Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь значна скараціліся. Гэта сур’ёзна адаб’ецца на коштах на нафтапрадукты, а таксама на стане беларускае прамысловасьці.

Пастаўкі нафты з Расеі паводле дадзеных на 23 траўня складаюць менш за 700 тысячаў тонаў, у той час як паводле агульнага паліўнага балянсу на гэты момант Расея мусіла была паставіць Беларусі 960 тысячаў тонаў.

Прычынаў для зьніжэньня паставак як мінімум дзьве. Па-першае, хранічная беларуская запазычанасьць за энэрганосьбіты перад Расеяй. Вядома, што кіраўніцтва Беларусі заўсёды імкнецца атрымаць ад Расеі танныя энэрганосьбіты. Але, нягледзячы на нізкія кошты, Беларусь стала мае запазычанасьць з прычыны складанага фінансавага стану прадпрыемстваў, асабліва аграрнага сэктару. Фактычна пастаўкі нафтапрадуктаў аграпрамысловаму комплексу зусім не акупаюцца.

Дарэчы, учора прэм’ер Уладзімер Ярмошын заявіў, што ўрад будзе праводзіць жорсткую палітыку ў галіне разьлікаў за энэрганосьбіты. Ярмошын паабяцаў, што аніякіх адтэрміновак у аплаце запазычанасьці надалей ня будзе. Але ж выключэньнем ізноў-такі стане аграпрамысловы сэктар, запазычанасьць у якім большая, чым у прамысловасьці.

Іншай прычынаю зьніжэньня паставак нафты можа быць значнае – у шэсьць разоў – падвышэньне акцызаў на нафтапрадукты ў Расеі, пра якое расейскі ўрад паведаміў учора. Гэта значыць, што беларускія прадпрыемствы чакае рэзкае скарачэньне паставак давальнае сыравіны. Вырабляць і прадаваць нафтапрадукты стане больш выгадна ў Расеі.

Можна чакаць, што ў выніку скарачэньня паставак і падвышэньня акцызаў у Расеі ў Беларусі таксама значна павялічацца кошты на нафтапрадукты. Дарэчы, толькі ў траўні адбылося два падвышэньні. Аднак гэта, напэўна, яшчэ не апошні за сэзон рост коштаў на бэнзын.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG