Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньняшьняе плянарнае паседжаньне экспэртаў ад уладаў і апазыцыі ў чарговы раз дало падставу для вялікага сумневу ў шчырасьці намераў урадавага боку.

На пачатку сёньняшняга паседжаньня паўстала красамоўная сытуацыя. Яна мае сваю перадгісторыю. Яшчэ на першым плянарным паседжаньні Юры Хадыка ў прысутнасьці амбасадара Віка перадаў экспэртам ад урадавага боку належным чынам аформлены адмысловы дакумэнт. Такім чынам Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў пісьмова пацьвердзіла паўнамоцтвы спадара Хадыкі на вядзеньне ім ды ягонымі калегамі адпаведных кансультацыяў з уладамі. У Ігара Андрэева, які ўзначальваў экспэртаў ад улады, аніякіх пісьмовых паўнамоцтваў не было. Але ўрадавы бок палічыў гэта толькі тэхнічным момантам і запэўніў, што на наступным паседжаньні адпаведная даведка абавязкова будзе. Аднак і на другі раўнд кансультацыяў урадавы бок зьявіўся бяз хоць якіх-небудзь паўнамоцтваў. Сёньня нарэшце дакумэнт прынесьлі.

На аркушы паперы без усялікіх грыфаў і пячатак Ігар Вялічанскі паведамляе, што ініцыятыўная і ўрадавая рабочая групы ў правядзеньні грамадзка-палітычнага дыялёгу даручаюць паўнамоцтвы кіраўніка экспэртавае групы на кансультацыях з апазыцыяй Пятру Жушме.

У Юрыя Хадыкі ды іншых экспэртаў ад апазыцыі такая папера выклікала поўнае непаразуменьне. Асабліва абурыла іх, што паўнамоцтвы Жушме даюцца ад імя арганізатараў гэтак званага “шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу”.

Між тым, яшчэ з восені ўсе кансультацыі ў супольнай згоде з улікам прапановы КНГ АБСЭ ў Беларусі вядуцца толькі паводле формулы “экспэрты ад палітычнай апазыцыі і экспэрты ад урадавага боку”. Таму каманда Хадыкі, у якую уваходзяць таксама Алесь Бяляцкі, Міхал Пастухоў і Міхал Пліска, настаяла на тым, што сёньняшняя сустрэча можа разглядацца толькі як неафіцыйная.

Затым больш за дзьве гадзіны ўдзельнікі паседжаньня абмяркоўвалі праект рэглямэнту кансультацыяў паміж групамі экспэртаў, што падрыхтавала КНГ АБСЭ ў Беларусі. Прыйсьці да згоды бакі не змаглі. Таму вырашана папрацаваць над прапанаваным дакумэнтам групам экспэртаў паасобку.

У сераду спадары Хадыка й Жушма маюць намер абмяняцца праўкамі, дапаўненьнямі й зьменамі да праекту рэглямэнту, а ў пятніцу хутчэй за ўсё адбудзецца чарговае плянарнае паседжаньне экспэртаў, на якім бакі магчыма знойдуць кампраміс. Але гэта пры ўмове, што 30 траўня на заплянаванай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі гэтак званага “шырокага грамадзкага дыялёгу” на ідэі кансультацыяў, а затым і перамоваў ураду і апазыцыі ня будзе пастаўлены крыж. А такую магчымасьць прадстаўнікі палітычнае апазыцыі не выключаюць.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG