскай «Культуры»
і беларускага часопісу «Фрагмэнты». З таго часу маем сталыя кантакты з
польскімі інтэлектуаламі. Магу назваць выбітных асобаў, якія былі ў нас,
– Кшыштаф Чыжэўскі, Аляксандар Смоляр, прафэсар Стэмпнеўская-Холер, тэатр
Восьмага дня (гэта была першая яго паездка ў Беларусь)».
(Карэспандэнт: ) «Чаму Беларускі калегіюм так моцна арыентуецца менавіта
на польскую культуру і менавіта на польскі досьвед?»
(Анціпенка: ) «Сымбалічнымі былі тыя перамены, якія пачаліся ў Польшчы
ў 70-я гады, і я думаю, што вопыт дэмакратычных пераўтварэньняў у Польшчы
– ён, безумоўна, для нас вельмі важны. Ён вельмі лёгка трансфармуецца ў
беларускай сытуацыі, ён робіць для нас рэальнай надзею на дэмакратычныя
пераўтварэньні і ў нашай краіне. Шмат хто ў Беларусі мае сэнтымэнт да польскай
культуры менавіта праз тыя прарочыя словы, што шмат год назад прамовіў
Ежы Гедройц, засьведчыўшы неабходнасьць Беларусі, Літвы і Ўкраіны як незалежных
краінаў».
(Карэспандэнт: ) «Ці захоўваецца, на Ваш погляд, цікаўнасьць з боку
афіцыйных асобаў ды інтэлектуальных колаў Польшчы да сёньняшняй сытуацыі
ў Беларусі?»
(Анціпенка: ) «Безумоўна, гэта моцная цікавасьць. Што да падставаў гэтай
цікавасьці – яны простыя. Палякі маюць, напэўна, найбольшы досьвед змаганьня
з камуністычным рэжымам. І вось досьвед салідарнасьці, які па-ранейшым
ёсьць актуальным для палякаў, на гэтым досьведзе і грунтуецца цяперашняя
цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі»
Гутарыў
Ягор Маёрчык, Менск
Ягор Маёрчык, Менск